Выстава беларускай мастачкі Марыі Алены Банэт пройдзе ў польскім горадзе Быдгашч

19 лістапада ў Быдгашчы ў Млынах Ратэра адбудзецца вернісаж выставы Марыі Алены Банэт пад назвай «Мая рака».

У фатаграфічным праекце «Мая рака», які ўключае тры серыі – «Выток», «Рэчышча» і «Вусце», аўтарка ўвасобіла шлях жыцця і гісторыю сваёй сям’і праз вобраз Нёмана.

Праект аб’ядноўвае тэмы, якія тычацца памяці продкаў і гісторыі нацыі, агульных і асабістых ран, а таксама спосабаў іх гаення.

Мастачка выкарыстоўвае альтэрнатыўныя метады фатаграфіі, напрыклад, цыянатыпію. Сіні колер выяў гармануе з адлюстраваннем неба ў вадзе і ператварае выставу ў раку калектыўнай памяці.

На выставе можна будзе ўбачыць два кароткаметражныя фільмы.

Першы з іх называецца «Мая рака». Здымаючы яго, Марыя рухалася ўздоўж Нёмана, ад вытоку да вусця ракі ў Балтыйскае мора. У гэтым фільме выкарыстоўвалася музыка, напісаная і выкананая італьянскім кампазітарам і піяністам Раберта Гаваццы.

Яшчэ адзін фільм атрымаў назву «Радаўніца», у гонар дня памінання памерлых. Гэты праект ствараўся на працягу двух гадоў, у ім мастачка спазнае спачатку сябе, сваю сям’ю і продкаў, а пасля сваіх нашчадкаў, нібы злучаючы іх адной крывёю – чыстай вадой ракі Нёман.

Марыя Алена Банэт — выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і стыпендыят праграмы Gaude Polonia.

Вернісаж адбудзецца 10 лістапада ў 18.30 у культурным цэнтры «Млыны Ратэра» (Mennica, 10) на трэцім паверсе.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.