Лаўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» стаў пісьменнік і мастак Артур Клінаў

Главное
Артур Клінаў. Фота: Дзіна Даніловіч.

Прэстыжную ўзнагароду, заснаваную сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў, пісьменнік, мастак і галоўны рэдактар праекта «pARTisan» Артур Клінаў атрымаў за свой раман «Локісаў». Навіной пра гэта падзяліўся сёння на сваёй старонцы ў Facebook старшыня аргкамэтіта прэміі «Гліняны Вялес», паэт і выдавец Алесь Аркуш.

Шорт-ліст кандыдатаў на літаратурную ўзнагароду (за творы, выдадзеныя ў 2020-тым годзе) сёлета выглядаў наступным чынам.

1. Сяргей Балахонаў. “Бог кахання Марс”. Мінск, “Янушкевіч”.
2. Міхал Бараноўскі. “Volumen.2”. Мінск, “Медысонт”.
3. Вольга Гапеева. “Словы якія са мной адбыліся”, Мінск, “Галіяфы” .
4. Леанід Дранько-Майсюк. “…Усе бачылі нястачу віна”. Мінск, “Кнігазбор”.
5. Артур Клінаў. “Локісаў”. Мінск, “Логвінаў”.
6. Віктар Марціновіч. “Рэвалюцыя”. Мінск, “Кнігазбор”.
7. Павел Севярынец. “Беларусалім. Сэрца сьвятла”. Дніпро, Т. Середняк.
8. Людміла Шчэрба. “Я пакідаю сонца тут…”. Мінск, “Кнігазбор”.

Матывацыю выбару рамана «Локісаў» сакратар прэміі Андрэй Новікаў патлумачыў так.

Гэтая кніга ідэальна ўпісваецца ў фармат прэміі “Гліняны Вялес”. Бо падзеі адбываюцца ў рэгіёне, прычым у нашым рэгіёне – поўначы Беларусі. У сюжэце скарыстаныя мясцовыя легенды, вельмі старыя, яшчэ з язычніцкіх часоў. І па мастацкіх якасцях кніга знаходзіцца на ўзроўні. Мы яе з задавальненнем прачыталі, — даў ён каментарый Racyja.com.

Лаўрэатам літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес" стаў пісьменнік і мастак Артур Клінаў
Фота: https://lohvinau.by/product

Дзеянне рамана «Локісаў» Артура Клінава адбываецца недзе на беразе Герадотава мора прыкладна ў ХХІ стагоддзі. Знаёмыя беларусам персанажы — мясцовыя настаўнікі, чыноўнікі, прадпрымальнікі і следчыя аказваюцца не зусім тымі, за каго сябе выдаюць.  Ці то ўздзейнічае на іх «мясцовы клімат», ці то «дурная» кроў пярэваратняў альбо партызанаў, — у гэтай дылеме чытач мусіць разабрацца сам. Па легендзе, менавіта той край, у які з Мінску прыехаў галоўны герой Локісаў, з’яўляецца месцам пражывання Локіса (Lokis у перакладзе з літоўскай) — дзікага мядзведзя-перэваратня. Як можна зрабіць здагадку, ці не сам залётны вандроўнік з’яўляецца яго продкам? «Локісаў» — гэта той раман, у якім адначасова можна ўбачыць герояў нашага часу, і беларускі праклён, які не заўжды носіць метафізічна-містычны характар.

У інтэрв’ю Reform.by Артур Клінаў казаў пра сваю кнігу і сучаснае становішча ў краіне (гаворка адбылася ў верасні 2020-га) такім чынам.

Сістэма апошнія 26 гадоў рабіла так, што чалавек забіваўся ў свае маленькія сацыяльныя групы, гета, і там неяк функцыянаваў. Атрымоўвалася такое жыццё ў паралельнай прасторы. Улада сама па сабе, людзі, народ — самі сабе. Кожны навучыўся гэтай двайной — партызанскай ці якой іншай — гульні. Правілы засвоілі нават чыноўнікі. Капні, што ў іх галовах — мяркую, там зусім не тое, што яны прамаўляюць і робяць публічна[…] Партызан — гэта чалавек з падвойным жыццём, і тое самае пярэварацень — нейкі суб’ект з падвойнай ідэнтычнасцю. Гэтыя два канцэпты беларусаў былі і застаюцца актуальнымі. Бо так склалася гістарычна.

«Гліняны Вялес» — штогадовая літаратурная прэмія, якая ўручаецца з 1993 года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. У апошнія гады лаўрэатамі ўзнагароды станавіліся: Міхал Андрасюк, Ілля Сін, Ганна Севярынец, Міхась Скобла, Франц Сіўко, Андрэй Федарэнка ды іншыя літаратары. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.

Пачытаць вялікае інтэрв’ю з Артурам Клінавым пра герояў яго кнігі і канфлікт дзвюх Беларуссяў можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: