Грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага: дзесяць фактаў пра Адама Мальдзіса

Не толькі бібліятэка, але і навуковыя ўстановы, плошчы і вуліцы маглі быць названыя імем гэтага чалавека.

Сёння, у гонар 90-годдзя з дня нараджэння, Reform.by згадвае Адама Мальдзіса (1932–2022) – знакамітага літаратуразнаўцу і гісторыка, культуролага, пісьменніка і публіцыста, пачынальніка разнастайных культурніцкіх ініцыятыў.

Ён быў энцыклапедыстам і сапраўдным чалавекам-акадэміяй, хоць навуковую ўстанову, якой кіраваў шмат гадоў, у яго забралі і беларускім акадэмікам не прызналі. У яго лёсе – як у разбітым люстэрку – увасобіўся сённяшні стан дзяржавы.

Усё міне, а Мальдзіс як быў канстантай, так ёй заўжды і застанецца – як вартасны чалавек, сапраўдны грамадзянін Беларусі / Вялікага Княства і адказны навуковец.

На аўдыенцыі з Папам Янам Паўлам ІІ. Фота: Фэйсбук «Ініцыятыўнай групы па кананізацыі Францыска/Фрацішка Скарыны».

Факт першы – перафарматаваў беларускую культуру, ліквідаваўшы ў ёй мноства «белых плям»

У школе Адам марыў стаць журналістам і пісаў вершы, таму паступіў на журфак БДУ. Аднак падчас вучобы адчуў схільнасць да даследчыцкай працы. Яго дысертацыя ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук была прысвечана беларуска-польскім літаратурным сувязям ХІХ стагоддзя.

Свае адкрыцці навуковец лічыў важным папулярызаваць, таму ў 1969 годзе выдаў кнігу «Падарожжа ў ХІХ стагоддзе», якая адразу стала рарытэтам. У ёй аўтар жывой і захапляльнай мовай распавёў пра тагачасных пісьменнікаў, кампазітараў, падарожнікаў і дзеячаў вызвольнага руху.

Фота: Reform.by.

Сярод двух дзясяткаў сваіх кніг гэтую ён цаніў асабліва, хоць некаторыя факты пасля давялося перагледзець. Напрыклад, мусіў разбурыць прыгожы міф пра Паўлюка Багрыма – трагічную гісторыю сялянскага паэта першай паловы ХІХ стагоддзя, ад якога застаўся толькі адзін верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы».

Аказваецца, сям’я Багрымаў насамрэч жыла зусім нябедна, а пасля, дзякуючы выгаднаму шлюбу Паўлюка, нават багата. Бацька яго не быў «кіямі забіты», а самога хлопца не здавалі ў рэкруты на 25 гадоў, як апісана ў нібыта аўтабіяграфічных радках…

Адам Мальдзіс шмат працаваў у архівах розных краін, дзе знаходзіў унікальныя дакументы. Дзякуючы яму мы, напрыклад, ведаем, што ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя апошні канцлер ВКЛ Іахім Храптовіч пісаў вершы па-беларуску. Даследчык адшукаў яго верш «Всем многі век в новой хаці», напісаны на тагачаснай гутарковай мове.

Факт другі – вярнуў нам ноты

Адам Мальдзіс даказаў, што Міхал Клеафас Агінскі свой знакаміты паланэз «Развітанне з Радзімай» напісаў не ў Польшчы, як лічылася раней, а ў беларускім Залессі.

Калі я вышэй напісала, што Мальдзіс шмат у чым «перафарматаваў нашу культуру», то гэта яно: без яго адкрыцця Залессе не стала б месцам сілы, а Паланэз Агінскага – тым, чым ён ёсць для нас сёння: гімнам надзеі і любові, той любові, ад якой сціскаюцца кулакі.

Харэаграфічны спектакль ансамбля «Харошкі». Праграма «Полацкі сшытак». Фота: khoroshki.by.

Яшчэ маладым аспіратам Адам Мальдзіс знайшоў у Ягелонскай бібліятэцы рукапісны сшытак ­– нотны зборнік з амаль двума сотнямі твораў з беларускіх зямель XVII стагоддзя, які атрымаў умоўную назву «Полацкі сшытак». Сёння без гэтых мелодый ужо немагчыма ўявіць хоць які канцэрт старадаўняй беларускай музыкі.

Факт трэці – стварыў моцны навуковы цэнтр

У Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Адам Мальдзіс працаваў амаль 30 год, 10 з іх загадваў аддзелам дакастрычніцкай літаратуры.

У 1991 годзе ён стаў дырэктарам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны, пра які даўно марыў. Гіс­то­рыя бе­ла­рус­кай ку­ль­ту­ры даследавалася тут у цеснай сувязі з этнаграфіяй, фалькларыстыкай, мовазнаўствам, тэксталогіяй і краязнаўствам.

У цэнтры распрацоўвалася беларуская тэрміналогія, ствараўся інфармацыйны банк у галіне адукацыі, навукі, культуры… Тут займаліся вяр­тан­нем страчаных каш­тоў­нас­цей.

Лагатып навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны.

Быў заснаваны часопіс «Кантакты і дыялогі», створана ўнікальная бібліятэка, выдадзены шасцітомны энцыклапедычны даведнік «Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах» (2000), які ўтрымліваў некалькі тысяч персаналій. З сабраных з дапамогай беларусаў з усяго свету артэфактаў і дакументаў у 1993 годзе быў зладжаны музей «Беларусь у свеце».

Таксама працавала Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, што аб’ядноўвала вучоных з усяго свету.

Факт чацвёрты – даказаў, чаму Скарына быў Францыскам

«Дакументы сведчаць, – расказваў Адам Мальдзіс у адным з інтэрв’ю, ­– што з канца XV стагоддзя ў Полацку існаваў каталіцкі Бернардынскі ордэн, які вёў там актыўную прапаведніцкую дзейнасць, меў права хрысціць людзей. Дарэчы, падмуркі бернардынскага касцёла ў Полацку адшуканыя. Дзейнасць полацкіх бернардынцаў набыла такі размах, што яшчэ ў 1501 годзе ёю быў занепакоены маскоўскі цар Іван ІІІ. І вось, як мяркуе гісторык ордэна Кантак, полацкія бернардынцы ахрысцілі мноства палачанаў, у тым ліку і сям’ю Францішка Скарыны…

Францыск Скарына 1517 год. Гравюра. Фота: belarus.by.

Да 1498 года сям’я Скарыны была праваслаўнай, значыць, і імя яго было іншым, магчыма, што і Георгій. Але гэта не мае вялікага значэння з той прычыны, што за ім заставаліся і старое імя, і новае імя, Бернардынскі ордэн гэта дазваляў. Думаецца, невыпадкова Скарына займеў імя Францішка, бо адным з апекуноў ордэна быў святы Францішак».

Факт пяты – пакінуў нам праўдзівы вобраз жыхара Беларусі XVІІІ стагоддзя

У кнізе «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: нарысы быту і звычаяў» (другое выданне выйшла пад назвай «Як жылі нашы продкі ў XVIIІ стагоддзі») Адам Мальдзіс праз успаміны і дзённікі (дыярыушы) тагачасных людзей расказаў пра жыццё магнацтва, шляхты, мяшчанства і сялянства.

Кніга «Як жылі нашы продкі ў ХVІІІ стагоддзі». 2001. Фота: Reform.by.

Ва ўступе да кнігі ён патлумачыў, што гістарычныя дакументы дазваляюць нам узнавіць касцяк далёкага мінулага. Аднак гэты касцяк – без плоці, без крыві, без румянцаў жыцця… А вось у дакументальнай прозе, у творах мемарыяльнай літаратуры можна ўбачыць жывыя вобразы, люстэрка, дзе б спалучалася аб’ектыўная гістарычнасць і суб’ектыўнасць мастацкага твора.

Факт шосты – зафіксаваў Беларусь як месца перасячэння культур

Адам Мальдзіс нарадзіўся у вёсцы Расолы Астравецкага раёна Беларусі ў 1932 годзе. У гэтай мясціне на граніцы Беларусі і Літвы закансерваваўся ўнікальны свет, бо ў асобных вёсках яшчэ гучала літоўская мова, але ў хаце Адама гучалі адначасова дзве мовы – дзед з бабуляй размаўлялі па-літоўску, а бацькі – як і сам Адам – па-беларуску. Маці іншай мовы і не ведала.

Адама Мальдзіса называлі «грамадзянінам ВКЛ» не толькі па гэтай прычыне: ён шмат часу прысвяціў вывучэнню культурных узаемаўплываў: беларуска-польскіх у сваёй дысертацыі і кнігах, напрыклад, вывучаў традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Сумесна з літоўскай даследчыцай Алмай Лапінскене выдаў кнігу «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988) на тэму літаратурнага ўзаемадзеяння двух народаў.

З жонкай Марыяй, 1950-я.

Факт сёмы – даследаваў і абараняў скарбы малой радзімы

Больш за ўсё мяне ўражвае, што ён абараніў старажытныя дубы, а ў нас ужо не атрымліваецца нічога абараніць ­– ні дрэвы, ні што іншае…

У 2017 годзе Адам Мальдзіс заступіўся за астравецкія дубы, якія  прадстаўнікі мясцовых уладаў хацелі ссекчы для будаўніцтва новага мікрараёна. Даследчык расказаў журналістам, што «ў Астраўцы быў маёнтак віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштаўта — аднаго з арганізатараў і “распрацоўшчыкаў” выдання Статуту ВКЛ. Неаднаразова туды ездзілі віленскія арыстакраты, і нават кароль, і – я ўпэўнены – і наш першадрукар Скарына, бо з 1526 па 1530 гады ён служыў у віленскага біскупа Яна. А біскуп быў сын польскага караля. І дарога ад Вільні да Астраўца мела назву «каралеўскай», а ў гістарычных дакументах яе называюць «вялікай» – бо на ёй быў вялікі рух. Яна была абсаджаная менавіта дубамі – дуб быў сімвалам каралеўскай улады».

Урэшце, Мальдзіс аб’явіў, што адмовіцца ад звання «Ганаровы грамадзянін Астраўца», калі ссякуць дрэвы. У выніку ў Інстытуце батанікі Акадэміі навук Беларусі дубы ўзялі пад навуковы кантроль.

Гэта толькі частка кніг, напісаных Адамам Мальдзісам. Калаж: Reform.by.

Адам Мальдзіс займаўся гісторыяй родных мясцін, адкрыў імёны невядомых раней ураджэнцаў Астравеччыны – паэта і святара Казіміра Сваяка, мастакоў Мар’яна Богуша-Шышкі і  Льва Дабжыньскага, падарожніка, дыпламата, перакладчыка Іосіфа Гашкевіча. Напісаў краязнаўчы нарыс «Астравеччына, край дарагі…» (1977), а таксама мастацкі твор – гістарычную аповесць (інспіраваную Уладзімірам Караткевічам, з якім сябраваў) «Восень пасярод вясны» (1984). У ёй на аснове мясцовай легенды звёў разам у Анеліне на Астравеччыне Кастуся КаліноўскагаУладзіслава Сыракомлю, актрысу Галену Маеўскую-Кіркор і іншых герояў, што ў рэальнасці ніяк не маглі б тут сабрацца разам.

Шарж на Адама Мальдзіса аўтарства Уладзіміра Караткевіча. З «Кнігі ўліку выпітага». Фота: facebook.com/A.Maldzis.

Факт восьмы – займаўся фіксацыяй і вяртаннем вывезеных каштоўнасцей

У 1974 годзе Адам Мальдзіс расказаў, адкуль і пры якіх абставінах знікла галоўная беларуская святыня – Крыж Еўфрасінні Полацкай. Пошукам крыжа навуковец займаўся шмат дзесяцігоддзяў і лічыў, што важна ставіць пытанне пра тое, каб у Беларусь вярнулі ўсё тое, што было вывезена на пачатку Другой сусветнай вайны з Магілёва.

Таксама ён падлічыў, што за час свайго існавання Слуцкая фабрыка выпусціла каля 5 тысяч паясоў, аднак у Беларусі захоўваецца (на той момант) толькі каля пяці арыгінальных артэфактаў, адзін з якіх ён сам прывёз з Лондана.

На радзіме, па дарозе да крыжа Анеліна. 2013. Фота: facebook.com/A.Maldzis.

У 1987 годзе Мальдзіс стварыў і ўзначаліў камісію «Вяртанне» ў Беларускім фондзе культуры, якая вяла ўлік, шукала і спрабавала вярнуць у Беларусь нашы культурныя скарбы. На жаль, юрыдычна гэта ўсё вельмі няпроста.

Ён адкрыў таямніцы знікнення многіх рэліквій нашай зямлі: рукапісаў, абразоў, карцін, старажытных бібліятэк, партрэтаў, гравюр, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па яго падліках, каля 90 працэнтаў беларускага нацыянальнага скарбу раскідана па розных кутках свету: ад ЗША да Кітая і Японіі. З яго дапамогай складзена падрабязная картатэка, дзе распісана, што і ў якіх краінах знаходзіцца нашы каштоўнасці.

Факт дзявяты – выратаваў архіў Ларысы Геніюш

Пра тое, як Адам Мальдзіс выратаваў архіў Ларысы Геніюш, расказаў літаратар і журналіст Міхась Скобла. «За савецкім часам у Саюзе пісьменнікаў дзейнічала цвёрдае правіла: пасля смерці літаратара стваралася адмысловая камісія па ягонай творчай спадчыне. Сябры тае камісіі пераглядалі архіў калегі, рыхтавалі да публікацыі нявыдадзеныя творы. Пасля смерці Ларысы Геніюш, якая хоць і не ўваходзіла ў пісьменніцкі саюз, але сябравала з ягоным старшынём Максімам Танкам, камісію па спадчыне стварыць не паспелі.

З Ларысай Геніюш. 1968. Фота: tavarystva.by.

Пахавалі паэтку 9 красавіка 1983 года, а ўжо 11 красавіка ў апусцелай хаце Геніюшаў быў учынены – сіламі мясцовых уладаў – ператрус. Пратэсты Юркі Геніюша, які яшчэ не паспеў апрытомнець пасля смерці маці, не спынілі старшыні пасялковага савета і яго памагатых, якіх прыслалі “даследаваць” архіў паэткі, каб знойдзеную там (абавязкова!) антысавеччыну тэрмінова даставіць куды трэба.

Юрка Геніюш у роспачы патэлефанаваў у Менск Адаму Мальдзісу – на той час супрацоўніку Інстытута літаратуры Акадэміі навук. Той звязаўся з Алесем Адамовічам, які сябраваў з сакратаром ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандрам Кузьміным. Заручыўшыся яго падтрымкай, Адамовіч з Мальдзісам імгненна арганізавалі выратавальную экспедыцыю ў Зэльву, дзе Адаму Восіпавічу давялося літаральна адваёўваць рукапісы паэткі ў местачковых “геніюшазнаўцаў”. Тыя не спяшаліся пакідаць захопленую хату, тэлефанавалі райкамаўскаму начальству, тое звязвалася з Менскам… Нарэшце старшыня пассавета быў вымушаны патлумачыць сваім памочнікам: “Товарищ Мальдис – тоже исследователь, но с бóльшими, чем у нас, полномочиями”».

У выніку сем мяхоў з рукапісамі былі дастаўленыя ў Мінск.

Факт дзясяты – ушанаванне яго імя адбудзецца не сёння

У 1998 годзе Адама Мальдзіса знялі з пасады кіраўніка Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны. А ў 2004 годзе Цэнтр стаў структурным падраздзяленнем педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, пазбавіўшыся рэгістрацыі як юрыдычная асоба. Пасля ліквідацыі калекцыі былі схаваныя, картатэкі і друкаваныя выданні перададзеныя на захаванне ў розныя ўстановы, а некаторыя экспанаты музея «Беларусь у свеце» проста зніклі.

Ганаровая дошка, якую мусілі павесіць на будынак Астравецкай бібліятэкі сёння, на 90-годдзе вучонага. Фото: facebook.c.om/slava.maldzis

Адам Мальдзіс быў тры разы вылучаны ў члены Беларускай Акадэміі навук і тройчы не выбраны акадэмікам.

І трэці, ганебны выпадак, ужо пасмяротны. Мясцовыя ўлады вырашылі надаць раённай бібліятэцы ў Астраўцы імя Адама Мальдзіса. Аднак прарасійская актывістка Вольга Бондарава распачала кампанію цкавання і дамаглася, што ўпраўленне ідэалагічнай работы ў Гродне прыпыніла рашэнне аб наданні імя Адама Мальдзіса раённай бібліятэцы. Міністэрства культуры пасля гэтага выпадку вырашыла, што яно само будзе кантраляваць, у гонар якіх дзеячаў называць бібліятэкі, забраўшы гэта права ў мясцовых уладаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!