Упершыню ў гісторыі фестывалю ля Чарэйскага возера ўсе білеты распрададзены за пяць дзён да пачатку падзеі.
Дадатковыя 210 білетаў, якія арганізатары дадалі ў продаж учора, былі раскуплены за дзве хвіліны.
Нагадаем, што міжнародны фэст-узаемадзеянне з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі сродкамі сучаснага мастацтва і музыкі SPRAVA адбудзецца сёлета 6-7 жніўня — ужо ў гэтыя выходныя.
Музычная праграма падзеі абяцае быць унікальнай. На фестывалі будуць працаваць пяць сцэн-прастор: Вежа (mechta) — электронная і дзі-джэй сцэна; Пляж (шаткавалка) — эксперыментальная эмбіент-сцэна з візуальным, тэатральным зместам; Амфітэатр (студыя 42) — альтернатыўная сцэна; Сцэна — музыка; Сад — прастора для кніг, зносін і стварэння. Сярод выступоўцаў заяўлены: Грёзы Пафнутия, Triangle, JJ.ok, аркестр ОКО, праект DAH, tochka K, праект 5/4, Primary noise, Tsviki, гурт «Сны синей собаки», Morkvoцвет, Garlic&pumpkin stringband, «Колорит Кульмана», Вовка Плюмбум, Big Daddy Blues ды іншыя музыкі.
Гэтаксама падчас фестывалю адбудуцца: тэатр, запіс падкаста, гутаркі з аўтарамі кніг, публічныя чытанні, ціхія экскурсіі, маркет рамеснікаў, майстар-класы, сустрэчы з арнітолагам і шмат іншых актыўнасцяў.
Каманда фэсту на чале з культурным падзвіжнікам і рэжысёрам Мацвеем Сабуравым выказвае падзяку публіцы за такую ўвагу да падзеі, але паведамляе, што новых білетаў, на жаль, не будзе.
«Мы беражліва ставімся да гасцей, удзельнікаў і нашага месца, таму магчымасцей прыняць бясконцую колькасць чалавек у нас няма, — просяць паставіцца з паразуменнем да сітуацыі арганізатары. — Камфортнае размяшчэнне гасцей у кэмпінгу, колькасць інфраструктуры, ежы і іншыя радасці ўплываюць на якасць правядзення і наведвання фестывалю».
Купіць білеты — на адзін дзень, без кэмпінгу, «проста дзве гадзіны пагуляць па фэсту» — сёння немагчыма, падкрэслівае каманда. Яны не будуць прадавацца. Выключэнне зроблена толькі для мясцовых жыхароў вёсак, якія мусяць мець магчымасць наведаць падзею, што ладзіцца ў іх родных мясцінах.
Для тых, хто сёлета не здолее патрапіць на SPRAVA, каманда парупілася пра анлайн-трансляцыю з месца падзей, якая будзе весціся на канале івэнту.
А таксама дадатковыя мерапрыемствы будуць зладжаны напрыканцы жніўня, абяцаюць арганізатары дзеі, — сачыце за анонсамі ў сацсетках фестывалю.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram