Беларускі тэатр «Лялька» размешчаны ў будынку канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў гістарычным цэнтры Віцебска. Тэатр быў створаны ў 1985 годзе як трупа лялечнікаў пры драматычным тэатры імя Якуба Коласа.
Першы спектакль — «Дзед і Жораў» паводле п’есы Віталя Вольскага — у тэатры адбыўся 20 красавіка 1986 года. Менавіта гэты дзень стаў днём нараджэння тэатра «Лялька».
Свой дзень нараджэння тэатр адзначае ў другой палове красавіка. За апошні 37-мы сезон тут адбыліся тры прэм’еры, дзве з якіх пакажуць падчас святкавання — «Кацёл з каменьчыкамі» і «Каля-Маля».
27 красавіка ў 18.00 пакажуць пастаноўку паводле Уладзіміра Караткевіча «Кацёл з каменьчыкамі». Перад спектаклем пройдзе святочная праграма «Спадарыня Мова», майстар-клас па вырабе лялек, віктарыны, танцы і музычная праграма.
Увечары 29 красавіка адбудзецца “Святочны тэатральны капуснік” з выступамі артыстаў тэатра. Для дарослых будзе арганізавана танцавальная пляцоўка «Музыка 80-х гадоў».
У надзелю, 30 красавіка, у 11.00 завершыць свята «Лялькі» паказ добрай казкі-фантазіі ў адно дзеянне «Каля-Маля». Таксама адбудуцца флэшмоб, майстар-клас па вырабе віншавальных паштовак, гульня «Святочны торт», будуць арганізаваны фотазоны, гістарычныя станцыі па рэпертуарах спектакляў.
Квіткі коштам ад 10 да 12 рублёў можна набыць у касе тэатра альбо па спасылцы.
Месца: тэатр «Лялька», вул. Пушкіна, 2, Віцебск.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram