Сетка «Мегатоп» выпусціла калекцыю абутку з цытатамі Караткевіча

Культура
Уладзімір Караткевіч. Фота: p-shkola.by.

Беларуская сетка магазінаў абутку «Мегатоп» выпусціла капсульную калекцыю, прысвечаную Уладзіміру Караткевічу. Назву напісалі беларускай лацінкай KARATKIEVIČ, а на сайце разгарнулі азнаямленчую кампанію: 6 артыкулаў, 6 відэа і кароткая біяграфія нашага пісьменніка, публіцыста, паэта, перакладчыка, драматурга і сцэнарыста.

«Стаў першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва», — паведамляе кампанія і выбірае для сваёй калекцыі два лепшыя творы гэтага жанру.

Першая мадэль — «Стах» — прысвечана аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», другая — «Альшанскі» — гістарычнаму дэтэктыву «Чорны замак Альшанскі», трэцяя — «Загорскі» — названа ў гонар галоўнага героя рамана «Каласы пад сярпом тваім». На абутку змешчаны графічныя сімвалы твора, на вусцілцы графічная выява, акрамя мадэлі «Стах», вырашанай больш лаканічна, на красоўках напісаны яркія цытаты з твораў.

«Мова і наша гісторыя — база, на якой будуюцца амаль усе творы аўтара. Караткевіча называюць стваральнікам беларускага гістарычнага рамана. Яго тэксты апісваюць не толькі асобных людзей, але і цэлыя эпохі. У сваіх творах Караткевіч паказвае: беларускі народ, нягледзячы на гістарычныя пакуты і шматлікія выпрабаванні, застаўся народам вялікай душы і светлага розуму, не страціў свайго аблічча», — такімі словамі «Мегатоп» суправаджае прэзентацыю калекцыі, а галоўнымі мэтамі вызначае папулярызацыю чытання па-беларуску.

Красоўкі каштуюць 135 і 149 рублёў (ці 115.56 па сакрэтным кодзе). Калекцыя створана ў супрацоўніцтве з X-Plode — кітайскім брэндам абутку сярэдняга цэнавага сегменту для актыўнага ладу жыцця. Абутак зроблены ў Ганконгу. Мадэлі ўвайшлі ў асенне-зімнюю калекцыю «Мегатопа». Памеры — ад 40-га да 45-га.

Да слова, брэнды, прысвечаныя нацыянальным героям і гістарычнай спадчыне, распрацоўвае і Мінскі гадзіннікавы завод «Луч». На сайце прапануюць калекцыі, прысвечаныя беларускай мужнасці з элементамі рыцарскіх даспехаў («Волат»), паэту Пімену Панчанку і першаму кіраўніку купалаўскага тэатра Фларыяну Ждановічу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: