Вядомы фотапраект «Пагоркі і грудкі», які спрабуе раскрыць філасофію беларускага пейзажу, едзе ў Вільню

Hills & Lumps («Пагоркі і грудкі») — калектыўны праект маладых аўтараў, які мае на мэце зафіксаваць адметнасць і прыгажосць беларускіх пейзажаў, у хуткім часе «прызямліцца» ў Вільні. 27 чэрвеня ў CreateCulture Space адбудзецца адкрыццё выставы, якую раней мелі магчымасць бачыць гледачы Мінска і Віцебска. Зараз жа працы беларускіх аўтараў Паліны Івановай, Яўгеніі Барысевіч, Вікі Якімчык, Максіма Шуміліна, Лены Ле, Антона Талашкі ды Эміліі Кярвяк — будуць даступныя віленскай публіцы.

Гэта серыя фотаработ была створаная падчас летняга плэнера на Арт Хутары «Васіліна». Аўтары фотапраекта не толькі намагаліся раскрыць філасофію беларускага ландшафту, але выкарыстоўвалі падручныя экасродкі для стварэння фотаадбіткаў.

Фота: прадастаўлена mip1959.

«Падручнымі інструментамі для перасоўнай фоталабараторыі сталі прадметы старой вясковай хаты, вада з калодзежа і летняе сонца. Аўтары рабілі эксперыменты з афарбоўкай выяваў раслінамі, выбіраючы варыянт, які пасуе, літаральна на месцы», — адзначаецца ў анатацыі да праекта.

Большасць фатаграфій серыі зроблена ў тэхніцы цыянатыпіі.

Фота: прадастаўлена mip1959.

«І для танавання выявы ў колер охры быў выбраны святаяннік, сабраны на ўзгорках у працэсе сумесных эксперыментаў, — раскрывае дэталі каманда. — Крыніцай вобразаў для серыі паслужылі архіўныя фатаграфіі, аўтарскія здымкі ўдзельніц і ўдзельнікаў, і час, які пачаў знішчаць эмульсію і твары ў старых рамах, тым самым малюючы галоўную візуальную метафару праекту – крохкасць і разам з тым пастаяннае абнаўленне жыцця сярод непераўзыдзенага прыроднага ландшафту».

Фота: прадастаўлена mip1959.
Фота: прадастаўлена mip1959.

Адкрыццё выставы адбудзецце 27 чэрвеня а 19.00 у CreateCulture Space. Але папярэдне патрабуецца рэгістрацыя.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.