Злая беларуская літаратура і турэмныя сведчанні 2020-га. Чым парадавалі выдаўцы ў лютым: літагляд

У лютым выдаўцы абяцалі кніжных «разыначак», і мы іх дачакаліся — перакладаў, перавыданняў і выданняў цудоўных твораў, якія дапамагаюць як заарыентавацца ў цяжкія часы, так і цалкам абстрагавацца ад рэальнасці… Нагадаем на ўсялякі выпадак, што гэта толькі частка кніг, выдадзеных цягам лютага, і ў сваёй большасці — незалежнымі выдавецтвамі за межамі Беларусі…

Проза

Цімур Кудзеліч «Пацукі»

У 2021 годзе Цімур Кудзеліч удзельнічаў у конкурсе рукапісаў выдавецтва «Галіяфы» і выйграў яго. Прызам за перамогу было выданне ўласнай кнігі. Тэкст прайшоў рэдактуру Віктара Жыбуля і мусіў выйсці ад ініцыятывы «Хаўрус Умоўнай Інтэлігенцыі» ў выдавецтве «Логвінаў» яшчэ ў 2022 годзе, але тады паўсталі тэхнічныя праблемы, таму раман выйшаў толькі цяпер.

Небяспечныя вылазкі чатырох галодных пацукоў у пошуках ежы, жахлівае здарэнне з сям’ёю гарадскіх алкаголікаў Валіцкіх, сяброўскія пасядзелкі за пляшкай умоўных і творчых інтэлігентаў Хоні й Сярожы, містычная трагедыя з дзецьмі ў вёсцы Калядкавічы, гісторыі з жыцця персанажаў, аблытаных шкоднымі звычкамі й іншымі чалавечымі заганамі, склейваюцца ў ачмуральны псеўдапазл, аповесць-навелу, дзе звычайныя сітуацыі перацякаюць у надзвычайныя, а рэальнае шчыльна пераплятаецца з міфалагізаваным.

«Пацукі» – гэта тэкст пра беларускую літаратуру. Такую, якой я яе бачыў на момант напісання – злую, прасякнутую ванітамі, алькаголем і брудам. Я хацеў давесці такія тэндэнцыі да абсурду, пакпіць з іх, але пры гэтым стварыць адасоблены сусвет», — тлумачыць Цімур Кудзеліч сваю задуму.

Выдавецтва: «Логвінаў».

Набыць тут.

Адам Глобус «Пераказкі»

У кнігу мастака і пісьменніка Адама Глобуса «Пераказкі» сабраліся новыя гісторыі пра старых і ўсім вядомых герояў. Большасць герояў запазычаны з дзіцячых казак, але ўсе яны цяпер жывуць дарослым, поўным кахання і эротыкі жыццём; так што «Пераказкі» не трэба чытаць непаўналетнім і асобам з рухомай псіхікай. Гэта маленькая кніга разлічана на чытача з пачуццём гумару і на чытачку з прагай павесяліцца.

«Ёсць казкі, прыказкі, прымаўкі, а цяпер ёсць і пераказкі… У выдавецтве «Энцыклапедыкс» выйшла мая новая кніга сціплым накладам і ў сціплым аздабленні, якое мне дапамог зрабіць брат Міраслаў. Вось вам і першы чытач «Пераказак»…», — падзяліўся навіной аўтар на сваёй старонцы ў Facebook.

Выдавецтва «Энцыклапедыкс».

Уладзімір Караткевіч «Ладдзя роспачы». Перавыданне

«Ладдзя роспачы» Уладзіміра Караткевіча выйшла ў новым мастацкім аздабленні ад беларускай ілюстратаркі Юліі Давыдавай.

Навела насычана глыбокімі разважаннямі над сэнсам жыцця і лёсам роднай зямлі. Караткевіч сцвярджае, что каханне, цярпенне, смех і жартаўлівасць дапамогуць выстаяць нават у царстве смерці.

Выдавецтва «Папуры».

Набыць кнігу да 14 сакавіка можна толькі ў кнігарні «Параграф 45» са зніжкай 20% па адрасе Мінск, вул. Леаніда Бяды, 45. Працуе кнігарня кожны дзень з 10.00 да 20.00

ПАЭЗІЯ

Анатоль Івашчанка «Непрамо(ў)ленае»

Папяровая версія новай кнігі паэта Анатоля Івашчанкі была прэзентавана на фестывалі памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце».

У ёй сабраныя вершы, што ствараліся цягам апошніх дзесяці гадоў. Тры раздзелы кнігі аб’ядноўвае вера ў тое, што нават пасярод вусцішнае цёмнае моўчы Мова стаецца тым ахоўным абярэгам, сцягам і шляхам, што выводзіць да святла. Адрасуецца ўсім, каму не ўсё роўна.

Выдавецтва: Skaryna Press.

Кнігу можна набыць у папяровай і электроннай версіях.

Сяргей Прылуцкі «Нічога нястрашнага»

У новую кнігу паэзіі Сяргея Прылуцкага ўвайшло каля 30 вершаў.

Акрамя трох тэкстаў усе вершы напісаны пасля 24.02.24, але і гэтыя тры таксама пра вайну і яе прадчуванне.

«Гэтыя вершы, магчыма, з’яўляюцца прадчуваннем вайны, але я хацеў бы нагадаць, што мы з 2014 году жывем у прадчуванні вайны», — расказавае аўтар пра сваю кнігу і вызначае яе жанр як дакументальная паэзія.

Сяргей Прылуцкі жыве ў Бучы пад Кіевам. У 2022 годзе ён здолеў выехаць з Бучы прыкладна пасля двух тыдняў акупацыі, вярнуўся ў траўні 2022 году, калі ў мястэчку аднавіўся транспарт, з’явіліся вада і ацяпленне. Праз кватэру Прылуцкіх прайшлі расіяне, некаторыя рэчы былі скрадзены. Цяпер Буча дастаткова спакойнае месца, хоць чуваць як над Кіевам працуе СПА, чуваць і калі ракета падае на горад, — распавядаў аўтар у інтэрв’ю polskieradio.pl.

Ілюстрацыю выканала Кацярына Пікірэня.

Выдавецтва: hochroth Minsk.

Замовіць тут.

Пераклады

Юргіс Кунчынас «Туўла»

Культавая кніга літоўскай літаратуры — знакамітая «Туўла» Юргіса Кунчынаса (1947-2002) — адзін з найбольш значных раманаў пра Вільню. Ён распавядае пра фатальнае каханне і багемнае жыццё познесавецкай эпохі.

Паэтычнае апавяданне скача ў прасторы і часе і нагадвае размову з каханай. Прыгнечаны сумам юнак сустракае на вуліцах Вільні шмат дзіўных персанажаў, выпівае, шукае прытулку. Апісанні гарадской прасторы прасякнуты любоўю, смуткам, адчаем. Герой кнігі блукае ў пошуках таго, што не можа спраўдзіцца. Каханне ў рамане вечнае, яно не сканчаецца нават пасля смерці.

«Вар’яцтва… Вільня… Валацуга… Вольны валацуга са сваім няўтульным каханьнем, на руінах імпэрыі, на радзіме, дзе яго ніхто не разумее, па-над дахамі, па-над часам… Гэтая кніга напраўду — апякла, зь першых старонак зацягнула ў свае віры, у свае двары, абудзіла нейкі схаваны боль, прымусіла зь дзіўнай асалодай вечар за вечарам ня проста чытаць — упівацца ў тэкст. А заадно нагадала, што такое літаратура: чараўніцтва, двубой з мовай, сабой, часам», — падзяліўся ўражаннямі ад рамана пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

Пераклад Сяргея Шупы.

Выдавецтва «Вясна».

Набыць можна тут.

Маша Калека «Ніхто не чакае»

Выбраныя вершы нямецкамоўнай паэткі, яўрэйкі Машы Калека (Mascha Kaléko) выйшлі на дзвюх мовах: побач нямецкімі арыгіналамі — пераклады на беларускую мову.

У сярэдзіе ХХ стагоддзя паэтычны голас Машы Калека быў адным з найгучнейшых нямецкіх антываенных і антыфашысцкіх галасоў, які выкрываў злачынствы і бескампрамісна заклікаў пакараць вінаватых

Маша Калека (імя пры нараджэнні – Голда Малка Аўфэн, 1907–1975) – паэтка і двойчы эмігрантка. Каб пазбегнуць пагромаў у пачатку Першай сусветнай вайны, яе бацькі-яўрэі разам з дзецьмі былі вымушаныя пераехаць з Хшанава (горад на поўдні сучаснай Польшчы) у Германію. З канца 1920-х гадоў паэтка пачала друкаваць вершы ў нямецкіх газетах і ўвайшла ў кола берлінскай творчай багемы, якая гуртавалася вакол знакамітага «Romanisches Café». Два першыя паэтычныя зборнікі, «Lyrisches Stenogrammheft» («Лірычны зборнік стэнаграм», 1933) і «Das kleine Lesebuch für Große» («Маленькая чытанка для дарослых», 1935) прынеслі ёй поспех і шырокую літаратурную вядомасць, аднак у 1938 годзе нацысцкі рэжым прызнаў іх «шкоднымі і непажаданымі». У тым жа годзе Маша Калека разам з другім мужам, музыкам Хеміа Вінаверам, і сынам Стывенам эмігравала ў ЗША.

У 1968 годзе ў Нью-Ёрку памірае яе сын Стывен ва ўзросце 30 гадоў. А праз пяць гадоў ад працяглай хваробы і муж Шэміа. Туга па радзіме, цяжар эміграцыі, бязрадасная доля на чужыне ціснулі на яе да самай смерці. Новага дому яна так нідзе і не знайшла, «радзімай абраўшы любоў». Сама паэтка спачыла ў 1976 годзе ў Цюрыху.

«Туга па доме для мяне – як сон.

Наш дом… Наўрад ці захаваўся ён.

Не дом хаваецца за той тугой –

Цяжар выгнання, што заўжды са мной.

Радзіма для мяне, чужой, – турма.

Туга са мной.

А дому ўжо няма».

«Туга па чым?»

Пераклад Ігара Крэбса.

Выдавецтва: Gutenberg Publisher

Набыць тут.

Анджэй Сапкоўскі «Вядзьмар. Час ганьбы»

Сага Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмара Геральта — адзін з найлепшых узораў літаратуры ў жанры фэнтэзі. Яго героі даўно сталі культавымі персанажамі сярод чытачоў па ўсім свеце.

Перад абліччам вайны, якую героі кнігі называюць ча­сам ганьбы, гонар, выбар, надзея і нават жыццё робяцца раскошай, якую немагчыма сабе дазволіць. Галоўны герой сагі Геральт з Рывіі калісьці вельмі не хацеў выбіраць, і ўсё, што яму цяпер застаецца, — выбіраць без выбару, спадзявацца, што надзея не страчаная, а рэштай жыцця плаціць за памылку нейтральнасці.

У планах выдавецтва — перавыданне папярэдніх частак сагі Анджэя Сапкоўскага.

Пераклад Кацярыны Маціеўскай.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць тут.

Вашынгтон Ірвінг «Легенда Соннай Лагчыны»

У кнізе змешчаны тры містычныя апавяданні: «Легенда Соннай Лагчыны», «Рып Ван Вінкль» і «Жаніх-здань».

Кнiгi Вашынгтона Iрвiнга заўсёды апавядаюць пра незвычайных людзей i захапляльныя падзеi, у iх ёсць дух прыгоды i трохi казачная атмасфера даўнiны. Найбольш цiкавыя для еўрапейскага чытача тыя яго творы, якiя апавядаюць пра Амерыку галандскiх каланiстаў, Амерыку тых сонных i павольных часоў, калi да яе яшчэ не дайшоў прагрэс.

У гэтых кнігах мы сустракаем працавiтых i трохi наiўных галандскiх фермераў з iх блакiтна-белымi парцалянавымi люлькамi, лiхiх пiратаў, якiя хаваюцца ў затоках дзiкага яшчэ Манхэтана, забабонных наведвальнiкаў карчмы, што апавядаюць страшныя легенды пры камінку, i шалёных шукальнiкаў кладаў, гатовых дзеля пiрацкiх скарбаў заключыць угоду з самiм д’яблам.

Пераклад Андрэя Дубовіка.

Выдавецтва: Gutenberg Publisher.

Купіць тут.

Нон-фікшн

Ганна Комар. «Калі я выйду на волю»

Ганна Комар — паэтка, перакладчыца, актывістка, якая нядаўна дэбютавала як празаік. У яе кнізе дакументальнай прозы «Калі я выйду на волю» апісваецца дзевяць дзён, якія паэтка прабыла ў зняволенні ў 2020 годзе. Брутальнасць міліцэйскага гвалту, бязглуздзіца турэмнай сістэмы, спосабы супраціву і выжывання ў турэмных умовах, салідарнасць і падтрымка ад тых, хто заставаліся на волі, — усё гэта раскрываецца праз дзённікавыя запісы самой аўтаркі і аповеды тых, хто зазнаў гвалт і арышт у той час, блізкіх людзей, якія падтрымлівалі зняволеных.

Дзённік паэткі знітоўвае ўсе сведчанні, вакол яго і будуецца аповед.

«Гэта кніга — напамін пра найлепшых нас, смелых і аб’яднаных высокімі ідэямі. Мы такімі былі — і мы такімі застаёмся», — піша Ганна Комар у эпілогу.

У кнігі незвычайны дызайн ад Одрэн Аліны. «Мы хацелі, каб кніга пра цяжкі час не была цяжкой, каб у ёй былі прастора і паветра. Я адпачатку разумела, што не хачу, каб ён проста ішоў суцэльным масівам, каб аповеды ішлі адзін за адным, бо насамрэч многія падзеі адбываліся адначасова ў розных пунктах аднаго і таго ж двара, у розных частках той самай турмы альбо адначасова ўнутры і па-за турмой, — дзеліцца аўтарка дэталямі працэсу стварэння кнігі. — Да таго ж я разумела, што тэкст няпросты, і мне хацелася паклапаціцца пра чытача, хаця б праз дызайн зрабіць гэты досвед хіба менш балючым. Патрабавалася вялікая дызайнерская праца, а гэта дорага, як і друк кнігі. Такім чынам, мы змаглі пачаць працу, толькі калі атрымалі фінансаванне ад Еўрасаюзу ў рамках праекту EU4Culture. На стварэнне і друк кнігі нам спатрэбілася дзевяць месяцаў».

У сакавіку запланаваныя прэзентацыі ў Варшаве, Беластоку і Вільні.

Выдавецтва Skaryna Press.

Заказаць ў іншыя краіны можна, напісаўшы на скрыню knihanavoliu@gmail.com.

А таксама падтрымаць праект і замовіць кнігу можна праз ko-fi.com.

Латышонак Алег «Жаўнеры БНР». Перавыданне

Манаграфія Алега Латышонка «Жаўнеры БНР» перавыдадзена ў чацвёрты раз, раней яна выходзіла ў 2009, 2010 і 2014 гадах.

Анатацыя паведамляе, што кніга Алега Латышонка хавае пад сваёй вокладкай шматгадовы даробак аўтара ў галіне беларускай вайсковай справы. Яе падставай стаў пераклад кандыдацкай працы пра беларускія вайсковыя фармаванні ў 1917-1923 гадах, апублікаванай на польскай мове ў 1995-м. Наступны блок адкрывае вялікае навукова-папулярнае эсэ пра генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Эсэ дапаўняюць навуковыя артыкулы, прысвечаныя розным аспектам жыцця і дзейнасці генерала.

Гэтыя два блокі дапоўненыя шматлікімі артыкуламі, прысвечанымі паасобным беларускім фармаванням у розных арміях і выдатным беларускім вайскоўцам таго часу, а таксама палітычным аспектам змагання за БНР.

Асобны блок ствараюць артыкулы, прысвечаныя ўдзелу беларусаў Беласточчыны ў змаганні за незалежную Беларусь.

Чацвёртае выданне кнігі дапаўняе «Прадмова» прафесара Варшаўскага ўніверсітэта Юрыя Грыбоўскага.

Выдавецтва: Фонд Kamunikat.org

Замовіць можна тут.

Зміцер Бартосік «Забіць упалмінзага». Перавыданне

Фонд «Камунікат» перавыдаў кнігу Змітра Бартосіка «Забіць упалмінзага» з шыкоўным дызайнам ад Артура Вакарава.

«Забіць упалмінзага» — трэцяя кніга Змітра Бартосіка ў серыі «Падарожжаў Свабоды» пасля папярэдніх: «Быў у пана верабейка гаварушчы» і «Клініка кітайскага дантыста». Тут, як і ў ранейшых кнігах, апавядаецца пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакументаў і галасамі жывых сведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Гаворка ідзе пра апошнюю спробу ўратавання рэальнасці, якой яна была ў пасляваеннай Беларусі, — без інтэрпрэтацый.

Упершыню кніга выходзіла ў 2022 годзе.

Выдавецтва: Фонд Kamunikat.org.

Замовіць можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.