Беларускі ПЭН з кастрычніка 2019 года сістэмна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
У пачатку сакавіка ПЭН выклаў маніторынг са статыстыкай і аналізам адступленняў ад прававых нормаў у 2023 годзе. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц, шляхам асабістых кантактаў і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры, у тым ліку ў рамках даследавання схаваных рэпрэсій.
Сітуацыя сацыяльна-палітычнага крызісу, у якой Беларусь апынулася ў выніку фальсіфікацыі рэжымам прэзідэнцкіх выбараў і сілавога задушэння мірных пратэстаў у 2020 годзе, працягвае негатыўна ўплываць на сферу культуры. Не спыняецца палітычна матываваны пераслед дзеячаў культуры: ператрусы, допыты, затрыманні, адміністрацыйныя арышты, крымінальныя тэрміны, арышты маёмасці – у тым ліку ў дачыненні да тых, хто выехаў за мяжу. Публікуюцца дыфамацыйныя матэрыялы ў СМІ.
Сфера культуры прасякнута цэнзурай і татальным кантролем: адбываюцца звальненні нелаяльных спецыялістаў, існуе забарона на прафесійную дзейнасць. Рэжым разглядае нобелеўскіх лаўрэатаў, папулярызатараў нацыянальнай культуры, музычныя калектывы, творы літаратурных класікаў як пагрозу «нацыянальнай бяспецы». Пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам ён пазбаўляе творцаў магчымасці выказвацца, зарабляць на жыццё, а часам – і самога жыцця.
У 2023 годзе маніторынгавая група Беларускага ПЭНа зафіксавала 1499 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
З іх — 1097 парушэнняў у дачыненні да 605 дзеячаў культуры і асоб, чые культурныя правы былі парушаны; 163 парушэнні ў дачыненні да 147 арганізацый і супольнасцяў; 57 парушэнняў у дачыненні да аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны і беларускай мовы.
Станам на 31 снежня 2023 года пазбаўлены волі або абмежаваны ў ёй не менш за 155 дзеячаў культуры, 104 з якіх прызнаны палітычнымі зняволенымі.
10 дзеячаў культуры трапілі ў турмы, 80 адбываюць пакаранне ў калоніях, 4 – на «хіміі», 21 чалавек знаходзіцца ў СІЗА МУС і КДБ, 38 дзеячаў культуры – на «хатняй хіміі», месцазнаходжанне яшчэ 2 чалавек праваабаронцам невядомае.
Сярод формаў пераследу важна адзначыць:
У параўнанні з папярэднімі перыядамі колькасць зафіксаваных парушэнняў у 2023 годзе не зменшылася, нават нягледзячы на тое, што факты пераследу робяцца ўсё менш публічнымі. Рэжым працягвае затрымліваць і саджаць дзеячаў культуры ў турмы, ціснуць на іх сваякоў, пераследаваць за свабоду слова і думкі.
Рэпрэсіі і неспрыяльная грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне ўжо трэці год значна змяняюць сферу культуры Беларусі – ідзе кардынальнае пагаршэнне сітуацыі.
Задушаны і амаль вычышчаны незалежны сектар: закрыта большасць значных культурных арганізацый і ініцыятыў, амаль цалкам перакрыты легальныя магчымасці для вытворчасці і дэманстрацыі вынікаў творчасці.
Афіцыйная культура Беларусі зазнае выцясненне непадкантрольных спецыялістаў, татальную ідэалагізацыю, адмову ад міжнароднага супрацоўніцтва, замыканне на прарасійскім вектары развіцця.
Творцам вельмі складана знайсці месца для выказвання.
Усё гэта вядзе да адыходу незалежнага сектара ў падполле і яго герметызацыі; дэпрафесіяналізацыі дзяржаўных інстытутаў і падзення якасці прадукту, які яны вырабляюць; самацэнзуры і масавага выезду прафесіяналаў сферы з краіны.
Цалкам маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры размешчаны на сайце Беларускага ПЭНа.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram