У сеціве пачала працу першая публічная версія праекта Brama — каталог відэа з YouTube, створаных у Беларусі ці беларусамі за мяжой. Задача ініцыятывы — папулярызацыя беларускага відэакантэнту.
Стваральнікі Brama тлумачаць ідэю заснавання асобнага каталогу беларускіх відэа наступным чынам.
«Нягледзячы на тое, што YouTube мае моцныя алгарытмы для падбору цікавага для вас кантэнта, знайсці відэа, створаныя беларусамі ці па-беларуску, можа быць цяжка. YouTube працуе так, каб прасоўваць відэа, якія спадабаюцца максімальна шырокаму колу людзей. […] Нават падпісваючыся на розныя каналы, вы можаце ня ведаць, што існуюць іншыя беларускія каналы, якія вам могуць спадабацца.
Задача Brama — акурат дапамагчы карыстальнікам знайсці беларускія відэа на цікавыя тэмы ў вялікім і зручным каталоге».
Праект створаны з уласнай ініцыятывы і не мае падтрымкі ад YouTube ці іншых арганізацый, паведамляецца на сайце праекта.
Каналы на сайце разбіты па катэгорыях. У прыватнасці, на дадзены момант у раздзеле «Культура» можна знайсці блогі Андрэя Хадановіча, Аляксандра Чарнухі, Мікіты Моніча, праектаў «Літрадыё», «Гаварун — кіно па-беларуску», PERFARATAR, ды іншыя відэа.
Дадзеныя абнаўляюцца аўтаматычна ў рэжыме рэальнага часу.
«Праект знаходзіцца ў стадыі бэта-тэставаньня, — звяртаюць увагу стваральнікі. — Шмат які функцыянал яшчэ не рэалізаваны, а некаторыя функцыі могуць працаваць нестабільна. Калі вы ведаеце канал, які адсутнічае ў каталогу, дадайце яго», — просіць Brama.
Сачыць за праектам і падтрымаць яго можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram