Новую пастаноўку паводле п’есы вядомага нямецкага драматурга Бертальда Брэхта «Страх і галеча Трэцяга рэйха» незалежная тэатральная група «Купалаўцы» анансавала на сваёй старонцы ў Facebook.
Спектакль пад назвай «Страх», які адбудзецца ў трох частках, распачнецца сёння, у Дзень тэатра, а 21 гадзіне на youtube-канале незалежнага тэатра.
Заўтра, 28 сакавіка, будзе паказана другая частка трылогіі. 29 сакавіка а 21 гадзіне можна будзе паглядзець апошнюю частку пастаноўкі.
— У трыццатыя гады [ХХ стагоддзя] Брэхт быў пазбаўлены нямецкага грамадзянства і вымушаны быў эміграваць. Але ва ўсе краіны, дзе пасля жыў пісьменнік, упэўненымі крокамі паступова прыходзіў страх – дабіраўся нацызм, — уводзяць у кантэкст твору найвыбітнага паэта і драматурга Купалаўцы.
Аднак п’еса «Страх і галеча Трэцяга рэйха» расказвае не пра ўзнікненне нацызму, — адзначае незалежная тэатральная група.
— Падрабязнае апісанне механізмаў наладжанай сістэмы Брэхт пісаў на падставе сведчанняў відавочцаў і газетных зацемак. Перапоўненыя турмы, росквіт прапаганды, людзі, што не маюць права на сваё меркаванне, паўсюдная галеча і ўсеагульны ліпучы страх. Але чым страшнейшая хлусня, тым меншы яе плён. Тым хутчэй яна зжарэ саму сябе, — даюць кароткую анатацыю спектаклю вольныя артысты.
Спектакль «Страх» будзе даступны цягам некалькіх дзён пасля прэм’еры, пазначаецца ў анонсе.
— Самае моцнае, што мы можам зрабіць у Дзень тэатра, – гэта выказацца на той мове, якая найбольш зразумелая нам – на мове тэатра. Калі, як не сёння, — падкрэсліваюць Купалаўцы.
Глядзець спектакль «Страх» можна па спасылцы.
Падтрымаць беларускі тэатр у выгнанні можна тут.