Восьмай эдыцыі культавага кінафестывалю беларускіх фільмаў BULBAMOVIE быць. Каманда фэсту на чале прадзюсарам, рэжысёрам і кінападзвіжнікам беларускага кіно, дырэктарам форуму Янушам Гаўрылюком чакае заяўкі на конкурс ад беларускіх кінематаграфістаў.
Мінулым годам унікальны «партызан»-фэст «выйшаў з лесу», каб падтрымаць беларускіх аўтараў, што былі выцеснены з кінаіндустрыі і краіны. У сёлетніх варунках вайны ва Украіне «Бульбамуві» намагаецца захаваць пазіцыі беларускага кіно.
Ці змяніўся кантэкст для фестывалю? — пра гэта ў кароткім інтэрв’ю Reform.by пагутарыў з сузаснавальнікам і кіраўніком форуму Янушам Гаўрылюком.
— Януш, ці не падаецца вам, што для беларускіх аўтараў гэты год быў менш прадуктыўны, чым мінулы? Вайна ва Украіне паставіла пад пытанне супрацоўніцтва з нешматлікімі незалежнымі беларускімі рэжысёрамі, індустрыя «завісла».
— Шчыра кажучы, мне гэта на дадзеным этапе не вядома. Мяркую, што аўтары зараз заканчваюць фільмы, у якіх асэнсоўваюцца падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе. У сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны і з тэрыторыі Беларусі на пачатку ўзнікла пагроза паказаў беларускіх фільмаў у Еўропе (наш фэст адбываецца ў Польшчы), але цяпер прынамсі ў нас няма такой праблемы. Большай праблемай ёсць тое, што я спадзяваўся на пару новых фільмаў, але іх мастацкі ўзровень не такі, як сабе ўяўляў, альбо я не магу ўбачаныя карціны паказаць па розных прычынах.
— Ці змяніўся, на вашу думку, кантэкст для «Бульбамуві»?
— Год таму мы аднавіліся на хвалі беларускай рэвалюцыі, а дзе мы знаходзімся цяпер, калі з Беларусі з’ехала большасць аўтараў і Беларусь шмат хто лічыць ціхім агрэсарам у вайне, — цяжка сказаць. Мяркую, што калі сёлетні фестываль пройдзе не горш чым мінулы, тады перад намі вялікая будучыня і магчымасці. Бо мы цяпер рэальна адныя на фестывальнай беларускай сцэне.
— Ці верыце, што атрымаецца сабраць годную праграму?
— Так, спадзяюся на гэта. На дадзены момант — гэта галоўнае для нашага лістападаўскага фэсту. Год таму ніхто не спадзяваўся, што прыйдуць нейкія карціны, а нечакана было вельмі цікава. Таму запрашаю аўтараў ігравых і дакументальных стужак дасылаць нам свае заяўкі.
— Год таму вы пазіцыянавалі сябе як фэст-«партызан», які «выйшаў з лесу», каб падтрымаць беларускае кіно. Што адбываецца з «Бульбамуві» зараз? Якая місія ў выніку выкрышталізоўваецца?
— Складана так адразу сказаць… Зараз мы хіба шукаем пазіцыю ў горадзе, пакуль навокал страляюць.
Калі будзем жыць у наступным годзе — ужо пойдзем у атаку.
Нагадаем, што першая эдыцыя «BULBAMOVIE» адбылася ў 2011 годзе. Пасля хвалі беларускіх пратэстаў у 2010-м польская супольнасць вырашыла падтрымаць сучасны беларускі незалежны кінематограф, які ў тыя часы толькі фарміраваўся. Фестываль распачаў сваю працу і рух у Варшаве, потым працягнуў дзейнасць у Мінску. Калі на мінскім Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» з’явіўся Нацыянальны конкурс, «Бульбамуві» аб’явіў аб сваёй «дэмабілізацыі». «Мэта была дасягнутая», — адзначаў тады Януш Гаўрылюк.
Рэпрэсіі ўладаў у дачыненні да дзеячаў беларускай культуры, што распачаліся ў 2020 годзе і працягваюцца да гэтай пары, прымусілі «Бульбамуві» ў 2021 годзе зноў «выйсці з лесу». Летась фестываль «заняў у Варшаве сталічны кінатэатр Iluzjon», каб дэманстраваць свету беларускія фільмы. Сёлета форум у складаных варунках вайны ва Украіне намагаецца трымаць пазіцыі беларускага кіно.
Месцам правядзення «Бульбамуві-2022» застаецца кінатэатр Iluzjon, праект з 60-гадовай гісторыяй.
Заяўкі на конкурс беларускіх фільмаў фестывалю прымаюцца тут да 23 верасня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: