У віртуальнай прасторы адкрылася выстава мастацкіх прац, знятых з экспазіцыі «Арт-Мінска»

Працы сямнаццаці беларускіх мастакоў экспануюцца зараз на выставе «Стоп! Знята!», зробленай у падтрымку аўтараў, чыя творчасць была названа непажаданай на фестывалі мастацтва «Арт-Мінск».

Ініцыятарам ідэі віртуальнай экспазіцыі выступіла арт-менеджарка Ксенія Тырсікава, якую не пакінула абыякавай сітуацыя, калі дзясяткі мастакоў страчваюць пляцоўку для паказу сваіх прац.

Яшчэ 15 мая Ксенія, якая мая досвед у стварэнні выстаў у метапрасторы, прапанавала аўтарам, чые творы былі знятыя з фестывалю «Арт-Мінск», дасылаць ёй на скрыню іх выявы і апісанні прац. Прайшло літаральна тры дні — і віртуальная экспазіцыя «Стоп! Знята!» з’явілася на платформе spatial.io. На выставе ў метапрасторы можна паглядзець працы Аляксандра Бельскага, Марыны Бацюковай, Вольгі Котавай, Кірыла Хлопава, Настассі Ткачовай, Дар’і Лізунковай, Надзеі Букі, Вольгі Пранкевіч ды іншых аўтараў.

Аляксандр Бельскі. З цыклу «Анамалія». Карціна была знятая з экспазіцыі «Арт-Мінска».

Ксенія Тырсікава адзначае, што ў сацсетках ішла гаворка пра значна большую колькасць імёнаў (ад 30 да 44 мастакоў), чыя творчасць была выключана, і запрашае іншых мастакоў, якім адмовілі ў пляцоўцы, далучацца да яе праекта.

Нагадаем, што напярэдадні адкрыцця Пятага фестывалю мастацтва «Арт-Мінск», якое адбылося 12 мая, значная колькасць адабраных мастацкім журы прац была знятая з экспазіцыі. Прычына — «чорныя спісы» творцаў — творчасць пэўных «нядобранадзейных» аўтараў не мусіць быць прадстаўлена на дзяржаўных пляцоўках. (Тут варта адзначыць, што Палац мастацтва з’яўляецца пляцоўкай Беларускага саюза мастакоў, але чыноўнікі дзяржструктур і «мастацтвазнаўцы» з органаў дабраліся і туды). У выніку сезон-2022 аднаго з найбуйнейшых выставачных праектаў Мінска значна страціў у разнастайнасці і прадстаўніцтве, не кажучы пра рэпутацыю. У сацсетках ішла размова пра знятыя працы больш як сарака мастакоў, але гэту лічбу пацвердзіць пакуль не ўдалося. Ясна адно: свет жывога беларускага мастацтва, як і музыкі, тэатра, выдавецкай справы ў краіне актыўна вычышчаецца, скарачаецца ў выніку рэпрэсій і цэнзуры, учыненай дзяржапаратам і неабыякавымі «мастацтвазнаўцамі».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!