У тэатры атмасфера жалобы: супрацоўніца Магілёўскай драмы пра сітуацыю ва ўстанове

Культура
Могилевский драмтеатр. Фото из соцсетей театра.

Пазаўчора ў Магілёўскім абласным драмтэатры звольнілі вопытнага дырэктара, спецыяліста на сваім месцы, Андрэя Новікава. Не паспела культурная грамадскасць прыняць і асэнсаваць гэты факт, як ужо ўчора начальнік упраўлення культуры Магілеўскага аблвыканкама Алег Сцельмашок сустрэўся з калектывам тэатра, каб прадставіць яму новага кіраўніка ўстановы.

Ім прызначана Ірына Белякова. У мінулым дырэктар «Магілёўкінавідэапраката», а да ўчорашняга дня — дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

У тэатры атмасфера жалобы: супрацоўніца Магілёўскай драмы пра сітуацыю ва ўстанове
Андрэй Новікаў, былы дырэктар Магілёўскай драмы.

Сустрэча калектыву тэатра і чыноўніка не абмежавалася адно прадстаўленнем новага кіраўніка, — Алега Сцельмашок патлумачыў чаму быў звольнены Андрэй Новікаў. Яго словы без перабольшвання выклікалі бурную рэакцыю супрацоўнікаў.

Па просьбе аглядальніка Reform.by пра сітуацыю ў тэатры распавяла Вольга Семчанка, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскай драмы.

Начальнік упраўлення культуры амаль што стаў чытаць нам лекцыю. Пра тое, што тэатр — бюджэтная ўстанова, і ўсім на свеце павінна. Што яна мусіць выконваць усялякія паказчыкі. Што калі мы парушаем дысцыпліну, спазняючыся на пару хвілін, гэта правіннасць — ледзь не крымінальны артыкул. Што менавіта гэтыя дысцыплінарныя парушэнні і з’явіліся падставай для звальнення Андрэя Фёдаравіча.

Аргумент калектыву, што ў акцёраў і рэжысёраў ёсць свая спецыфіка працы, і што калі ёсць парушэнні дысцыпліны, то яны цалкам фармальныя,  — усё гэта чыноўнік, па словах Вольгі Семчанка, браць да ўвагі не хацеў.

Мы размаўлялі на розных мовах, — удакладняе яна. — З аднога боку, мова чыноўніцкага фармалізму, я бы нават сказала — мова аксамітнага адміністратыўнага тэрору. З іншага, — шчырая мова, можа быць, трохі наіўных творчых людзей, якія адкравенна не разумеюць як так можна ўзяць і «згвалціць» калектыў.  Тое, што парушэнне дысцыпліны — гэта фармальная падстава для скасавання кантракту з былым дырэктарам, мы гэта ўсё Сцельмашку агучылі.

У тэатры атмасфера жалобы: супрацоўніца Магілёўскай драмы пра сітуацыю ва ўстанове
Пад час сустрэчы з начальнікам упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама.

Сёння ў тэатры ўжо адбываецца знаёмства новага кіраўніка з супрацоўнікамі. Падзеі развіваюцца імкліва.

Людзей выклікаюць, хтосьці ўжо хадзіў, мяне пакуль не клікалі, — удакладняе Вольга. — Новыя «правілы гульні» пакуль не агучваліся.

Атмасферу ў  родным тэатры кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі апісвае як жалобную.

Акцёры кажуць, што неймаверна цяжка іграць спектаклі. Дэпрэсія — ва ўсяго калектыву. Мы працуем, таму што абавязаны, працягваецца прэм’ера «Пікавай дамы», але зараз гэта сапраўды працоўная руціна, а не творчы працэс, — дадае яна.

Вольга Семчанка абмалёўвае сітуацыю ў якой апынуліся супрацоўнікі тэатра як маральны шантаж. З аднога боку, трупе не хочацца разбураць тэатр, (публіка ні ў чым не вінаватая), з іншага — нікуды не знікае пытанне салідарнасці і сумлення.

Зараз мы проста знаходзімся ў стане шоку, і таму прыняць хуткае рашэнне не здольны, — зазначае яна. — Але даць публічную адзнаку таму, што адбылося, нам пад сілам. Так з людзьмі нельга.

Ужо на дадзены момант Магілёўскую драму падтрымала тэатральная супольнасць Беларусі і замежжа. Творчыя калектывы, а таксама тэатральныя крытыкі з Беларусі, Расіі, Украіны, Грузіі, Арменіі, Вялікабрытаніі выказалі свае словы салідарнасці. Беларускі фонд культурнай салідарнасці, Тэатр-фестываль «Балтыйскі дом», Асацыяцыя дзеячоў рускіх тэатраў замежжа, Тэатральная супольнасць Літвы таксама не пакінула тэатр у адзіноце.

Створаны некалькі лічбавых петыцый у падтрымку Андрэя Новікава, падпісаць якіх можа кожны неабыякавы да сітуацыі ў Магілёўскім драмтэатры.

Нам вельмі важная ваша ўвага, — дзякуе ўсім Вольга Семчанка. — Будзем далей разам шукаць выйсце.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: