Вітальнымі словамі ад кітайскіх лідараў у адрас фестывалю сёння, у дзень адкрыцця «Славянскага базару ў Віцебску», падзяліліся БелТА і прэс-служба міжнароднай падзеі.
У прыватнасці, міністр культуры і турызму КНР Ху Хэпін падкрэсліў у віншавальным лісце да каманды фэсту, што віцебскі форум мастацтваў нарадзіўся ў год заснавання дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Беларуссю. «Мы высока цэнім высілкі Беларусі па рэалізацыі канцэпцыі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемапаразумення» і арганізацыі фестывалю мастацтваў для збліжэння народаў», — зазначыў ён у пасланні.
Гэтаксама павіншавалі арганізатараў «Славянскага базару…» з пачаткам працы форуму Народны ўрад правінцыі Цзянсі, з якой Віцебская вобласць знаходзіцца ў гуманітарным супрацоўніцтве, Народны ўрад правінцыі Шаньдун, Хэйлунцзян і Народны ўрад города Гуйян (правінцыя Гуйчжоу).
«Дэманструючы публіцы пышны пір мастацтва, [фестываль] стаў сапраўдным святам, які пераадольвае межы і развівае сяброўства, робіць важны ўнёсак у развіццё сусветнай культуры і мастацтва», — адзначыў глава Народнага ўрада города Гуйян Ма Нін’юй.
Свае віншавальныя звароты даслалі і іншыя лідэры і амбасадары краін.
Сёння на адкрыцці фестывалю ў Летнім амфітэатры выступяць больш за паўсотні выканаўцаў пераважна з Расіі і Беларусі. Сярод выступоўцаў: Сяргей Бязрукаў, Дзяніс Майданаў, Грыгорый Лепс, Зара, «Хор Турецкого», Аляксандр Саладуха, Анатоль Ярмоленка, Ірына Дарафеева, Алена Ланская, «Сябры», «Песняры», Тэа, Руслан Аляхно, Таісія Павалі…
Сярод адметнасцей 31-га «Славянскага базару…» — дзіцячы музычны конкурс, які сёлета адзначае 20-годдзе. У гэтым годзе арганізатары стварылі новую маладзёжную пляцоўку open-aіr каля канцэртнай залы «Віцебск». Навінкай стаў праект з Расійскім інстытутам тэатральнага мастацтва «Тэатральная лабараторыя», у якой беларускія студэнты-акцёры будуць пераймаць вопыт у выкладчыкаў з Расіі і замежных тэатральных труп.
У рамках «Дзён Саюзнай дзяржавы» запланаваны шэраг мерапрыемстваў і вялікі гала-канцэрт.
Традыцыйна ў цэнтры горада ладзіцца кірмаш рамёстваў «Горад майстроў».
Гэтаксама сёлета арганізатары працягваюць прыцягваць замежную публіку да падзеі — госці форуму могуць трапіць у Беларусь без візы — дастаткова толькі на мяжы прад’явіць білет на адзін з яго івэнтаў.
«Славянскі базар у Віцесбку» пройдзе па 18 ліпеня.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: