«Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі»: абяцаная прэм’ера спектакля па Пясецкім — ужо сёння на канале «Купалаўцаў»

Культура
Сцэна са спектакля "Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі". Фота: facebook.com/kupalaucy.

Відэаверсія спектакля паводле аднайменнага рамана Сяргея Пясецкага «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» будзе дасяжная на ютуб-канале Незалежнай тэатральнай групы ўжо сёння — 13 студзеня. Спектакль у рэжысуры Мікалая Пінігіна, якім «Купалаўцы» распачалі свой другі тэатральны сезон, прагучаў упершыню на фестывалі «Боская камедыя» ў снежні ў польскім Кракаве і выклікаў цёплы прыём публікі.

Нагадаем, што культавы раман беларуска-польскага пісьменніка-кантрабандыста Сяргея Пясецкага, які нарадзіўся ў Ляхавічах, афіцыйна быў забаронены ў савецкай Польшчы да 1990 года. «Тоўсты тролінг» савецкай прапаганды 1930-х і ўдзелу СССР у Другой сусветнай вайне наўмысна быў напісаны аўтарам грубай, прымітыўнай мовай, каб паказаць лад мыслення чалавека, «няздатнага думаць самастойна, аднак упэўненага ва ўласнай выключнасці і правамернасці сваёй місіі«. Пясецкі ў творы разважае ад імя савецкага афіцэра Мішкі Зубава, які перасякае савецка-польскую мяжу 17 верасня 1939 года.

"Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі": абяцаная прэм'ера спектакля па Пясецкім - ужо сёння на канале "Купалаўцаў"
Мішка Зубаў — Андрэй Дробыш. Фота: facebook.com/kupalaucy.

Па факце «Запіскі» лічацца адным з бескампрамісных прыкладаў сатыры на «хома саветыкус» і сутнасць таталітарнай савецкай сістэмы.

У спектаклі задзейнічаны: Андрэй Дробыш, Валянціна Гарцуева, Андрэй Градабоеў, Ігар Сігоў, Сяргей Чуб, Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік, Мікалай Кучыц, Алеся Бельская, Аляксандр Зелянко і Аляксандр Паўлаў. Сцэнаграфія і касцюмы – Кацярына Шымановіч.

Выканаўца галоўнай ролі Андрэй Дробыш так распавёў пра персанальныя дачыненні да гісторыі, створанай Сяргеем Пясецкім:

Я родам з Заходняй Беларусі, мястэчка Варапаева Пастаўскага раёна. Бабуля з дзядулем жылі на вуліцы 17-га верасня. Гістарычныя падзеі, якія апісвае Сяргей Пясецкі, адбываліся ў тым ліку і ў нашых краях. Бабуля і дзядуля былі тымі самымі мірнымі жыхарамі, якіх прыйшлі вызваляць вось такія Мішкі Зубавы. Менавіта яго я і граю ў спектаклі. Мае блізкія распавядалі мне гісторыі тых часоў як відавочцы. Уражвае тое, наколькі іх аповеды супадаюць з тым, што напісана ў рамане.

Да гэтага спектакля і твора я ў прынцыпе стаўлюся з асабліва трапяткімі пачуццямі па шматлікіх прычынах: гэта і мая першая маштабная роля з часоў з’яўлення «Купалаўцаў», і, можна сказаць, асабістая гісторыя маёй уласнай сям’і.

"Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі": абяцаная прэм'ера спектакля па Пясецкім - ужо сёння на канале "Купалаўцаў"
Авацыі пасля прэм’еры спектакля ў Кракаве. Фота: facebook.com/kupalaucy.

Пачатак прагляду пастаноўкі, нагадаем, ужо сёння а 19:00 паводле беларускага часу. Пляцоўка — ютуб-канал «Купалаўцы».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: