Беларускія і нікарагуанскія артысты прымуць удзел у сумесным гала-канцэрце, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 45-годдзю Рэвалюцыі ў Нікарагуа. Падзея адбудзецца 18 ліпеня ў Нацыянальным тэатры Рубена Дарыа ў межах гастроляў Вялікага тэатра Беларусі ў краіне, падзялілася беларуская культурная ўстанова.
З нікарагуанскага боку ў канцэрце прыме ўдзел сімфанічны аркестр, хор і оперныя выканаўцы, з беларускай — дырыжор, народны артыст Башкартастана Арцём Макараў, вядучыя салісты оперы і балета Вялікага тэатра Беларусі: Анастасія Масквіна, Уладзімір Громаў, Людміла Хітрова, Андрэй Валенцій, Дар’я Гаражанка ды іншыя. Творчую групу ўзначаліць генеральны дырэктар тэатра, прафесарка Кацярына Дулава.
Паведамляецца, што ў межах мерапрыемства выступіць і сын прэзідэнта Рэспублікі Нікарагуа Даніэля Артэгі Лаўрэана Артэга — оперны выканаўца, выпускнік інстытута Луіджы Бакерыні і кансерваторыі Джузэпе Вердзі ў Мілане.
«Упершыню за 30-гадовую гісторыю дыпламатычных стасункаў Беларусі і Нікарагуа здзейснены грандыёзны крок на шляху сапраўднага збліжэння беларускай і нікарагуанскай культур», — падкрэслівае тэатр.
Гастролі адбудуцца з 11 па 21 ліпеня пры падтрымцы «Банка развития Республики Беларусь».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram