Не варта разглядаць знос будынка Гістарычнай майстэрні ў Мінску як атаку ўладаў. Рэканструкцыя мела на ўвазе разбор ужо аварыйных аб’ектаў, — такім меркаваннем падзяліўся з Reform.news даследчык і акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. Учора сацсеткі і медыя абляцела навіна пра знішчэнне дома па вуліцы Сухой, 25, дзе месцілася інстытуцыя памяці пра Халакост і Мінскае гета, аўтарам ідэі заснавання якой быў заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін. Але ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра пачатак рэканструкцыйных работ, а не пра неабгрунтаванае знішчэнне. Паспрабавалі расставіць усе кропкі над «і» у сітуацыі вакол будынка, вядомага тым, што падчас акупацыі ў яго сутарэннях дзевяць месяцаў хаваліся і спрабавалі выжыць вязні Мінскага гета.
Аляксей Ластоўскі адразу пазначыў, што яму даводзіцца абапірацца на тую інфармацыю, якая ёсць, але нічога небяспечнага ў зносе будынка ён пакуль не бачыць.
«Па-першае, трэба сказаць, што сам гэты будынак, дзе знаходзілася Гістарычная майстэрня — складаны кангламерат, — уводзіць у кантэкст справы даследчык. — У яго аснове — гістарычная частка, якая займае 20% агульнай прасторы, яна стогадовай даўнасці і якраз гэта памяшканне звязана з гісторыяй нямецкага гета. Менавіта ў сутарэннях гэтага будынка, так званай «маліне», хаваліся яўрэі падчас знішчэння гета. Гэта тое, што мае найбольшую вартасць, паколькі датычыцца непасрэдна тэматыкі, якой займаецца Гістарычная майстэрня — Халакост і іншыя аспекты Другой сусветнай вайны.
Пазней ужо пасля вайны да гэтага гістарычнага ядра былі прыбудаваны яшчэ памяшканні. І паколькі гэта адбывалася ў такой хаатычнай забудове пасля вайны, то выкарыстоўваліся далёка не самыя лепшыя матэрыялы. І вось гэтыя пабудовы не маюць ніякай вартасці — ні гістарычнай, ні культурнай.
Праблема палягае ў тым, што ўжо да нашага часу ўвесь будынак у прынцыпе быў у вельмі складаным тэхнічным стане — яго цалкам можна ахарактарызаваць, як аварыйны, — знаёміць са станам будынку адмысловец. — Будынак зроблены з дрэнных матэрыялаў, але доўгі час ён належна не падтрымліваўся і проста пачаў развальвацца. У пэўны момант на частку прасторы Майстэрні стала нельга заходзіць, бо можна было проста праваліцца праз падлогу. І ясна, што гэта патрабавала рамонту, немагчыма было далей так спраўна функцыянаваць».
Аўтарамі канцэпцыі рэканструкцыі з’яўляюцца архітэктары Левіна, Капылоў і Лукічова. Па словах Аляксея Ластоўскага, ужо ў 2019 годзе былі распрацаваны планы рэканструкцыі, а з 2020 года будынак зачынілі для наведвальнікаў.
«Я так разумею, што проста быў перыяд, калі не маглі да рэканструкцыі будынка паступіцца, у першую чаргу, праз адміністратыўныя і фінансавыя цяжкасці. Бо Гістарычная майстэрня — гэта супольны беларуска-нямецкі інстытут, які ў значнай ступені фінансуецца нямецкім Міністэрствам замежных спраў, яго партнёрам з’яўляецца і Мінгарвыканкам, — нагадвае даследчык. — Трэба было, каб будынак перайшоў ва ўласнасць Гістарычнай майстэрні, што было не простым. Потым трэба было знайсці фінансаванне і ўзгадніць, і адпаведна гэта ўзгадненне мусіць адбывацца на двух узроўнях: і ў Беларусі, і ў Германіі, што само па сабе ўскладняе сітуацыю.
Тое, што адбываецца зараз, наколькі ёсць інфармацыя, і можна лічыць пачаткам рэканструкцыі, — даводзіць эксперт. — З разбору часткі будынка і ясна, што яна зусім не мела вартасці, і была фактычна знішчана, што і выклікала такое абурэнне ў людзей. Але па плане так павінна быць — што тая гістарычная частка — яна будзе разабраная».
Згодна з першым планам рэканструкцыі, кажа гісторык, частка будынка мусіць быць разабраная, зроблена яе рэвізія, а потым адноўленая ўжо ў новым будынку. А да гэтага гістарычнага ядра будзе прыбудаваны сучасны адміністратыўны комплекс, дзе плануецца офіснае памяшканне для супрацоўнікаў Майстэрні, прастора, дзе будуць ладзіцца лекцыі, семінары.
«І таксама ў ідэале планавалася, што там будзе створана пастаянная музейная экспазіцыя пра гісторыю Мінскага гета — гэта было ў планах яшчэ з 2020 года», — заўважае акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі.
Аляксея Ластоўскага зараз хутчэй хвалюе далейшы кантроль над ходам рэканструкцыйных работ.
«Тут жа асноўнае пытанне ў тым, што разабраць-то разабралі, але як будзе адноўлена гістарычная частка — наколькі карэктна, — разважае ён. — І ёсць такі негатыўны досвед, што вельмі часта з-за прынцыпаў эканоміі будаўнікі могуць прыбягаць да тэхналогіі, каб пазбегнуць нейкіх складаных прац. І тут вельмі важна, каб быў належны навуковы і архітэктурны кантроль над гэтым працэсам. Але ведаю, што за гэтай справай мусіць наглядаць архітэктар і скульптара Галіна Левіна — дачка Леаніда Левіна, дзякуючы высілкам якога і паўстала Гістарычная майстэрня. Яна мусіць прыкласці намаганні, каб гэта было зроблена належным чынам».
Даследчык не бачыць праблемы ў тым, што будынак па вуліцы Сухой, 25 так і не атрымаў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
«Была спроба зарэгістраваць дом як гісторыка-культурную каштоўнасць, — пацвярджае суразмоўца. — Але зноў-такі з-за таго, што будынак фактычна складаецца з некалькіх прыбудоў, гэты прывяло да таго, што яго не зарэгістравалі.
Але гэта пытанне складанае: ці аблягчае сам па сабе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці працэс рэканструкцыі? Бо гэта накладвае шмат фармальных абмежаванняў, і часта цяжкім ярмом кладзецца на тых, хто ажыццяўляе рамонт ці рэканструкцыю.
У дадзеным выпадку статусу каштоўнасці не атрымалі, але калі будзе адпаведны кантроль, то я лічу, што нічога страшнага ў гэтай сітуацыі няма. Тут галоўнае, каб аднавілі гістарычнае ядро будынка і змаглі выцягнуць другую частку па стварэнні сучаснага комплексу. Зноў жа, на гэта патрэбна сур’ёзнае фінансаванне, і мы ведаем, што зараз сітуацыя складаная, і для Беларусі, і для Германіі ў плане фінансавым, і гэта можа мець наступствы для лёсу гэтага будынка», — падзяліўся сваімі думкамі Аляксей Ластоўскі.
***
Гістарычная майстэрня Леаніда Левіна пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау пачала працаваць у сакавіку 2003 года. Тут ладзіліся міжнародныя канферэнцыі і семінары. Майстэрня ўключала выставу па тэме Халакоста, што пралівае святло на старонкі мінулага, калі праз гэты будынак праходзілі вязні яўрэйскага гета.
Дом быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя і належаў сям’і Бяркоўскіх. Лейб Бяркоўскі быў вартаўніком на размешчаных непадалёк яўрэйскіх могілках і вядомым разьбяром па камені — таксама рабіў камяні для могілак. Пасля 1929 года дом быў нацыяналізаваны і, як мяркуецца, выкарыстоўваўся прамысловай арцеллю. Падчас вайны ён знаходзіўся ў межах Мінскага гета. У пасляваенны час тут размяшчаліся ЗАГС, швейная майстэрня і будаўнічы склад.
У часы існавання Мінскага гета ў гэтым доме ля могілак быў таемны схрон — так званая «маліна», — дзе яўрэі маглі схавацца. 23 кастрычніка 1943 года нямецкія акупанты абвясцілі Мінск «юдэнфрай» — свабодным ад яўрэяў. Аднак там схаваліся 26 яўрэяў з гета, і 13 з іх дажылі да вызвалення.
Арганізацыямі-заснавальнікамі Гістарычнай майстэрні з’яўляюцца Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр ім. Ёханэса Рау і Саюз Беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram