Відэаверсія спектакля паводле аднайменнага рамана Сяргея Пясецкага «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» будзе дасяжная на ютуб-канале Незалежнай тэатральнай групы ўжо сёння — 13 студзеня. Спектакль у рэжысуры Мікалая Пінігіна, якім «Купалаўцы» распачалі свой другі тэатральны сезон, прагучаў упершыню на фестывалі «Боская камедыя» ў снежні ў польскім Кракаве і выклікаў цёплы прыём публікі.
Нагадаем, што культавы раман беларуска-польскага пісьменніка-кантрабандыста Сяргея Пясецкага, які нарадзіўся ў Ляхавічах, афіцыйна быў забаронены ў савецкай Польшчы да 1990 года. «Тоўсты тролінг» савецкай прапаганды 1930-х і ўдзелу СССР у Другой сусветнай вайне наўмысна быў напісаны аўтарам грубай, прымітыўнай мовай, каб паказаць лад мыслення чалавека, «няздатнага думаць самастойна, аднак упэўненага ва ўласнай выключнасці і правамернасці сваёй місіі«. Пясецкі ў творы разважае ад імя савецкага афіцэра Мішкі Зубава, які перасякае савецка-польскую мяжу 17 верасня 1939 года.
Па факце «Запіскі» лічацца адным з бескампрамісных прыкладаў сатыры на «хома саветыкус» і сутнасць таталітарнай савецкай сістэмы.
У спектаклі задзейнічаны: Андрэй Дробыш, Валянціна Гарцуева, Андрэй Градабоеў, Ігар Сігоў, Сяргей Чуб, Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік, Мікалай Кучыц, Алеся Бельская, Аляксандр Зелянко і Аляксандр Паўлаў. Сцэнаграфія і касцюмы – Кацярына Шымановіч.
Выканаўца галоўнай ролі Андрэй Дробыш так распавёў пра персанальныя дачыненні да гісторыі, створанай Сяргеем Пясецкім:
— Я родам з Заходняй Беларусі, мястэчка Варапаева Пастаўскага раёна. Бабуля з дзядулем жылі на вуліцы 17-га верасня. Гістарычныя падзеі, якія апісвае Сяргей Пясецкі, адбываліся ў тым ліку і ў нашых краях. Бабуля і дзядуля былі тымі самымі мірнымі жыхарамі, якіх прыйшлі вызваляць вось такія Мішкі Зубавы. Менавіта яго я і граю ў спектаклі. Мае блізкія распавядалі мне гісторыі тых часоў як відавочцы. Уражвае тое, наколькі іх аповеды супадаюць з тым, што напісана ў рамане.
Да гэтага спектакля і твора я ў прынцыпе стаўлюся з асабліва трапяткімі пачуццямі па шматлікіх прычынах: гэта і мая першая маштабная роля з часоў з’яўлення «Купалаўцаў», і, можна сказаць, асабістая гісторыя маёй уласнай сям’і.
Пачатак прагляду пастаноўкі, нагадаем, ужо сёння а 19:00 паводле беларускага часу. Пляцоўка — ютуб-канал «Купалаўцы».