Actions Against the Wall так называецца акцыя мастацкага аб’яднання Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk, да якой яго ўдзельнікі Ілья Сін, Павел Вайніцкі і Яўген Рагозін запрашаюць далучыцца пэрформэраў з усяго свету. Праект распачаўся, уласна, з відэа пэрформанса беларускіх творцаў, у якім яны выказалі сваю пазіцыю.
— Па сутнасьці, тое, што адбываецца сёньня ў Беларусі — гэта не палітычны канфлікт, які прадугледжвае супрацьстаньне розных сьветапоглядаў. Гэта барацьба грамадcтва супраць жалезабэтоннага мура рэпрэсіўнай дзяржаўнай сыстэмы, — пракаментаваў мэседж пэрформансу адзін з удзельнікаў мастацкай групы Ілья Сін. — Барацьба за права быць грамадcтвам, за права жыць у прававой дзяржаве. Барацьба кожнага за права быць жывой асобай, а не another brick in the wall. Нашыя сьціплыя дзеяньні — гэта вада, якая руйнуе непахісныя, здавалася б, сьцены.
Варта адзначыць, што відэа ў рэжысуры Юрыя Цімафеева, якое мае больш папулярны фармат за прынятую дакументацыю мастацкага пэрформанса, была створана групай у адказ на бурную рэакцыю карыстальнікаў сеткі Tik Tok на папярэдні ролік. У апошнім — акурат сціплай версіі відэафіксацыі дзеяння — дэманстраваўся чалавек, галава якога замуравана ў сцяну. Невялічкі тызер у імгненне вока стаў вірусным, набраўшы за некалькі сутак паўтара мільёны праглядаў, і ўрэшце быў забанены адміністрацыяй рэсурсу за «празмерную жорсткасць». Не дапамог і тэг #belarus.
У выніку мастакі вырашылі зрабіць больш пашыраную, «даступную» версію відэапэрформансу.
— Гэтай акцыяй група Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk хоча нагадаць пра тое, што мёртвыя муры складаюцца з жывых (да часу) людзей, — даў тлумачэнне роліку Ілья Сін.
— Раней мы ставіліся да палітычнага мастацтва са скепсісам, бачачы ў мастацтве зусім іншыя функцыі, — каментуе пэрформэр і літаратар пазіцыю арт-групы, якая зрабіла не ўласцівы ёй жэст палітычнага пэрфомансу. — І будзем надалей лічыць, што мастацкая творчасьць – гэта дыскурс канкрэтнага чалавека, а не заўсёды абстрактнага соцыюму.
«Але сёньня мы разам з сотнямі тысяч нашых суграмадзянаў крычым: “МУР МУСІЦЬ РУХНУЦЬ», — кажуць удзельнікі Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk.
Відэа можна паглядзець тут.