У мэтах праекта «Maldzis» — вяртанне культурных каштоўнасцей Беларусі, вызначэнне найбольш «беларускіх мясцін» свету, а таксама мапа адрасоў, звязаных з жыццём і дзейнасцю знакамітых ураджэнцаў беларускай зямлі ў замежных краінах.
«Праект быў задуманы каля года таму разам з Рыгорам Астапенем, фактычна рэалізуецца намі ўвесь гэты час непублічна і вось цяпер выходзіць на людзі», — піша ў сваім ТГ-канале былы дыпламат Павел Мацукевіч.
Адна з цэнтральных задач — абудзіць у беларусаў цікавасць да ўласнай культурнай спадчыны, ператварыўшы яе ў падмурак, які аб’ядноўвае нацыю.
Другая па чарзе, але роўная па значнасці мэта Maldzis звязаная з рэпутацыяй і складаецца ў тым, каб абапершыся на геаграфічнае становішча, каштоўнасныя арыенціры і карані, прасунуць імідж Беларусі як еўрапейскай краіны. Бо і гістарычна аж да канца ХVІІІ стагоддзя беларускія землі развіваліся ў кантэксце Еўропы.
Аднаўленне гэтай гісторыі ў імёнах, падзеях і сувязях дапаможа нам з самаідэнтыфікацыяй і адказам на вечныя беларускія пытанні, хто мы і дзе наша месца.
Словам, Maldzis — гэта спосаб дапамагчы беларусам заняць «свой пачэсны пасад між народамі».
Праект названы ў гонар Адама Мальдзіса, які клапаціўся пра культурную спадчыну Беларусі: адкрываў і папулярызаваў малавядомыя старонкі беларускага мінулага, шукаў і вяртаў страчаныя культурныя каштоўнасці, даставаў з забыцця беларускія імёны, аднесеныя да замежнай і сусветнай культуры, каб узбагаціць імі нашу.
Менавіта Адам Мальдзіс у 1970-я першым расказаў, адкуль і пры якіх абставінах знікла галоўная святыня Беларусі (крыж Еўфрасінні Полацкай). Менавіта ён таксама яшчэ ў савецкія гады выявіў беларускія сляды ў біяграфіях Ігната Дамейкі і Міхала Клеафаса Агінскага, якія на той час асацыяваліся з Польшчай, і сваімі публікацыямі пра іх адкрыў беларусам гэтыя імёны і даў падставы імі ганарыцца.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram