Пазаўчора ў Магілёўскім абласным драмтэатры звольнілі вопытнага дырэктара, спецыяліста на сваім месцы, Андрэя Новікава. Не паспела культурная грамадскасць прыняць і асэнсаваць гэты факт, як ужо ўчора начальнік упраўлення культуры Магілеўскага аблвыканкама Алег Сцельмашок сустрэўся з калектывам тэатра, каб прадставіць яму новага кіраўніка ўстановы.
Ім прызначана Ірына Белякова. У мінулым дырэктар «Магілёўкінавідэапраката», а да ўчорашняга дня — дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
Сустрэча калектыву тэатра і чыноўніка не абмежавалася адно прадстаўленнем новага кіраўніка, — Алега Сцельмашок патлумачыў чаму быў звольнены Андрэй Новікаў. Яго словы без перабольшвання выклікалі бурную рэакцыю супрацоўнікаў.
Па просьбе аглядальніка Reform.by пра сітуацыю ў тэатры распавяла Вольга Семчанка, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскай драмы.
— Начальнік упраўлення культуры амаль што стаў чытаць нам лекцыю. Пра тое, што тэатр — бюджэтная ўстанова, і ўсім на свеце павінна. Што яна мусіць выконваць усялякія паказчыкі. Што калі мы парушаем дысцыпліну, спазняючыся на пару хвілін, гэта правіннасць — ледзь не крымінальны артыкул. Што менавіта гэтыя дысцыплінарныя парушэнні і з’явіліся падставай для звальнення Андрэя Фёдаравіча.
Аргумент калектыву, што ў акцёраў і рэжысёраў ёсць свая спецыфіка працы, і што калі ёсць парушэнні дысцыпліны, то яны цалкам фармальныя, — усё гэта чыноўнік, па словах Вольгі Семчанка, браць да ўвагі не хацеў.
— Мы размаўлялі на розных мовах, — удакладняе яна. — З аднога боку, мова чыноўніцкага фармалізму, я бы нават сказала — мова аксамітнага адміністратыўнага тэрору. З іншага, — шчырая мова, можа быць, трохі наіўных творчых людзей, якія адкравенна не разумеюць як так можна ўзяць і «згвалціць» калектыў. Тое, што парушэнне дысцыпліны — гэта фармальная падстава для скасавання кантракту з былым дырэктарам, мы гэта ўсё Сцельмашку агучылі.
Сёння ў тэатры ўжо адбываецца знаёмства новага кіраўніка з супрацоўнікамі. Падзеі развіваюцца імкліва.
— Людзей выклікаюць, хтосьці ўжо хадзіў, мяне пакуль не клікалі, — удакладняе Вольга. — Новыя «правілы гульні» пакуль не агучваліся.
Атмасферу ў родным тэатры кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі апісвае як жалобную.
— Акцёры кажуць, што неймаверна цяжка іграць спектаклі. Дэпрэсія — ва ўсяго калектыву. Мы працуем, таму што абавязаны, працягваецца прэм’ера «Пікавай дамы», але зараз гэта сапраўды працоўная руціна, а не творчы працэс, — дадае яна.
Вольга Семчанка абмалёўвае сітуацыю ў якой апынуліся супрацоўнікі тэатра як маральны шантаж. З аднога боку, трупе не хочацца разбураць тэатр, (публіка ні ў чым не вінаватая), з іншага — нікуды не знікае пытанне салідарнасці і сумлення.
— Зараз мы проста знаходзімся ў стане шоку, і таму прыняць хуткае рашэнне не здольны, — зазначае яна. — Але даць публічную адзнаку таму, што адбылося, нам пад сілам. Так з людзьмі нельга.
Ужо на дадзены момант Магілёўскую драму падтрымала тэатральная супольнасць Беларусі і замежжа. Творчыя калектывы, а таксама тэатральныя крытыкі з Беларусі, Расіі, Украіны, Грузіі, Арменіі, Вялікабрытаніі выказалі свае словы салідарнасці. Беларускі фонд культурнай салідарнасці, Тэатр-фестываль «Балтыйскі дом», Асацыяцыя дзеячоў рускіх тэатраў замежжа, Тэатральная супольнасць Літвы таксама не пакінула тэатр у адзіноце.
Створаны некалькі лічбавых петыцый у падтрымку Андрэя Новікава, падпісаць якіх можа кожны неабыякавы да сітуацыі ў Магілёўскім драмтэатры.
— Нам вельмі важная ваша ўвага, — дзякуе ўсім Вольга Семчанка. — Будзем далей разам шукаць выйсце.