Напярэдадні дня Незалежнасці ў Нацыянальным музеі гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне адкрылі выставу «Радзіма-маці. Перавызначэнне».
Выстава прысвечана трансфармацыі вобраза манумента ў свядомасці і ўспрыманні ўкраінскага грамадства – ад савецкага помніка да сімвала супраціву расійскай агрэсіі.
Экспазіцыя атрымалася нестандартная і немузейная: сабралі работы інтэрнэт-карыстальнікаў – мемы, малюнкі, калажы, натхнёныя вобразам помніка, і спраектавалі іх на сцены брамы XVIII стагоддзя Пячэрскай крэпасці.
Афіцыйным саўндтрэкам праекта стала песня «Меч» гурта Sera Sheer на словы Аляксандры Шчарбаковай, дапоўненая кліпам Антона Бірукова ў стылі анімэ, які распавядае аб барацьбе манумента «Радзіма-маці» з расійскім монстрам.
Аўтар ідэі і куратар выставы – дырэктар музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне Юрый Саўчук, дызайнер праекта Антон Логаў.
Кіеўская «Радзіма-маці» – самая высокая металічная скульптура Еўропы: 108 метраў, яна вышэй за статую Свабоды ў Нью-Ёрку і заўважная з многіх кропак горада. Адкрылі яе ў 1981 годзе ў гонар перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у руках жанчына трымае меч і шчыт з самым вялікім гербам СССР.
Аднак для ўкраінцаў гэта статуя – даўно не савецкі манумент. Пяць гадоў таму падчас «Еўрабачання» скульптуру «апранулі» ў 14 украінскіх светлавых касцюмаў. З нагоды нацыянальных свят яе падсвечваюць колерамі сцяга, а ў траўні 2015-га – у гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны – на галаву постаці надзелі вянок з макаў.
Месяц таму падчас галасавання ў Кіеве 85 адсоткаў гараджан (каля 800 тысяч), што прынялі ўдзел у апытанні, пагадзіліся з заменай савецкага герба на ўкраінскі трызуб.
Такім чынам, уварванне Расіі ва Украіну вырашыла шматгадовае і супярэчлівае пытанне.
Закон пра дэкамунізацыю быў прыняты Вярхоўнай Радай у 2015 годзе, паводле яго савецкі герб – сімвал таталітарнага рэжыму, што забіў дзясяткі мільёнаў людзей. З таго часу дэмантавалі больш за дзве тысячы помнікаў.
Былы генеральны дырэктар мемарыяльнага комплексу Іван Кавальчук хацеў захаваць нацыянальны помнік без змен, ён нават унёс мемарыяльны комплекс у рэестр аб’ектаў культурнай спадчыны, што знаходзіцца пад аховай дзяржавы, праўда, толькі мясцовага значэння.
Новы дырэктар Юрый Саўчук пачаў сваю працу ў канцы 2021 года з азнаямлення з бясконцай перапіскай пра магчымы дэмантаж помніка. У законе пра дэкамунізацыю манумент падпадае і пад правіла, і пад выключэнне з яго: «Ліквідаваць вызначаныя законам сімвалы, акрамя помнікаў і памятных знакаў, звязаных з супраціўленнем і выгнаннем нацысцкіх акупантаў з Украіны ці развіццём украінскай навукі і культуры».
Цяпер пытанне вырашанае, аднак замену сімволікі трэба чакаць не раней за пачатак наступнага года, бо трэба абследаваць стан канструкцый, зразумець, як будзе выглядаць трызуб, і зацвердзіць план дзеянняў па дэмантажы.
Будынак Нацыянальнага музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне размешчаны ў пастаменце скульптуры «Радзіма-маці». Акрамя абнаўлення помніка, распрацоўваецца і новая канцэпцыя ўстановы. Бліжэйшым часам распачнуцца дыскусіі экспертаў, чым і як напаўняць музей. Абмяркоўваюцца розныя варыянты: гэта можа быць нейкі музей войнаў ці музей, прысвечаны барацьбе за незалежнасць… Аднак супрацоўнікі ўстановы даўно робяць акцэнт на Украіне і ўкраінцах у падзеях Другой сусветнай вайны. Сваю цяперашнюю назву музей атрымаў толькі ў 2015 годзе, раней гэта быў Нацыянальны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram