Алена Стральцова, Уладзімір Някляеў, Дзмітрый Строцаў: сёння распачынаецца Х Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце»

Сёлета вядомы паэтычны фестываль імя беларускага паэта, празаіка, перакладчыка і літаратуразнаўцы Міхася Стральцова адбудзецца ў анлайн фармаце. Ён будзе праходзіць з 12 па 14 лютага.

Распачнецца падзея традыцыйна уручэннем прэміі Міхася Стральцова і прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў». Пасля цырымоній адбудуцца выступленні лаўрэатаў літаратурных прэмій і сябраў журы конкурсаў.

Праграма другога дня пачнецца са «Згадак пра Міхася Стральцова» — гутаркі з Аленай Стральцовай, удавой беларускага літаратара, весці якую будзе літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч.

Сярод цікавостак другога дня — круглы стол «Пісьменства ў халодным клімаце» з удзелам Дзмітрыя Строцава, Уладзіміра Лянкевіча, Уладзіміра Някляева і Ганны Севярынец, выступленне Дзмітрыя Строцава «Беларусь перакуленая» з удзелам Андрэя Хадановіча ў якасці перакладчыка; асобна адзначым і прэзентацыю Школы маладога літаратара з удзелам маладых аўтараў.

Завершыць насычаны другі дзень паэтычны марафон «Паэзія салідарнасці», на якім свае творы будуць чытаць Марыя Бадзей, Георгій Барташ, Стась Карпаў, Марыя Мартысевіч, Таццяна Нядбай, Андрэй Хадановіч, Анатоль Івашчанка, Валянціна Аксак, Ксенія Галіцкая, Уладзімір Глазаў, Уладзімір Лянкевіч, Ганна Отчык, Таццяна Светашова, Ганна Севярынец.

Фэст у фэсце — так можна азначыць трэці дзень літаратурнага форуму, падчас якога адбудзецца слынны «Фестываль аднога верша».

Пазнаёміцца з усёй праграмай паэтычнага фестывалю можна тут.

Нагадаем, што арганізатарамі культурнай падзеі з’яўляюцца ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Беларускі ПЭН-Цэнтр.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!