«З Украінай у сэрцы» — сёння ў Беларускім Доме ў Варшаве распачынаецца выстава, прысвечаная беларусам, загінулым на вайне ва Украіне.
«Экспазіцыя прысвечаная беларусам, якія аддалі сваё жыццё ў барацьбе з расейскай імперыяй, і тым, якія працягваюць гэтую барацьбу», — адзначаецца ў анатацыі да праекта.
На выставе будуць прадстаўлены партрэты беларускіх герояў, гісторыі іх жыцця і подзвігу, а таксама іншыя экспанаты – бронекамізэлькі і сцягі з унікальнай гісторыяй з выязной экспазіцыі музея, які неўзабаве з’явіцца ў Бучы. Асабістыя рэчы загінулых беларускіх герояў былі перададзены ў музей іх блізкімі і сваякамі.
У цырымоніі адкрыцця выставы бяруць удзел: прадстаўнік адміністрацыі горада Буча, дарадца ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека, кіраўнік украінскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Народны дэпутат «Слуга народа», жонкі, маці загінулых і прадстаўнікі рэлігійных канфесій, якія правядуць малебен за выратаванне душ загінулых герояў.
Арганізатары «З Украінай у сэрцы»: Дабрачынны фонд «Вольная Беларусь», Музей у Бучы «Вольная Беларусь з Украінай у сэрцы» пры падтрымцы Беларускага Дома ў Варшаве, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і грамадскай ініцыятывы «Еўрамайдан-Варшава».
Раней праект ужо дэманстраваўся ва Украіне — у Львове і Запарожжы, толькі нядаўна ў Вільні.
Гадзіны, у якія можна наведаць выставу: ПН-ЧТ 13:00-18:00, ПТ 13:00-20:00, СБ 12:00-14:00.