Азербайджан і Арменія пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі мірнае пагадненне, згодна з якім Баку атрымлівае асноўную частку тэрыторыі, якую раней займалі войскі армянскай Нагорна-Карабахскай рэспублікі, а ў рэгіён уводзяцца расейскія міратворчыя войскі.
Такім чынам, канфлікт быццам бы закончаны. Аднак гісторыя не ведае тытраў «канец фільму».
Што можа чакаць Каўказ і постсавецкую прастору ў цэлым пасля чарговай вайны?
Фактычна НКР перастала існаваць. Яна нават не згадваецца ў сумеснай заяве пра спыненне агню. Армянскія войскі дэмабілізуюцца ці выводзяцца ва ўласна Арменію, бяспеку мірнага насельніцтва забяспечваюць толькі расейскія войскі.
Наземная сувязь армянскіх раёнаў Карабаха, якія будуць пад кантролем расейскіх войскаў, з Арменіяй будзе забяспечвацца толькі праз калідор шырынёй у 5 км. Пры гэтым наяўнасць расейскіх войскаў у рэгіёне гарантаваная толькі на 5 год – калі Баку захоча, то незалежна ад пажаданняў Арменіі і РФ у 2025 годзе расейцы, згодна з дакументам, мусяць сысці.
Такім чынам, праз 5 год безабаронная экс-НКР можа патрапіць у склад Азербайджана нават без фармальнага статуса аўтаноміі. Вяртанне азербайджанскага насельніцтва ў раёны, адкуль яны былі выгнаныя ў 1990-я гады армянамі, азначае для армянаў, якія застануцца, існаванне ў вельмі нервовай і небяспечнай сітуацыі.
У выніку ваенны крах НКР можа азначаць больш ці менш вымушаную міграцыю з рэгіёна праз кантраляваны расейцамі калідор прыкладна 150.000 армянскага насельніцтва, у памяці якога засталіся і заўсёды былі мабілізуючым фактарам антыармянскія пагромы ў апошнія гады СССР.
Гэтак, 13-20 студзеня 1990-га году ў сувязі з Карабахскім канфліктам, які тады пачынаўся, у Баку адбыліся пагромы, у выніку якіх загінула, па розных дадзеных, ад 48 да некалькіх сотняў чалавек.
Шэсць тыдняў вайны ў Нагорным Карабаху сталі самым вострым ваенным канфліктам на Каўказе амаль за 20 год – з часоў другой ваеннай інтэрвенцыі Расеі ў Чачні. Аднак у адрозненні ад расейска-чачэнскага канфлікту вайна ў Карабаху не мае вялікай перспектывы пераўтварыцца ў доўгую партызанскую вайну.
Рэгулярныя войскі сышліся ў баі, і як вынік бою стаў зразумелы – палітыкі селі за стол перамоваў, а жаўнеры вярнуліся ў казармы.
Аднак цалкам выключыць, што рэгіён не стане арэнай дыверсійна-супрацьдыверсійнай вайны, нельга. Калі армянскае насельніцтва застанецца ў Карабахе, магчыма, што з’явяцца асобы ці групы з ліку мясцовых жыхароў, якія будуць бачыць мэтай свайго жыцця зрабіць як мага больш складанай функцыянаванне адміністрацыі ў занятых войскамі Азербайджана раёнах.
Акрамя таго, вяртанне азербайджанскіх уцекачоў у раней занятыя войскамі НКР раёны, калі там застанецца армянскае насельніцтва, таксама можа выклікаць новыя этнічныя канфлікты. У выніку магчымыя ахвяры сярод партызанаў, сярод мірнага насельніцтва абодвух бакоў, сярод азербайджанскіх урадоўцаў, войскаў і паліцыі.
Не выключаныя і страты таксама сярод расейскага кантынгенту, які можа апынуцца паміж 2 агнямі. Гэтак, напрыклад, міратворцы ААН згубілі забітымі за мінулы год 28 чалавек – 23 вайскоўца і 5 цывільных супрацоўнікаў.
Па сутнасці мірная заява называе 3 субʼектаў, якія разбіраюцца з наступствамі вайны – Азербайджан, Арменія і Расея. Аднак нікуды не падзеўся яшчэ адзін гулец, прычым вельмі ўплывовы – Турцыя.
Менавіта Анкара стала галоўным ваенна-тэхнічным і палітычным партнёрам Азербайджана ў перыяд пераўзбраення і рэфармавання па стандартах НАТО азербайджанскага войска. Менавіта Анкара вырабляе і прадае Баку ўдарныя беспілотнікі Байрактар, якія называюць вельмі важным фактарам азербайджанскай перамогі.
Музычны кліп пра турэцка-азербайджанскае ваеннае братэрства. Відэа Міністэрства абароны Турцыі
У выніку Турцыя і Расея створаць міратворчы маніторынгавы цэнтр за назіраннем за рэжымам спынення агню. Такім чынам, фактычна Масква прызнае ўплыў новага вялікага гульца ў рэгіёне.
Акрамя таго, атрымліваецца, што хаўруснік Анкары выйграў вайну, а хаўруснік Масквы – прайграў, прычым Расея нічога не змагла ці не захацела зрабіць, каб дапамагчы свайму хаўрусніку. Такая палітыка відавочна аслабляе пазіцыі Масквы на Каўказе.
Існуюць меркаванні, яны пашыраныя нават у Расеі, што РФ свядома абмежавалася словамі пра «занепакоенасць», каб падкрэсліць ваенна-палітычную паразу прэмʼер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна.
З якой прычыны? Бо Пашынян прыйшоў да ўлады праз масавыя мірныя пратэсты – «майдан» у інтэрпрэтацыі расейскай прапаганды. Адпаведна, армянаў за гэта Маскве трэба было «пакараць».
Магчыма, што ў выніку паразы аслабленая Арменія стане больш залежнай ад Масквы. Праўда, рабіць сваіх хаўруснікаў слабымі – дрэнная стратэгія. Аднак ёсць верагоднасць, што Масква такім чынам дабʼецца таго выніку, на які не разлічвае – поўнай палітычнай пераарыентацыі Ерэвана.
Калі Турцыя робіцца новым моцным фактарам у рэгіёне, а Карабах ужо незваротна страчаны, то абʼектыўна Арменія можа пайсці шляхам Егіпта і Іарданіі пасля іхных паразаў у араба-ізраільскіх войнах.
Кіраўнік Егіпту Анвар Садат быў забіты падчас параду, аднак курс Егіпта на мір з Ізраілем захаваўся дагэтуль. Відэа Associated Press archive
Егіпет і Іарданія сталі першымі арабскімі краінамі, якія заключылі мір з Ізраілем, у выніку чаго атрымалі значную эканамічную і палітычную карысць ад пашырэння кантактаў з нядаўнім ворагам, а таксама іншымі заходнімі краінамі, асабліва з ЗША.
Пацяпленне з Турцыяй можа гарантаваць Арменіі бяспеку, даць інвестыцыі і тэхналогіі, якіх няма ў Расеі. Новае партнёрства таксама здымае з Арменіі статус апошняй расейскай марыянеткі ў рэгіёне — то бок паляпшае адносіны з суседняй Грузіяй.
Улічваючы шчыльныя эканамічныя сувязі Грузіі, Азербайджана і Турцыі, такі варыянт развіцця падзеяў можа прывесці да стварэння каўказскага эканамічна-палітычнага саюзу дзяржаваў пад патранатам Турцыі. Калі мы паглядзім на гандлёвыя сувязі Грузіі, Азербайджана і Турцыі, а потым параўнаем іх з экспартам/імпартам Арменіі, то ўбачым, што існуе вялікі невыкарыстаны патэнцыял эканамічнага развіцця гандлю Арменіі з суседнімі краінамі.
Зноў жа, хто калі не Турцыя, старэйшы партнёр Азербайджана, зможа, атрымаўшы новага пратэжэ, паставіць пэўныя рамкі для паводзінаў азербайджанскіх уладаў адносна армянскага насельніцтва ў Карабаху?
Канешне, паміж Арменіяй і Турцыяй – стагоддзі варожасці, аднак, калі Арменія вырашыць больш надзейна гарантаваць сваю бяспеку і атрымаць новага моцнага сябра і эканамічнага партнёра, то такі варыянт не выключаны. І тады Расея можа страціць нават парэшткі свайго ўплыву ў Закаўказзі.
Акрамя таго, і Грузія, якая мае свае «карабахі» у выглядзе падкантрольных Расеі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, можа яшчэ больш актыўна звязваць свае надзеі на рэванш з НАТО і Турцыяй.
Грузія ўжо мае пагадненне пра вольны гандаль і безвізавы рэжым з Турцыяй, атрымлівае турэцкую ваенна-тэхнічную дапамогу. Турцыя афіцыйна падтрымлівае сяброўства Грузіі ў НАТО.
На ўзроўні кіраўніцтва 2 краін дзейнічае Вышэйшая рада па стратэгічным супрацоўніцтве. Праводзяцца і трохбаковыя саміты Турцыя-Грузія-Азербайджан.
Ужо зараз ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва развівае з Турцыяй Украіна, якая мае ваенны канфлікт з Расеяй – з-за акупацыі Данбаса і Крыма.
Яшчэ да заканчэння вайны ў Карабаху Кіеў і Анкара вырашылі пачаць сумесную вытворчасць тых самых ударных беспілотнікаў Байрактар, якія гэтак добра паказалі сябе ў апошнія тыдні. Нагадаем, што Расея ўвогуле не мае серыйных ударных беспілотных апаратаў.
Турэцкі ўдарны беспілотнік Bayraktar TB2. Відэа кампаніі Baykar Technologies
Акрамя таго, развіваюцца адносіны Турцыі з іншай чорнаморскай дзяржавай, якая мае «замарожаны канфлікт» — з Малдовай. Прыднястроўе — такое ж непрызнанае нікім утварэнне, як і Карабах, фактычна знаходзіцца на ўтрыманні і пад абаронай Масквы з 1991 году. Заціснутае паміж Украінай і Малдовай, зараз менавіта Прыднястроўе выглядае найбольш слабым расейскім «актывам».
У 2018 годзе адбыўся першы за 19 год візіт прэзідэнта Турцыі Эрдагана ў Малдову, у 2019 годзе Турцыю наведаў малдаўскі прэзідэнта Дадон. Уведзены ўзаемны бязвіз, дамова пра вольны двухбаковы гандаль, турэцка-малдаўская Вышэйшая рада па стратэгічным супрацоўніцтве. Адбываецца двухбаковае супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўцы паліцыі і войска.
Важным фактарам турэцка-малдаўскага супрацоўніцтва з’яўляецца наяўнасць аўтаноміі Гагаўзія ў складзе Малдовы. Гагаўзы — цюркамоўны этнас, таму Турцыя, лічачы іх «братэрскім народам», імкнецца актыўна інвеставаць у рэгіён, развівае адукацыйныя праекты, аспрэчваючы тут уплыў Масквы.
Азербайджанскі бліцкрыг у Карабахе такім чынам можа прывесці да заўважнага росту аўтарытэта і прысутнасці (у тым ліку вайсковай) Турцыі ў краінах былога СССР, а ў перспектыве — да стварэння чорнаморскага блоку былых дзяржаў СССР пад патранатам Турцыі і да пагрозы цэлай серыі непрыемных для Расеі ваенных аперацый.
Пры гэтым расейскія вайсковыя групіроўкі ў Сірыі і Лівіі застаюцца фактычна закладнікамі добрай волі Анкары, бо цалкам залежаць ад паставак праз падкантрольныя Турцыі чорнаморскія пралівы.
Умацаванне пазіцыяў Турцыі на Каўказе пашырае магчымасці па непасрэдным ваенна-эканамічным супрацоўніцтве ўжо з дзяржавамі Сярэдняй Азіі праз Каспійскае мора. Гэтак, напрыклад, існуючы праект транскаспійскага газаправоду можа прывесці да таго, што Расея страціць кантроль за транзітам туркменскага газа ў Еўропу.
Аналагічныя доўгатэрміновыя інтарэсы мае і Казахстан.
Ідэалагічнай жа базай пашырэння супрацы з Турцыяй можа стаць панцюркізм — ідэя еднасці цюркскіх народаў.
Такім чынам атрымліваецца, што сучасны Крэмль з-за ўнутрыпалітычных прычынаў («абы не майдан») даволі лёгка ідзе на аслабленне саюзнай сабе дзяржавы. Аднак гэта можа рэзка павялічыць хуткасць працэсу страты Масквой палітычнага ўплыву на прасторы экс-СССР.
***
Меркаванне і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
***
Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка Reform.by на Facebook, пакуль усе нашы там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!