У Нацыянальнай бібліятэцы ў зале беларускай літаратуры з 2 лютага па 10 сакавіка працуе юбілейная кніжная выстава «Нястрачаная спадчына» да 90-годдзя з дня нараджэння Арсеня Ліса.
Выстава складаецца як з кніг, напісаных даследчыкам, там і з публікацый, яму прысвечаных.
Арсень Ліс (1934–2018) — доктар філалагічных навук, беларускі фалькларыст і літаратуразнавец — даследаваў літаратуру, гісторыю, краязнаўства і перыядычны друк Заходняй Беларусі, жыццё і дзейнасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.
Быў найлепшым спецыялістам па гісторыі і культуры Заходняй Беларусі. Яго адметны ўнёсак у беларускую культуру заключаецца ў тым, што ён адкрыў чытачу забытыя імёны нацыянальнай гісторыі.
Пачалася гэта даследчая гісторыя з таго, што ў далёкім 1955 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва» з’явіўся артыкул Арсеня Ліса пра заходнебеларускага мастака Паўла Южыка, выпускніка Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі.
Каб праводзіць свае навуковыя росшукі, Арсень Ліс камунікаваў з заходнебеларускімі інтэлігентамі, ацалелымі пасля даваенных рэпрэсій, часта ездзіў у Вільню, каб наведваць багатыя віленскія архівы і кнігасховішчы і сустракацца з дзеячамі беларускага руху, ад якіх упершыню пачуў імя Браніслава Тарашкевіча. Спачатку Ліс напісаў пра яго артыкул, а пасля і кнігу, якая нейкім цудам выйшла ў 1966 годзе.
У 1968 годзе з’явілася новая кніга даследчыка: «Мікола Шчакаціхін: Хараство непазнанай зямлі». У ёй аўтар вяртаў у шырокі ўжытак імя рэпрэсаванага мастацтвазнаўцы. А ў 1970-м выйшла кніжка пра мастака Пётру Сергіевіча, прычым яшчэ пры жыцці творцы.
Яшчэ адно забытае імя, адкрытае даследчыкам для шырокага чытача, — Язэп Драздовіч. Арсень Ліс даведаўся пра яго з вандровак па гістарычнай Дзісеншчыне, ён пазнаёміўся з графічнай спадчынай мастака на яго радзіме, а потым — у Вільні. Ліс надрукаваў некалькі артыкулаў, а ў 1984 годзе — кнігу пад назвай «Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча» з прадмовай Максіма Танка.
Плён сваіх пошукаў Арсень Ліс пазней уклаў у кнігу з сімвалічнай назвай «Gloria victis!» — «Слава пераможаным!», якая выйшла ў 2010 годзе ў серыі «Кнігарня «Наша Ніва”. На 750 старонках змясціліся амаль усе творы Арсеня Ліса — нарысы пра Язэпа Драздовіча, Пётру Сергіевіча, Васіля Сідаровіча, Паўла Южыка, Міколу Шчакаціхіна, Рыгора Шырму, братоў Гарэцкіх, Антона Грыневіча, пра Тамаша Грыба, Леапольда Родзевіча, Аляксандра Уласава, Аркадзя Смоліча і іншых дзеячаў беларускага руху.
Арсень Ліс як даследчык і збіральнік народных песняў унёс значны ўклад у фарміраванне калекцыі фальклорных запісаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, у якім доўгі час працаваў і абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў, эстэтычны аспект». Ён адзін з укладальнікаў і аўтар каментароў да кніг унікальнай акадэмічнай серыі «Беларуская народная творчасць».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: