Калектыў разбамбаванага драмтэатра Марыупаля аднавіў сваю дзейнасць ва Ужгарадзе

Першым за доўгі час выступленнем тэатра, трагічную гісторыю якога ведае сёння ўвесь свет, стаў спектакль «Крык нацыі», паведамляе Данецкая абласная адміністрацыя.

Найстарэйшы тэатральны калектыў Данеччыны знайшоў прытулак у сценах Закарпацкага абласнога музычна-драматычнага тэатра Ужгарада.

Большай частцы трупы ўдалося выбрацца з акупаванага горада, сабрацца ва Ужгарадзе і аднавіць дзейнасць роднага тэатра.

«Крык нацыі» расказвае гісторыю жыцця ўкраінскага паэта-шасцідзясятніка Васіля Стуса.

Дата прэм’еры – 16 ліпеня ­­– была выбрана невыпадкова.

Роўна чатыры месяцы таму, з дня ў дзень, усе мы перажылі вялікі шок: расіяне знішчылі наш тэатр у Марыупалі авіябомбай, пахаваўшы пад абломкамі сотні нявінных людзей, – адзначае кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка. – Дзень 16 сакавіка назаўжды застанецца адной з самых чорных старонак у гісторыі нашай вобласці і краіны. Затое дзень 16 ліпеня адкрывае ў ёй новыя старонкі.

У пастаноўцы ўдзельнічала ўся трупа. Рэжысёрам спектакля выступіла Людміла Каласовіч. Над мастацкай часткай працавала Эма Зайцава, рэжысёр па пластыцы — Наталля Каспшышак-Сеніў (ЗША).

Нагадаем, будынак Данецкага акадэмічнага абласнога драматычнага тэатра быў знішчаны ў Марыупалі 16 сакавіка 2022 года ў выніку бомбавага авіяўдару расійскіх войск. Тэатр стаў бомбасховішчам для сотняў людзей, 130 з іх былі выратаваны пасля авіяналёту, каля 300 загінула, дакладная колькасць памерлых невядомая.

Марыупаль сёння застаецца ў блакадзе расійскіх войск, ён фактычна знішчаны. Цалкам разбураныя дамы па меншай меры 84 тысяч гараджан.

Дакладны падлік загінулых ажыццявіць немагчыма: паводле папярэдніх ацэнак, у Марыупалі загінулі да 22 тысяч жыхароў. Частку жыхароў прымусова вывезлі на тэрыторыю непрызнанай ДНР ці ў Расію. Для выезду з горада людзі вымушаныя праходзіць так званую фільтрацыю.

У захопленым горадзе сур’ёзныя праблемы з інфраструктурай, медыцынай і бяспекай.

Павел Кірыленка, віншуючы з прэм’ерай, выказаў спадзеў на вяртанне тэатра ў родны горад Марыупаль, які абавязкова будзе вызвалены, і працытаваў радкі паэта Васіля Стуса:

А тым не менш: мы яшчэ вернемся
хоць бы-нагамі наперад,
але: не мёртвыя,
але: не пераможаныя,
але: несмяротныя!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!