У 2024 годзе спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння Юдаля Пэна і 155 гадоў з дня нараджэння Якава Кругера, мастакоў-педагогаў, заснавальнікаў прыватных школ малюнка і жывапісу ў Віцебску і Мінску.
Творчы і педагагічны даробак двух яўрэйскіх мастакоў з Беларусі сабралі ў адной экспазіцыі нацыянальнага мастацкага музея «Юдаль Пэн, Якаў Кругер. Мастацкія школы Беларусі».
Адзін з іх — настаўнік Шагала, другі — Суціна, але яны і самі адметныя творцы, магчыма, не такія знакамітыя, як некаторыя іх вучні, але безумоўна вартыя ўвагі. Менавіта таму экспазіцыю падзялілі на дзве часткі: у першай — жывапіс і графіка Пэна і Кругера, у другой — працы вучняў, прадстаўнікоў надзвычай розных мастацкіх плыняў і напрамкаў: Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Давіда Якерсона, Алены Кабішчэр-Якерсон, Саламона Гершова, Яфіма Раяка, Льва Зевіна, Заіра Азгура, Саламона Юдовіна, Льва Лейтмана, Лазара Рана, Ісака Бароўскага, Пятра Явіча, Мішэля Кікоіна, Міхася Станюты, Ісака Мільчына і іншых…
Вышэйшая мастацкая адукацыя
Пэна і Кругера многае яднала. Напрыклад, яны абодва здолелі атрымаць вышэйшую мастацкую адукацыю, што яўрэям у Расійскай імперыі давалася няпроста з некалькіх прычын.
Па-першае, іудаізм забараняў адлюстроўваць аб’екты фізічнага свету. У пэўныя перыяды яўрэйскай гісторыі забарона на выявы выконвалася літаральна, аднак у першай палове ХІХ стагоддзя некаторыя яўрэйскія мастакі пачалі прытрымлівацца акадэмічных традыцый еўрапейскага жывапісу.
Па-другое, Расійская імперыя абмяжоўвала пражыванне яўрэяў рысай аселасці, а напрыканцы ХІХ стагоддзя прыём яўрэяў у вышэйшыя навучальныя ўстановы быў абмежаваны працэнтнымі квотамі.
Сям’я Юдаля Пэна катэгарычна не падтрымлівала яго жаданне маляваць, у дзяцінстве яго білі па руках за рэалістычныя выявы, а каб мець магчымасць вучыцца ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, ён мусіў доўгія гады збіраць грошы, працуючы памочнікам маляра.
Якаву Кругеру пашанцавала нашмат больш, ён вучыўся на грошы дабрачынцаў: спачатку ў Кіеве, пасля ў польскага партрэтыста Леапольда Гаровіца, а з 1888 па 1895 гады працягнуў адукацыю ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна, а пасля — у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў.
Два шляхі для яўрэйскага мастака
Пасля атрымання прафесійнай адукацыі ў яўрэйскіх мастакоў было два шляхі: аддаць даніну яўрэйскай традыцыі ў сюжэтах і матывах сваіх твораў, незалежна ад стылю, у якім яны працавалі (напрыклад, Марк Шагал, Эль Лісіцкі ў першыя гады творчасці, мастакі Палестыны пачатку стагоддзя), ці ўвогуле адмовіцца ад яўрэйскіх матываў і далучыцца да іншай традыцыі (як, напрыклад, зрабіў унук рабіна з мястэчка Кібарты Ковенскай губерні Ісаак Левітан, якога у шматлікіх публікацыях называюць «песняром рускай прыроды»).
І Юдаль Пэн, і Якаў Кругер аддалі даніну яўрэйскім тэмам і матывам. Аднак першы творца прысвяціў гэтаму ўсё сваё свядомае жыццё і лічыцца адным з аўтараў «яўрэйскага рэнесансу», а другі — Якаў Кругер — звяртаўся да гэтай тэмы эпізадычна.
Да кастрычніцкай рэвалюцыі, з пачатку ХХ стагоддзя, у жывапісе Кругера выразна прысутнічала яўрэйская тэматыка. А на мяжы 1920-х – 1930-х гадоў ён піша шэраг партрэтаў прадстаўнікоў яўрэйскай інтэлігенцыі: акцёра Міхоэлса, пісьменнікаў Абрамовіча і Харыка, філосафа Вольфсана і іншых. У гэты ж час стварае палотны «Кастусь Каліноўскі» і «Францыск Скарына, першы беларускі друкар» (1925).
А найбольшую вядомасць яму прынеслі выкананыя ў 1923 годзе партрэты Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Кругер называў сябе «мастаком Мінска», ён першы атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, адным з першых спрычыніўся да стварэння савецкага параднага жывапісу і атрымаў прызнанне як аўтар «афіцыйнага партрэта». Апошні тэрмін ужыў вядомы мастацтвазнаўца Мікола Шчакаціхін з нагоды выставы Кругера ў Мінску ў 1929 годзе. Шчакаціхін апісваў гэтыя партрэты як «выявы вельмі падобныя, строгія, трохі сухаватыя і скупыя на дэталі малюнка… выбітных асоб з ліку палітычных, грамадскіх, культурных дзеячаў… Чарвякова, Галадзеда, Вальфсона, Ігнатоўскага, артыстаў – Ждановіча і Галубка; цэнтрам увагі ўсюды тут становіцца перадача асобы».
У 1930-я, калі многія мадэлі яго партрэтаў былі абвешчаны «ворагамі народа», яго творчасць змяняецца: з’яўляецца больш партрэтаў стаханаўцаў, перадавікоў працы, калгаснікаў, Сталіна, менш выяў жанчын і дзяцей, дзе ён лічыўся сапраўдным майстрам.
Пэн на фоне свайго калегі выглядае, безумоўна, больш паслядоўным у тэмах і ідэях сваіх твораў. Закончыўшы Пецярбургскую акадэмію мастацтваў і атрымаўшы класічную еўрапейскую адукацыю, ён узяў з яе толькі тэхніку, метад стварэння выявы, то-бок традыцыю «старой школы», як гэта апісваў яго вучань Марк Шагал, аднак ідэйна і тэматычна ён запаўняў свае карціны яўрэйскім зместам. Цягам усёй сваёй творчасці Пэн перадаваў сцэны з жыцця ці жанравыя партрэты простых яўрэяў — рамеснікаў і гандляроў, гадзіншчыкаў, краўцоў, шаўцоў.
Сучаснікі сведчылі, што герояў сваіх карцін Пэн шукаў на кірмашы, угаворваючы гандляроў і рамеснікаў яму пазіраваць. Падставовая рыса гэтых твораў, іх сакрэтны шыфр — перадача мастаком годнасці людзей, іх маральнай сілы, што вынікала са старажытнай яўрэйскай традыцыі.
Гэтыя творы ахутаны настальгічным пачуццём знікнення звыклага ладу жыцця: вайна, пагромы, рэвалюцыі і эміграцыя змяталі ўстоены парадак, разбуралі векавыя традыцыі. Старонняга гледача палотны аўтара пагружаюць у экзатычныя дэталі побыту пачатку ХХ стагоддзя.
У савецкі час творчасць Юдаля Пэна не зазнала прынцыповых зменаў, тым больш, што паказ гаротнага жыцця простых людзей да рэвалюцыі ўкладаўся ў савецкія ідэалагемы. Аднак пад ціскам патрабаванняў новай улады мусіў пайсці на нязначныя саступкі ці хутчэй — на хітрасці. Напрыклад, новая версіі 1925 года яўрэйскага гандляра, які чытае газету, называецца «Малады камсамольскі шавец», а газета, якую ён чытае, савецкая. У тым жа годзе ён піша партрэт чалавека, падобны да іншых партрэтаў бедных яўрэйскіх мужчын дарэвалюцыйнай эпохі, і называе яго партрэтам яўрэйскага калгасніка.
Аднак была ў гэтага аўтара і адметная свецкая тэма. Пераважная большасць тых, каго партрэтаваў Пэн, былі жыхарамі Віцебска, не заўсёды яўрэі, і сярод апошніх было шмат маладых жанчын. Марк Шагал сцвярджаў, што «не было ніводнай прыгожай маладой жанчыны, якую Пэн, дасягнуўшы 20-гадовага ўзросту, не запрасіў бы пазіраваць яму ў любым выглядзе». Дарэчы, адна з версій забойства мастака ў 1937 годзе якраз звязана з гэтай старонкай яго біяграфіі.
Як чалавек, цалкам апантаны мастацтвам, ён звяртаў мала ўвагі на побыт. Нават адчуваючы фінансавыя цяжкасці, адмаўляўся прадаваць свае творы. А на прэтэнзіі родзічаў адказваў, што натхненнем не гандлюе.
Пачынальнікі мастацкіх школ — у Віцебску і Мінску
Беларуская мастацкая школа насамрэч пачалася ў Віцебску — шляхам пераемнасці (хутчэй геаграфічнай, чым ідэалагічнай), змен кіраўніцтва з-за палітычных установак улады ў стаўленні да мастацтва. Пэн тут з’яўляецца цікавай постаццю, што лучыць некалькі традыцый.
Атрымаўшы дыплом Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, мастак жыў у Рызе і Дзвінску, у 1890-х перабраўся ў Віцебск, дзе атрымаў кватэру ў цэнтры горада. У 1896 годзе ў вялікім пакоі ён арганізаваў вучэбную майстэрню — Школу жывапісу Пэна, якую сталі называць яўрэйскай з-за таго, што каля паловы жыхароў горада складала яўрэйскае насельніцтва. (паводле перапісу 1897 года 50,8% жыхароў Віцебска лічылі ідыш роднай мовай).
Сцены вучэбнай майстэрні ад падлогі да столі былі завешаны карцінамі, эскізамі і эцюдамі Пэна, якія мастак выкарыстоўваў у якасці ўзораў для навучання.
Некаторыя таленавітыя дзеці з бедных сем’яў навучаліся бясплатна за кошт дабрачыннай дапамогі ўладальніка піваварнага завода.
Юны Марк Шагал аднойчы ўбачыў рэкламу школы Пэна і ўгаварыў сваю маці дазволіць яе наведваць. Ён правёў у школе зусім кароткі час, некалькі месяцаў, але дастатковы для таго, каб трапіць пад уплыў свайго настаўніка. Яны катэгарычна не супадалі ў мастацкіх поглядах: адзін быў кансерватарам, іншы — наватарам, але Пэн стаў для сваіх вучняў прыкладам мастака, які заахвоціў Шагала трымацца сваіх усходнееўрапейскіх яўрэйскіх каранёў, звязаных з культурай ідыш і яўрэйскім правінцыйным жыццём. «Вы выхавалі велізарнае пакаленне яўрэйскіх мастакоў», — пісаў пазней Шагал Пэну з далёкай еўрапейскай сталіцы, дзе атрымаў прызнанне і бясконца пераўвасабляў у сваіх карцінах стары правінцыйны Віцебск, што застаўся толькі ў яго памяці.
Школа жывапісу Пэна — як прыватная ўстанова — была закрыта новымі ўладамі ў 1918 годзе. Марк Шагал, які пасля рэвалюцыі атрымаў пасаду ўпаўнаважанага камісара па справах мастацтваў Віцебскай губерніі, адкрыў новую ўстанову — Віцебскае народнае мастацкае вучылішча — і з сярэдзіны 1919 года запрасіў Пэна кіраваць майстэрняй. Студыя Пэна становіцца філіялам вучылішча.
Напрыканцы 1919 годзе ў вучылішча быў запрошаны рускі супрэматыст Казімір Малевіч. Паміж ім і Шагалам адразу ўзнік канфлікт, і на наступны год Шагал з’ехаў з Віцебска ў Маскву, а яшчэ праз тры гады — у Парыж, а авангарднае вучылішча было ператворана ў Віцебскі мастацкі тэхнікум з зусім іншай методыкай выкладання.
Пэн папрацаваў у вучылішчы зусім нядоўга і быў вымушаны сысці. З часам Пэну выдзелілі персанальную пенсію.
«Рысавальная школа мастака Кругера ў Мінску» ўзнікла ў 1906 годзе, на базе яго прыватных курсаў жывапісу і малявання. Школа дзейнічала да 1914 года. Пра дэталі яе арганізацыі вядома з архіўнай справы аб грашовай дапамозе са сродкаў Мінскай гарадской думы, якую Кругер прасіў у 1912 годзе. Запіс камісіі паведамляе, што школа добра абстаўленая, забяспечаная добрым святлом і цалкам дастатковай калекцыяй мадэляў, малюнкаў гіпсавых злепкаў. Кругеру на адзін год далі субсідыю 300 рублёў, абавязаўшы мастака не менш за шэсць бедных вучняў узяць бясплатна.
Сярод вучняў Якава Кругера былі як будучыя класікі беларускага мастацтва: Іван Ахрэмчык, Заір Азгур, Міхаіл Станюта, так і вядомыя прадстаўнікі Парыжскай школы — Хаім Суцін і Міхаіл Кікоін.
Лёс спадчыны
Юдаль Пэн быў забіты ў сваёй кватэры ў 1937 годзе, загадка гэтай смерці да гэтага часу не раскрытая. Пэн завяшчаў свае працы Віцебску, аднак большая іх частка знікла пасля эвакуацыі ў Расію падчас Другой сусветнай вайны, захавалася каля чвэрці — 170 работ.
Якуб Кругер памёр у 1940 годзе. Яго творы і архіў захоўваліся ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. У 1941 годзе творы Кругера прывезлі на выставу ў мастацкую галерэю імя Юдаля Пэна ў Віцебск. Віцебская выстава, якая адкрылася за 10 дзён да пачатку вайны, уратавала творы Кругера ад знішчэння, бо яго майстэрня ў Мінску была спалена нямецкай бомбай у чэрвені 1941 года, а карцінная галерэя — разрабавана.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: