1 снежня падчас Кірмашу гістарычнай кнігі ў Варшаве будуць абвешчаныя пераможцы дзвюх беларускіх літаратурных прэмій: «Дэбют» за найлепшую дэбютную кнігу і Прэміі Карласа Шэрмана за найлепшы мастацкі пераклад на беларускую мову.
У імпрэзе возьмуць удзел прадстаўнікі аргкамітэта і сябры журы, якія падвядуць вынікі і абвесцяць пераможцаў за 2021 і 2022 гады, піша Беларускі ПЭН.
Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе і прысвечаная памяці класіка беларускай паэзіі пачатку ХХ стагоддзя.
Прэмія Карласа Шэрмана заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка і грамадскага дзеяча Карласа Шэрмана.
Суарганізатарамі прэміі выступаюць Bellvory Stiftung, Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Нагадаем, што на Кірмашы гістарычнай кнігі ў Варшаве будзе арганізаваны беларускі стэнд.
1 снежня, акрамя ўручэння прэмій, адбудзецца прэзентацыя кніжнай серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», кніг польскай класікі ў перакладзе на беларускую мову, а таксама кнігі Насты Кудасавай «Я працягваю».
2 снежня чакаецца сустрэчы з чытачамі і прэзентацыя кніг Алеся Аркуша, Евы Вежнавец і Альгерда Бахарэвіча.
3 снежня пройдзе прэзентацыя зборніка «Мовазнаўчыя працы» Вацлава Ластоўскага і сустрэча з яго ўкладальнікам Уладзіславам Гарбацкім.
Дата: 1 снежня 2023 года.
Час: 16:00
Месца: Каралеўскі замак у Варшаве, Музей Arkady Kubickiego (уваход ад вуліцы Grodzkiej), Зала Forum.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram