Кінафестывалю «Паўночнае ззянне» неабходна падтрымка гледачоў

Восьмая эдыцыя фэсту кіно Паўночных і Балтыйскіх краін пройдзе сёлета ў анлайн і афлайн-фармаце з 20 па 30 лістапада.

«Паўночнае ззянне-2022 будзе бясплатным!», — паведамляе каманда кінафоруму на чале з прадзюсаркай і рэжысёркай Воляй Чайкоўскай.

Аднак, каб гэта сталася магчымым, фестывалю гэтым разам патрэбна падтрымка гледачоў.

Нагадаем, што за гісторыю свайго існавання кінафэст не прапусціў аніводнага года і працягвае дзейнічаць у фармаце міжнароднага агляду: з куратарскай праграмай, рэтраспектывамі, уласным маніфестам, дыскусіямі і guest stars. Гэтаксама з 2020 года «Ззянне» ладзіць Беларускі конкурс, у межах якога дэманструецца беларускае кіно. Сёлета нацыянальны блок абяцае быць найбольш прадстаўнічым.

Акурат сёння каманда агляду паведаміла аб заканчэнні прыёму заявак на конкурс беларускага кіно, пахваліўшыся вялікай колькасцю дасланых прац. За жнівень фэст атрымаў 38 фільмаў, сярод якіх 20 дакументальных і 18 мастацкіх.

«Гэта неймаверая лічба! Нават у наш няпросты час кіно ствараецца, з’яўляюцца новыя імёны і новыя кінавыказванні. Дзякуй, шаноўныя фільммэйкеры, за вашы цудоўныя стужкі!», — адзначылі арганізатары.

Каб, у тым ліку, запрасіць «крутое міжнароднае журы глядзець Беларускі конкурс», «Паўночная ззянне» звяртаецца з просьбай аб падтрымцы.

«Сёлета на фестывалі не будзе класічных квіткоў за прагляд фільмаў. Глядзець кіно «Паўночнага ззяння» можна будзе бясплатна, па рэгістрацыі», — адзначае каманда.

На сайце з’явілася опцыя падтрымаць фестываль — адзін раз ці шматразова. Ды гэтаксама прапанавана і штомесячная падтрымка міжнароднага форуму з магчымасцю ў любы момант адключыць гэту функцыю.

Нагадаем, што «Паўночнае ззянне-2022» прысвечана тэме дома. Яго слоган — «Як дома».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!