Рэпрэсіі на кінастудыі «Беларусьфільм» дайшлі да студыі дакументальнага кіно «Летапіс». У падраздзяленні, якое некалі стварала славу беларускай дакументалістыцы, звольнілі слынную рэжысёрку Галіну Адамовіч, рэдактара, сцэнарыста і рэжысёра Уладзіміра Мароза і дырэктарку студыі Аксану Эйхарт. Абапіраючыся на звесткі сваіх крыніцаў, пра гэта напісала «Еўрарадыё».
Прычына, па якой сваю пасаду згубіла адна з самых дасведчаных дырэктарак кіно Аксана Эйхарт, — адстойванне праектаў студыі падчас іх разгляду на мастацкай радзе. «Цяпер чыноўнікі на яе месца шукаюць больш памяркоўнага кіраўніка», — адзначае медыя.
Да Галіны Адамовіч, рэжысёркі такіх вядомых дакументальных стужак як «Пакахай мяне чорненькім», «Завядзёнка», «Божа мой», «Інакіня», «Маляваны рай», «Добрых дзяўчат не б’юць», прэтэнзіі былі да зместу яе новых карцін. Апошняй кропляй, са слоў крыніцы «Еўрарадыё», стала з’яўленне ў адной са стужак Адамовіч фанаграмы, прысвечанай Украіне.
Час звальнення Аксаны Эйхарт і Галіны Адамовіч не ўдакладняецца, а вось рэдактар, сцэнарыст і кінарэжысёр Уладзімір Мароз пакінуў «Летапіс» яшчэ на пачатку 2024 года — з ім не працягнулі кантракт. Адзначым, што адмыслоўца аддаў студыі дакументальных фільмаў без малага 30 гадоў.
Студыя «Летапіс» — легендарнае падраздзяленне кінастудыі «Беларусьфільм», на якім працавалі выбітныя беларускія рэжысёры-дакументалісты, прызнаныя на міжнародным узроўні: Віктар Дашук, Міхаіл Жданоўскі, Юрый Гарулёў, Віктар Аслюк, Вольга Дашук, ужо можна дадаць Галіна Адамовіч. Студыі, нягледзячы на фінансавыя абмежаванні і цэнзуру, доўгі час удавалася трымаць прафесійны ўзровень, але ў апошнія гады пайшлі з жыцця некаторыя кінематаграфісты, кагосьці вывелі за штат «Летапісу», а пасля 2020 года пачаў працаваць махавік рэпрэсій, які прывёў адно з мацнейшых падраздзяленняў «Беларусьфільма» да той сітуацыі, што ёсць сёння.
Так, на сайце «Беларусьфільма» адзначаецца, што ў 2024 годзе ў вытворчасці на студыі «Летапіс» знаходзіцца 11 фільмаў. Сярод іх такія ідэалагічныя праекты як: «Спаленыя вёскі», «Лагеры смерці», «Галоўная крэпасць», «Мара чэмпіёна» аб трохразовым алімпійскім чэмпіёне Аляксандры Мядзведзе, «Птушка Фенікс Аляксея Талая» — адпаведна аб беларускім праўладным актывісце Аляксеі Талаі.
«Сёння беларускае дакументальнае кіно, якое вырабляе студыя «Летапіс», грунтуючыся на вечных каштоўнасцях і працягваючы лепшыя традыцыі мастацкага ўвасаблення рэальнасці на экране, асвойвае новыя рубяжы экраннага разумення жыцця», — заўважаецца на старонцы «Летапісу».
Сярод апошніх стужак Галіны Адамовіч, знятых на «Беларусьфільме», можна вылучыць дакументальную карціну «Страла» — пра песенныя традыцыі і абрады Беларусі на прыкладзе ўнікальнага народнага калектыву «Стаўбунскія вячоркі» з Веткаўскага раёна.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: