Апостальскі нунцый (амбасадар Ватыкана) у Беларусі Антэ Ёзіч уручыў 3 лістапада 2020 г. даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, што выклікала хвалю крытычных водгукаў у беларускім грамадстве. Шматлікія беларускія католікі таксама не прызнаюць Лукашэнку законным прэзідэнтам сваёй краны.
Аднак дыпламатыя горада-дзяржавы, манархам якой з’яўляецца Папа Рымскі, заўсёды адрознівалася своеасаблівым спалучэннем ідэалістычнай доўгатэрміновай стратэгіі і прагматычнай кароткатэрміновай тактыкі.
Паглядзім на адныя з найбольш неадназначных знешнепалітычных крокаў Ватыкана за апошнія 100 год, пра якія дагэтуль спрачаюцца гісторыкі.
Латэранскія пагадненні – пакт з Мусаліні
У сярэдзіне 19 стагоддзя Папская дзяржава, якая разам з Рымам кантралявала значную частку цэнтральнай Італіі, выступіла супраць прымусовага яднання ўсіх італьянскіх дзяржаў у адну. Галоўным цэнтрам гэтага працэсу было каралеўства Пʼемонта і Сардыніі, якое ў 1861 годзе абвесціла сябе Італьянскім каралеўствам.
У 1870 годзе Італьянскае каралеўства чарговы раз напала на Папскую дзяржаву і далучыла да сябе Рым і ўсе землі вакол Рыма. З таго часу існавала так званае «Рымскае пытанне», бо Папы адмаўляліся прызнаваць права італьянскага караля на гэтыя тэрыторыі.
Канфлікт быў вырашаны ў 1929 годзе праз так званую «Латэранскую дамову». У той прэмʼер-міністрам Італіі, фармальным кіраўніком якой заставаўся кароль, ужо быў Беніта Мусаліні, і краіна паступова рабілася фашыстоўскай. Згодна з дамовай, якая ў змененым выглядзе дзейнічае і зараз, Святы Пасад (гэтак афіцыйна называецца дзяржава Папаў Рымскіх) прызнаў далучэнне папскіх тэрыторый да Італіі, а Італія прызнала суверэнітэт Папаў у сучасным сэрцы Рыма – Ватыкане.
З аднаго боку, Латэранская дамова павялічыла аўтарытэт Беніта Мусаліні ў Італіі, зрабіла больш стабільнай сітуацыю ў італьянскім грамадстве. З іншага боку, гарантыі, якія афіцыйна даваліся Папам Рымскім, дазволілі ім з аднаго боку потым больш свабодна дзейнічаць у ўнутрыітальянскай і знешняй палітыцы ў 1930-я і 1940-я гады.
Гэтак, у 1931 годзе была апублікаваная энцыкліка Папы Пія XI «Non abbiamo bisogno», у якой асуджаўся фашыстоўскі таталітарызм («паганскае пакланенне дзяржаве»), прапаганда ненавісці і гвалту, пераслед каталіцкіх маладзёвых арганізацый. У 1938 годзе Ватыкан асудзіў як парушэнне Латэранскай дамовы ўвядзене ў Італіі законаў, якія забаранялі шлюбы паміж габрэямі і не-габрэямі.
Таксама афіцыйны статус дазваляў ратаваць людзей ад пераследу на тэрыторыі Ватыкана і ватыканскіх амбасадаў і весці негалосную антынацыстоўскую палітыку ў той час, калі ў Італіі і кантынентальнай Еўропе сталі панаваць нацысты.
Райхсканкардат – дамова з Гітлерам
Яшчэ ў 1930-31 гадах нямецкія каталіцкія біскупы забаранялі католікам падтрымліваць ці быць сябрамі нацыстоўскай партыі, якую расізм якой яны называлі несумяшчальным з хрысціянствам. «Мы – хрысціяне-католікі, не ведаем ніякай расавай рэлігіі, а толькі… веру Хрыста, якая прынесла ўсім народам адзін скарб веры, адныя запаведзі і адно ўратаванне», – пісаў у 1930-м годзе вышэйшы іерарх Касцёла ў Нямеччыне кардынал Адольф Бертрам у лісце да нямецкіх католікаў.
Калі Гітлер усё ж прыйшоў да ўлады ў студзені 1933 года, Ватыкан вырашыў неяк фармальна замацаваць правы Касцёла канкардатам на агульнадзяржаўным нямецкім узроўні. Перад гэтым дзейнічалі толькі канкардаты асобна з некалькімі асобнымі землямі Нямеччыны – Баварыяй (1924 год), Прусіяй (1932 год), Бадэнам (1932 год).
У ліпені таго ж 1933 года быў заключаны канкардат Святога Пасада з Нямеччынай. Нагадаем, што канкардат не значыць, што Папа пазітыўна ацэньвае ўладу ці палітыку канкрэтнай дзяржавы, не азначае, што католікі атрымліваюць нейкія большыя правы, чым іншыя грамадзяне. Гэта міждзяржаўная дамова, якая вырашае нейкія спрэчныя пытанні паміж Касцёлам і свецкімі ўладамі, што звычайна азначае двухбаковыя саступкі.
Касцёл пайшоў на даволі фармальныя саступкі – напрыклад, святарам было забаронена быць сябрамі палітычных партый, хоць у гэты час у Нямеччыне ўжо былі забароненыя ўсе партыі, акрамя нацыстоўскай. У сваю чаргу Нямеччына абавязалася не замінаць свабодзе каталіцкага веравызнання, захаваць каталіцкія школы і тэалагічныя факультэты ў універсітэтах, прызнала за біскупамі права кантраляваць навучальныя праграмы ў школах і прызначэнне настаўнікаў, не замінаць перапісцы біскупаў з Рымам, паважаць таямніцу споведзі, не замінаць дзейнасці каталіцкай прэсы, не замінаць сябрам маладзёвых і спартыўных арганізацый наведваць каталіцкія богаслужэнні.
Канешне, амаль адразу нацысты сталі парушаць большасць гэтых умоваў. У 1938 годзе, напрыклад, былі зачыненыя каталіцкія школы, а настаўнікі ў дзяржаўных школах прызначаліся і звальняліся без уліку меркавання біскупаў. У дадзеным выпадку меркаванне касцельных іерархаў адносна канкардату выказаў арцыбіскуп Мюнхена кардынал Фальхабер: «З канкардатам нас павесяць. Без канкардату нас бы павесілі, выпусцілі б нам вантробы і разарвалі канямі».
Адначасова канкардат даваў нагоду нямецкім біскупам і самому Папе неаднаразова публічна крытыкаваць нацыстоўскую палітыку. Найбольш гучным такім дакументам стала папская энцыкліка «Mit brennender Sorge», якую прачыталі з амбонаў усіх нямецкіх касцёлаў у Вербную нядзелю 1937 года. У ёй асуджаліся расізм, жаданне падзяліць народы на «годныя» і «нягодныя», імкненне да татальнай улады, амаралізм і паганскія схільнасці нацызму.
Грамадзянская вайна – прызнанне будучага дыктатара
Летам 1936 года ў Іспаніі пачалася грамадзянская вайна – вялікая частка вайскоўцаў і мірнага насельніцтва паўсталі супраць ураду Іспанскай рэспублікі, якая пачала існаваць толькі 5 год таму. Лідарам паўстанцаў стаў генерал Францыска Франка, які потым стане дыктарам Іспаніі аж да сваёй смерці ў 1975 годзе.
Хаўруснікамі Франка пазней стануць Італія Мусаліні і нацыстоўская Нямеччына, хоць сам ён ухіліцца ад удзелу ў Другой сусветнай вайне, а ў Іспаніі падчас грамадзянскай вайны і пасля яе адбудзецца масавы пераслед усіх праціўнікаў франкісцкай дыктатуры.
У 1937-1938 гадах, яшчэ падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі, Ватыкан фактычна міжнародна прызнае рэжым Франка, спачатку накіраваўшы да яго дыпламатаў сярэдняга ўзроўню, а потым і паўнапраўнага нунцыя.
Чаму так адбылося? Па-першае, Франка ўжо кантраляваў палову Іспаніі ды ўвесь час паступовымі вайсковымі аперацыямі пашыраў сваю тэрыторыю. Па-другое, урад Рэспублікі для вялікай колькасці іспанцаў, і перш за ўсё для католікаў, страціў легітымнасць – як сваёй антыправавой палітыкай да вайны, гэтак і пасля яе пачатку.
У рэспубліканскай зоне, дзе ўрад у значнай ступені стаў марыянеткай сталінскага СССР, разгарнуліся не менш масавыя рэпрэсіі, чым на тэрыторыях, якія кантраляваў Франка. Акрамя таго самі гэтыя рэпрэсіі мелі яўны антыкаталіцкі характар. Лічыцца, што толькі прадстаўнікоў каталіцкага духавенства было забіта каля 7.000 чалавек. Было знішчана каля 20.000 касцёлаў разам з творамі мастацтва, пахаваннямі, кнігамі і архівамі.
Па гэтых прычынах, у 1936 годзе Папа Рымскі Пій XI (той самы аўтар антынацыстоўскіх і антыфашысцкіх энцыклік) з аднаго боку асудзіў камунізм і жахі братазабойчай вайны, з іншага боку заклікаў паўстанцаў любіць сваіх ворагаў і не назваў дзеянні паўстаўнцаў-нацыяналістаў Крыжовым паходам, як ім бы хацелася.
Пазней жа, чым больш паспяхова дзейнічалі на полі бою войскі паўстанцаў супраць Рэспублікі, тым большае міжнароднае прызнанне атрымлівае Францыска Франка. Яшчэ да канца вайны нацыяналістычны ўрад прызналі не толькі Ватыкан, але, напрыклад, Партугалія, Японія, Францыя і Вялікабрытанія.
***
Такіх альбо прыкладных гісторый у гісторыі Касцёла можна знайсці яшчэ дзясяткі — ад суіснавання з позняй Рымскай імперыяй і спробаў хрышчэння рабаўнікоў-вікінгаў да апошніх кантактаў Папы Францішка з сучасным камуністычным Кітаем.
І хаця кожная гісторыя можа несці адбітак асабістых якасцяў канкрэтнага касцёльнага лідара, выглядае на тое, што доўгатэрміновы стрыжань ватыканскай дыпламатыі — інтарэсы Касцёла, які разумеецца як галоўная прылада ўратавання кожнага чалавека і чалавецтва ў цэлым.
***
Меркаванне і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
***
Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка Reform.by на Facebook, пакуль усе нашы там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: