Выдавецтва «Логвінаў» публікуе трэцяе выданне культавага рамана Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і ягоныя цені»

«Першая беларуская кніга не для ўсіх», культавы дэбютны раман Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» выходзіць у новай версіі ў выдавецтве «Логвінаў». У трэцяе выданне твора, які ў свой час назвалі «вехай у айчыннай інтэлектуальнай прозе», дададзеныя дзве новыя гісторыі («Восень у Гародні» і «Дзюры»), а таксама «Пасляслямова выдаўца», якое пры ўважлівым разглядзе аказваецца нататкамі невядомага чытача, знойдзенымі аўтарам у Архіве Клакоцкага ў 2023 годзе.

«Кніга фантасмагарычная, вясёлая і крыху страшная для самога аўтара. Там ёсьць усё, што з намі адбываецца апошнія 30 год, і крыху болей», — так гучыць анатацыя ад творцы — беларускага паэта, празаіка, філосафа Ігара Бабкова. Дзве дадатковыя гісторыі, якія з’яўляюцца ў новай версіі, адзначае ён, задумваліся і планаваліся адпачатку, але былі адкладзеныя.

«Перад намі класічны раман посткласічнай беларускай літаратуры, у якім тутэйшая рэчаіснасць разглядаецца праз магічны крышталь сноў і мрояў», — дадаецца на сайце выдавецтва жанравая пазнака твора.

Але пазначым яшчэ адзін ключ для ўваходу ў гэту літаратуру:

«У гэтую кнігу можна ўвайсці праз чатыры розныя дзверы. Выйсця з яе няма аніякага. Вы ўваходзіце ў раман, калі ўпэўненыя, што ўсё ў свеце мусіць мець свой сэнс і сваё месца. Вы ўваходзіце ў кнігу гісторыяў, калі перакананыя, што ня варта склейваць ў адно чарапкі ад розных вазонаў. Вы ўваходзіце ў філасафічны трактат, калі вы ні ў чым не перакананыя і не ўпэўненыя. Вы ўваходзіце ў практычны дапаможнік па кітайскай народнай гульні ў інь і ян, калі адчуваеце, што няма каму быць у чымсьці перакананым альбо ўпэўненым», — такім гайдам можна скарыстацца, каб (не) згубіцца ў лабірынтах гэта постмадэрнісцкага рамана.

Ужо сёння адкрыта перадзамова на выданне. Пачатак продажу — 20 студзеня 2025 года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!