Пачынаючы з сезона 2024 года, беларус Віталь Алексяёнак стане галоўным дырыжорам Нямецкай оперы на Рэйне. 32-гадовы музыкант зменіць на гэтай пасадзе генеральнага музычнага дырэктара Акселя Кобера, паведамляецца на сайце Deutsche Oper am Rhein.
Віталь Алексяёнак працуе на пасадзе дырыжора Нямецкай оперы на Рэйне з лістапада 2022 года. За гэты час у даробку беларускага музыканта кіраванне аркестрамі на такіх пастаноўках як: «Вясна свяшчэнная» Ігара Стравінскага, «Шчаўкунок» Пятра Чайкоўскага, «Чароўная флейта» Моцарта, «Гензель і Грэтэль», «Тоска», «Турандот». Deutsche Oper am Rhein працуе з аркестрамі двух гарадоў — Дзюсельдорфскім сімфанічным аркестрам і аркестрам Дуйсбургскай філармоніі. І як падзяліўся Віталь Алексяёнак на сваёй старонцы, менавіта ацэнка яго працы гэтых калектываў паўплывала на рашэнне тэатра прызначыць яго спачатку намеснікам музычнага дырэктара, а потым, з 2024 года — галоўным дырыжорам інстытуцыі.
«Для мяне вялікі гонар, што жаданне запрасіць мяне на пасаду музычнага кіраўніка гэтага ўнікальнага тэатра зыходзіла з розных бакоў, не ў апошнюю чаргу ад абодвух фантастычных А-аркестраў, з якімі мы маем даўнія адносіны — Дзюсельдорфскага сімфанічнага аркестра і аркестра Дуйсбургскай філармоніі, — напісаў музыкант у сацсетках. — Я таксама вельмі рады больш шчыльнаму супрацоўніцтву з найбуйнейшым у Заходняй Еўропе ансамблем спевакоў (больш за 50 абсалютна розных характараў і галасоў), з вялікім выдатным хорам і ўсёй мастацкай, адміністрацыйна-тэхнічнай групай тэатра».
«У надыходзячым сезоне Віталь Аляксяёнак возьме на сябе музычнае кіраўніцтва спектакля «Septembersonate» Манфрэда Траяна, новай опернай пастаноўкі «Яўген Анегін» Пятра Чайкоўскага і новага балета «Сурагатныя гарады», прэм’ерай Дэміса Вольпі на кампазіцыю Хайнера Гебельса«, — адзначае каманда тэатра.
Кантракт з адной з найвядомейшых тэатральных інстытуцый Германіі з беларускім дырыжорам заключаны на тры сезоны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram