Зорка TikTok Ліза Ветрава закрывае свой папулярны блог пра беларускую мову, аднак працягне здымаць відэа

Блогерка Ліза Ветрава, якая стварае папулярныя забаўляльна-адукацыйныя відэа ў TikTok і Instagram, паведаміла, што закрывае свой блог пра беларускую мову.

«Гэта рашэнне было прыняць складана. Разумею, што большасць тут з-за смешных відэа пра беларускую мову. Але я дужа стамілася рабіць выгляд, што гэта ўсё яшчэ пра мяне. Напачатку мая старонка расла арганічна са мной. Я сапраўды актыўна вывучала родную мову, чым і дзялілася. Але нядаўна, пасля выстаўлення камеры, я проста не змагла зняць жартоўны скетч. Хоць і цудоўна разумела, што відэа добра «зойдзе». Я адчула, што гвалтую сябе прымушаючы здымаць, нават дужа класныя сцэнары, бо гэта ўжо не я».

Аднак Ліза Ветрава напісала, што яе «старонка ўсё шчэ пра Беларусь. І я працягну здымаць відэа. На розныя тэмы. І верагодна пра беларускую мову таксама, але па-іншаму. Насамрэч, я хачу размаўляць з вамі пра ўсё – пра наш характар, менталітэт, пра фемінізм, пра сэкс, пра стыль, пра кнігі, пра будучыню, пра ўсё».

У каментарах Лізу пераважна падтрымалі.

«Шаноўная Ліза, гэта так цудоўна, калі чалавек развіваецца, расце і разумее, адчувае сябе! Было вельмі прыемна, радасна і цікава шпацыраваць разам з вамі да гэтага часу і, упэўнена, што будзе не меньш захапляльна і пазнавальна рушыць з вамі і далей».

«Таленавітыя людзі ніколі не стаяць на месцы».

«Ліза, дзякуй за ўсё, што ты ўжо зрабіла! І калі ты працягнеш развівацца як экспертка па-беларуску, гэта нават яшчэ больш файна! Я буду цябе чытаць і слухаць і пра сэкс, і пра жанчын, і пра ўсё -ўсё».

«Ты выдатна трымаеш баланс паміж тым што табе хочацца і іншым хочацца ад цябе! Посьпеху ў новым этапе».

На беларускую мову Ліза Ветрава перайшла ўлетку 2020-га і ў супрацы з грамадскай кампаніяй «Годна» стала яе папулярызатаркай. У 2022 годзе ёй давялося з’ехаць з Беларусі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.