Інтэрнэт-платформу з навінкамі беларускай музыкі распрацаваў рэсурс «Клік». «Мы аўтаматызавалі працэс збору інфармацыі са стрымінгавых сэрвісаў і зрабілі нашу платформу ўніверсальным месцам для пошуку навін беларускай музыкі», – так прэзентуе пляцоўку каманда музычнага праекта.
На дадзены момант платформа працуе ў тэставым рэжыме. На сайце можна знайсці свежыя сінглы беларускіх музыкаў, спасылкі на трэкі лідараў праслухоўванняў за апошні месяц, і топ-100 артыстаў і артыстак з Беларусі, якія набралі найбольшую колькасць слухачоў на Spotify і Yandex Music за апошні час. Па сутнасці, платформа працуе як агрэгатар — яна падказвае што зараз слухаюць на музычных пляцоўках за аўтарствам беларускіх выканаўцаў, а ўласна слухаць музыку карыстальнікам прапаноўваецца на аўдыястрымінгавых сервісах.
Адметнасцю новага рэсурса з’яўляецца спіс беларускіх артыстаў з 500 імёнаў, які сабрала каманда «Кліка». Спіс працягвае папаўняцца — і праз яго актуалізацыю наведвальнікі платформы могуць даведацца пра музычныя навінкі выканаўцаў — навіны пра новыя песні аўтаматычна з’яўляюцца на пляцоўцы адразу пасля рэлізу музыкаў.
«Таксама на нашай платформе можаце ўбачыць статыстыку артыста/кі, графік дынамікі праслухоўванняў, топ па папулярнасці на розных сэрвісах (яны таксама будуць дадавацца). Такім чынам, бясплатна вы атрымліваеце ўнікальную ў сваім родзе платформу, над якой наша каманда працавала і працягвае працаваць для зручнасці і папулярнасці беларускай музыкі», — распавядаюць распрацоўшчыкі сервіса.
Слухачы ўспрынялі навінку ў цэлым добра, але ўзнікла спрэчка наконт таго, каго можна лічыць беларускім артыстам ці артысткай. Ці з’яўляецца спявачка Б’янка — беларускай выканаўцай? Ці Ціма Беларускіх?
На дадзены момант топ-5 беларускіх артыстаў на Spotify па версіі Klik.music выглядае так:
1. yatashigang — 3 663 872 праслухоўванняў
2. Molchat Doma — 2 962 577 праслухоўванняў
3. nkeeei — і 2 310 401 праслухоўванняў
4. uniqe — і 2 290 444 праслухоўванняў
5. ARTEM SHILOVETS — і 2 239 152 праслухоўванняў.
Топ-5 беларускіх артыстаў на Yandex Music па версіі Klik.music выглядае так:
1. Бьянка — 4 909 492 праслухоўванняў
2. Би-2 — і 4 532 284 праслухоўванняў
3. ЛСП — і 3 943 536 праслухоўванняў
4. Макс Корж — і 3 801 590 праслухоўванняў
5. ARTEM SHILOVETS і адпаведна 3 339 962 праслухоўванняў.
Тэсціроўка «Кліка» пакуль не завершана — каманда платформы абяцае дадаць яшчэ некалькі зручных функцый для карыстання сервісам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram