З 9 да 16 верасня ў Брэсце ў 26-ты раз адбываецца міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа».
Reform.by выкарыстаў гэту падзею як нагоду паразважаць пра агульны стан тэатральнага мастацтва ў Беларусі і звярнуўся да тэатральнага крытыка, які пагадзіўся даць iнтэрв’ю на ўмовах ананімнасці з прычыны бяспекі.
– Якімі словамі можна ахарактарызаваць стан нашага тэатра?
– Гэты стан падобны да надыходу пенсійнага ўзросту: а раптам не звольняць? А раптам без мяне не абыдуцца? Вядома, маюцца і выключэнні: мастацкія праявы высокага кшталту – і яны нават запатрабаваныя гледачом.
Таксама назіраю, як частка тэатраў спрабуе сёння пераарыентавацца на класічную рускую культуру. Аднак імкліва менее нішаў, у якія б магла б упісацца сучасная руская (не рускамоўная) п’еса, скажам, з Любімаўкі, бо яна моцна аддалілася ад таго, што цікавіць сярэднестатыстычную беларускую публіку.
Час змяніўся.
Напрыклад, Нацыянальны тэатр імя Горкага прапануе «Крэйцараву санату» паводле Льва Талстога з дыхтоўнай работай артыста Аляксандра Палазкова ў галоўнай ролі, з адметнай партнёркай Вікторыяй Кавальчык. У спектаклі разважаюць пра здраду ў сям’і, пра нявыхаваныя пачуцці. Але ж у сённяшняй беларускай сям’і, так бы мовіць, інакшы кшталт здрады, іншыя матывы для раскідання.
– Ці хапае вартых сучасных п’ес?
– Хапае. Аднак яны рызыкуюць не прайсці цэнзуру пэўных інстытуцый, якім тэатр, перш чым ставіць спектакль, павінен дасылаць п’есу, нават класічную.
Там, дзе працуюць з добрымі аўтарамі і цвяроза ацэньваюць свае магчымасці, дзе ёсць разуменне і жаданне – можна выказацца. Аднак ведаю і пра спектаклі, якія не зазналі прэм’ер, і пра драматургаў, якія адмаўлялі тэатру «у сувязі са зменай абставін».
Чаму большасць нашых тэатраў у стане перадпенсійнага чакання? Таму што чалавек, які вызначае мастацкае аблічча такога тэатра, не мае мэты і яснага разумення, што хоча і можа зрабіць.
– Што можа быць сёння мэтай для тэатра?
– Возьмем як прыклад Украіну. Ідзе вайна – і нацыянальны тэатр прафесійна дбае пра сваё.
Ладзяцца чытанні сучасных украінскіх п’ес. Прапануюцца эскізы (пакуль не пастаноўкі) паводле сучасных украінскіх п’ес, у якіх вядзецца размова пра вайну і ператварэнне чалавека на гэтай вайне: тэатр намагаецца асэнсаваць, што адбываецца тут і цяпер.
Прыкладам, тэатр «На левым беразе Дняпра» Стаса Жыркова (Кіеў), дзе рэжысёр Тамара Трунова паводле падзей 2014 года стварыла выбітны спектакль «Паганыя дарогі», працягвае сваю лінію (вывучэння і паразумення з чалавекам) і не толькі ва Украіне, але і на гастролях у Літве і Польшчы. Кіеву, Львову, Адэсе рупяць прэм’еры і запатрабаваная афіша. Вядомыя выпадкі спектакляў для дзяцей у бомбасховішчах.
Лепшыя праявы ўкраінскай тэатральнай сцэны сумленна ўпісаны ў сучаснае грамадскае жыццё. Гэта вельмі сур’ёзная праца, і робяць яны яе выдатна, не пазбягаючы складаных тэм.
Мэта – сённяшні стан чалавека (грамадзяніна, жаўнера, знявечанага, здрадніка). Адначасова – у тым ліку і праз нацыянальную класіку – людзям можна аддыхацца, засяродзіцца на зменах, нават крыху разняволіцца,
– Магчыма, праблема беларускага тэатра ў тым, што варта перастаць адчуваць сябе аскепкам чужой культуры?..
– Мы вельмі доўга і даволі грунтоўна абслугоўвалі рускую культуру і пры гэтым вельмі марудна, пакрысе, з боем адваёўвалі тэрыторыю для сваёй.
І на правінцыйнасць мы хварэем вельмі даўно.
Адзін з тых, хто вылузваўся, выдзіраўся з правінцыі, быў Валерый Раеўскі, які цягам 35 гадоў (з 1967 года) быў галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком тэатра імя Янкі Купалы. Ён браў нацыянальную драматургію, часам не самую дасканалую (і самую недасканалую) і рабіў з яе сцэнічныя шэдэўры.
Мікола Трухан, кіраўнік тэатра «Дзе-Я?», шукаў тутэйшую адметнасць, уздымаючы спектаклі да ўзроўню філасофскага асэнсавання свету. Дужа плённа працавалі Віталь Баркоўскі ў Віцебску, Валерый Маслюк у Магілёве, Генадзь Мушперт у Гродне; сучасны беларускі тэатр вызначаюць асобы Жугжды, Ляляўскага, Казакова, Клімчука, Янушкевіча, Дзівакова, Карняга, Аверкавай, Савіцкага, Гарцуева (гаворка пра рэжысёраў тэатраў лялек і драмы). Праявы нацыянальнай драматургічнай думкі яны не аднойчы ператваралі ў адметныя сцэнічныя набыткі.
– Падставай для нашай гутаркі стаў фестываль у Брэсце. Што ён дае – гораду і свету?
– Сабраць фестываль няпроста. «Белая вежа» была запатрабавана ў горадзе. Калісьці гэтым фестывалем кіраваў Аляксандр Козак, запрашаючы шмат шыкоўных (у тым ліку і замежных) спектакляў. Што цяпер? Ну… па-першае, усё надрукавана ў афішы, па-другое, каб адказаць дакладна, трэба паглядзець кожны спектакль. Але ж пры канцы праграмы мы бачым зорныя «Пачупкі» Карняга і Аверкавай (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі).
– Для горада важны такі фестываль?
– Ён і раней быў цікавы – што для спецыялістаў, што для гараджан – сваёй разнастайнасцю прапаноў: ты мог паглядзець бліскучыя спектаклі з розных краін.
Чаму цяпер прафесійны тэатр лічыцца выключна гарадской з’явай? Бо ўтрымаць яго дужа дорага. Патрабуецца процьма механізмаў і адмыслоўцаў. Наўзамен кожны горад вымагае свайго. Напрыклад, калі ты жывеш у Брэсце, хочаш ці не, але абавязкова прыцягнеш на сцэну сюжэт пра Брэсцкую крэпасць. У выніку можа з’явіцца шараговы аповед пра подзвіг, а можа «У спісах не значыўся» паводле Барыса Васільева. Сюжэты, звязаныя з горадам, каштоўныя: гэта і мясцовы каларыт, і вывучэнне лакальнай гісторыі, калі можна ў мастацкіх вобразах распавесці пра мінуўшчыну канкрэтнага месца і канкрэтных людзей (Брэст, дарэчы, мае файны досвед тэатральнай вандроўкі па былых мясцінах гарадскога гета).
Вяртаючыся да фестывалю… Цяпер варта ладзіць драматургічныя і рэжысёрскія лабараторыі, што, дарэчы, робяць палякі, літоўцы і украінцы. Лабараторыя – гэта адкрыты фармат, які дазваляе зафіксаваць і асэнсаваць стан, думкі, пераўтварэнні сучасніка. Сёння гэта важней, чым проста ацэньваць пастаўленыя спектаклі.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: