На «Маланка Медыя» набірае абароты новае беларускае рэаліці-шоу «Без рэтушы», у якім вядомы дуэт фатографаў Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік у рэжыме «рэальнага часу» робіць творчыя партрэты дзеячаў і дзеячак культуры. Яўген і Юлія не проста раскрываюць адметнасці сваёй «кухні» фатографаў, але праз фатаграфію ствараюць свой вобраз вядомых беларускіх асобаў. Тыдзень таму ў аб’ектыў фотакамеры творцаў трапілі вядоўцы Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая. Сёння ў новым выпуску праекта можна паглядзець яскравае пераўвасабленне актрысы незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» Зоі Белахвосцік.
«Без рэтушы» мае наступную структуру — дуэт фатографаў Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік знаёміць гледача з героем. Фатографы распытваюць асобу, а потым сыходзячы з уласных адчуванняў, мастацкага бачання пачынаюць рыхтавацца да фотаздымкаў. Пошук натхняльных рэферэнсаў, пляцоўкі, рэквізіту, касцюмаў — сачыць за гэтым працэсам надзвычай цікава, бо глядач трапляе ў творчую «кухню» прафесіяналаў. Юля і Яўген дэманструюць валоданне рамяством, з іншага боку — шчыра дзеляцца сваім унікальным бачаннем, што і дазваляе наноў раскрыць героя ці гераіню.
Напрыклад, паразмаўляўшы з Зояй Белахвосцік, дуэт Канаплёў-Лейдзік прапанавалі актрысе вобраз з «галівудскім флёрам». Аднак стан, у якім убачылі фатографы вядучую артыстку Купалаўскага — гэта стан пераходу, «незакончанага трывання». Вобраз, які атрымаўся на фотаздымку ў выніку, «б’е» ў самае сэрца.
Калі казаць пра сучасны беларускі медыякантэнт, то «Без рэтушы», бадай, дэманструе сучасную медыямову і сапраўдны творчы пачатак. У праекта ёсць і нетрывіяльны падыход, дзякуючы Юліі і Яўгену, і цікавыя постаці, і рэжысура. Не хочацца сурочыць, але гэта прыклад сучаснага медыяпрадукту, які, у тым ліку, раскрывае час, у якім жывуць героі. Спадзяемся, што новыя выпускі прапануюць не менш цікавае падарожжа ў свет фатаграфіі.
Рэжысёр і аўтар ідэі праекта — Аляксандр Гародка. Прадзюсар — Аляксандр Гародка і Мікіта Пінігін.
Фатаграфіі Яўгена Канаплёва і Юліі Лейдзік беларусы маглі бачыць у «мірным жыцці» ў часопісах «Большой», «Таймер», Fashion Collection, Yoga+Life, – у 2014 годзе працы аўтараў былі адзначаны ў намінацыі «Пастановачны партрэт» на «Прэс-фота Беларусі». Дуэт ствараў фотасесіі для музычных гуртоў Molchat Doma і Brutto, актыўна працаваў у рэкламнай фатаграфіі. У 2020 годзе Kanaplev + Leidik сталі аўтарамі вядомага фотаздымку Святланы Ціханоўскай, фотасерыі з Віктарам Бабарыкам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram