«Вартасьць кожнага беларускага слова павялічваецца шматкроць»: Рада БНР апублікавала заяву да Міжнароднага дня роднай мовы

Культура
Помнік літары «Ў» у Полацку. Фота: zviazda.

Рада БНР апублікавала заяву да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца сёння, 21 лютага.

Заява пачынаецца са згадкі пра смерць у турме яшчэ аднаго палітвязня — Ігара Ледніка, а завяршаецца заклікам змагацца за захаванне беларускай мовы, якая сёння пастаўлена ў такія неспрыяльныя ўмовы, якіх яна не зведвала апошняе стагоддзе.

Прыводзім заяву цалкам.

Заява Рады БНР да Дня роднай мовы

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Сёньня мы сустракаем яго ў жалобе з прычыны гібелі ў лукашэнкаўскай турме палітвязьня Ігара Ледніка, які, нягледзячы на інваліднасьць і цяжкія хваробы, быў кінуты за краты за выступы супраць антыбеларускага, антынацыянальнага рэжыму. Ён папоўніў мартыралёг нашых герояў.

Беларуская мова сёньня знаходзіцца ў стане, у якім яна не была апошняе стагодзьдзе.

Працягваючы ўзяты пасьля антыканстытуцыйнага гэтак званага рэфэрэндуму 1995 г. курс на прымусовую русыфікацыю, рэжым Лукашэнкі ліквідуе беларускае школьніцтва.

Практычна зьнішчаныя ўсе грамадзянскія ініцыятывы, уключна з Таварыствам беларускай мовы імя Скарыны.

За беларускае слова, вымаўленае ў прысутнасьці лукашэнкаўскіх сілавікоў, людзі могуць быць падвергнутыя рэпрэсіям. Робіцца ўсё, каб беларусы забыліся на родную мову, на сапраўдную сваю гісторыю. Замацаваньне ў новых пакаленьнях каляніяльнай, залежнай ад Масквы мэнтальнасьці мае на мэце і ўвядзеньне адзіных з Расеяй падручнікаў па гісторыі.

У такіх умовах вартасьць кожнага вымаўленага беларускага слова, кожнай беларускай кнігі, кожнага беларускага сьпеву, спэктаклю, кінастужкі – павялічваецца шматкроць.

Сёлетні Дзень роднай мовы супадае са 100-годзьдзем з дня народзінаў вялікага беларускага пісьменьніка, аднаго з лідэраў нацыянальна Адраджэньня Васіля Быкава.

Памятайма ж апошнія ягоныя словы, сказаныя ў абарону зьнішчанага ўладамі беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа — «Трэба змагацца за родную мову!».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: