Вандроўкі звонку і ўнутры ды пераклады з «невыноснага на чалавечае». Новыя кнігі траўня: літагляд

І ўсё ж травень — як высветлілася — час дзяцей і паэтаў. У параўнанні з папярэднім месяцам чытачу ёсць што выбраць. Цудоўна, што навінкі з Беларусі радуюць не менш, чым замежныя бестселеры.

Мастацкая літаратура

Сяргей Прылуцкі. «Гіброіды»

Сяргей Прылуцкі жыве ў Бучы пад Кіевам. У 2022 годзе ён здолеў выехаць з Бучы прыкладна пасля двух тыдняў акупацыі, вярнуўся ў траўні 2022 года. Нядаўна выйшла кніга яго вершаў «Нічога нястрашнага» — пра вайну і яе прадчуванне.

У новым вершаваным зборніку сабралі вершы, напісаныя да поўнамаштабнага ўварвання, тут «ёсьць прадчуваньне катастрофы, прыпраўленае сюррэалістычным абсурдам і чорным гумарам, такі сабе вясёлы апакаліпсіс мутантаў-гіброідаў часоў гібрыднай вайны», — піша пра кнігу Андрэй Хадановіч.

«Сяргей Прылуцкі – панк-літаратар, віртуозны стыліст і хуліганісты выхаванец «обшчэства балотнага гламуру». Пранізлівы лірык і адчайны перакладчык з невыноснага на чалавечае», — піша пра аўтара bellit.info.

Выдавецтва «Мяне няма».

Набыць тут.

тоні лашдэн «Чорны лес»

«Чорны лес» тоні лашдэн — гэта не фантастыка і не антыўтопія, а рэалістычнае па сваёй сутнасці адлюстраванне свету, у якім выявілі сябе беларусы і беларускі пасля 2020 года. «Жах перад чалавекам у форме, перажыванне траўмы, страта Радзімы, стойкасць і супраціў размешчаны ў класічных беларускіх топасах балоты, межы, вёскі, палі, якія знаходзяць здольнасць дзейнічаць насуперак тым, хто заявіў над імі сваю ўладу, — піша аўтарка пра сваю кнігу. — Беларусь пасля лета 2020 ператварылася ў Чорны-прачорны лес, населены жудасцю. Я сыходзіў усё глыбей і глыбей у гушчар гэтага лесу, і толькі ў самым асяродку цемры я зразумеў, што я таксама частка гэтай дрыгвы. Я разумею яе — і магу напісаць пра яе. Так атрымалася гэтая кніга».

Кніга напісана на рускай і беларускай мовах.

Выдавецтва «Мяне няма».

Набыць можна тут.

Вінцэсь Мудроў. «Yesterday»

У новы зборнік апавяданняў полацкага пісьменніка Вінцэся Мудрова ўвайшлі стракатыя — па форме і змесце — апавяданні, у якіх аўтар кідае рэтраспектыўны позірк у мінулае і спрабуе зазірнуць у будучыню.

Выдавецтва: Цымбераў Р. М.

Набыць можна тут.

Ігар Кулікоў «БЯС КРАЙ»

У зборнік вершаў паэта і перакладчыка Ігара Кулікова ўвайшлі вершы, напісаныя са жніўня 2020 па сакавік 2024 года, а таксама жменя ранейшых, але звязаных з рэштаю калі не падзейна, то змястоўна. Гэта ўжо восьмая кніга ўласнай паэзіі ў даробку Ігара Кулікова.

Мастачка Дар’я Кулікова выканала ілюстрацыю, якая традыцыйна аздабляе першую старонку гэтай адмысловай серыі.

Выдавецтва: «Hochroth Minsk».

Замовы на новую кнігу і іншыя кнігі выдавецтва можна дасылаць на адрас: minsk@hochroth.de

Віктар Жыбуль. «Аранжавы»

У паэта Віктара Жыбуля пасля вялікага перапынку выйшла новая кніга — «Аранжавы». Папярэдняя выходзіла восем гадоў таму. Ілюстрацыю намаляваў  Кастусь Жыбуль.

Выдавецтва: «Hochroth Minsk».

Замовы на новую кнігу і іншыя кнігі выдавецтва можна дасылаць на адрас: minsk@hochroth.de

Барыс Пятровіч. «Ад жыцця прачнуцца…» Фрэскі

«Фрэскі» Барыса Пятровіча — гэта своеасаблівы жанр, калі творы пішуцца не адрываючы рукі і потым не правяцца, як і фрэскі мастацкія, якія ствараюцца ў храме на тынкоўцы – пакуль яна не засохла…

Першы раз Барыс Пятровіч выдаў кнігу сваіх фрэскаў у 1998 годзе. У новую кнігу «Ад жыцця прачнуцца…», якая мае больш за 300 старонак, увайшлі фрэскі розных гадоў.

Выдавецтва: Фонд Kamunikat.org.

Набыць можна тут.

Максім Знак «Зэкамерон. Вершы. Гутаркі»

Першы наклад кнігі разышоўся хутка, таму выдаўцы вырашылі яе перавыдаць. Акрамя ўласна «Зэкамерону» (шэрагу дакументальных апавяданняў) у кнігу ўвайшлі гутаркі і вершы аўтара, якія друкуюцца ўпершыню.

Выдавецтва «Полацкія лабірынты».

Набыць можна тут.

Пераклады

Стывен Кінг «Ззянне»

Раман «Ззянне» Стывена Кінга выйшаў у 1977 годзе і праз тры гады быў бліскуча экранізаваны Стэнлі Кубрыкам.

Новая праца Джэка Торэнса ў гатэлі «Аверлук» — ідэальная магчымасць пачаць усё з пачатку. У міжсезонне ён разам з жонкай Уэндзі і сынам Дэні перабіраецца ў стары гатэль, каб працаваць зімовым наглядчыкам. Там у Джэка з’явіцца шмат часу, каб уз’яднацца з сям’ёй і папрацаваць над уласнымі літаратурнымі творамі. Але з надыходам суровага зімовага надвор’я ідылічнае месца здаецца ўсё больш аддаленым ад цывілізацыі… і ўсё больш злавесным. І адзіным, хто заўважае дзіўныя і жудасныя сілы, якія сабраліся вакол гатэля з доўгай і страшнай гісторыяй, становіцца Дэні Торэнс, адораны «ззяннем» пяцігадовы хлопчык.

Пераклад з англійскай мовы Насты Карнацкай.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць тут.

Джордж Сэмюэль Клэйсан. «Самы багаты чалавек у Вавілоне»

Сусветны бестселер пра грошы, які амаль сто гадоў займае верхнія радкі ў спісах найлепшых кніг пра кіраванне фінансамі, выйшаў па-беларуску. Аўтар раскрывае базавыя, пазачасавыя прынцыпы стварэння багацця і дае практычныя парады, якія будуць карысныя для кожнага — прынцыпы, якія не змяніліся з часоў Вавілона.

Выдавецтва «Папуры».

Можна знайсці ў мінскіх кнігарнях «Параграф 45» і «Кніжная шафа».

Нон-фікшн

«Чалавек». Трэцяя частка серыі «Традыцыйны светалад беларусаў».

У трэцяй кнізе пяцікніжжа «Традыцыйны светалад беларусаў», прысвечанай ключавым тэмам, вобразам і канцэптам традыцыйнага светапогляду беларусаў, гаворка ідзе пра тое, як традыцыйная культура бачыць чалавека, яго фізічны і духоўны свет, жыццёвы шлях, адносіны паміж жанчынай і мужчынам.

Выдавецтва «Беларуская навука».

Можна набыць у мінскіх кнігарнях.

Аляксандр Лукашук. «Там, дзе няма цемнаты»

Аляксандар Лукашук прабыў на пасадзе дырэктара Беларускай службы «Радыё Свабода» больш, чым які іншы дырэктар моўнай службы радыё за ўсю гісторыю яго існавання — без малага 25 гадоў. Пра тое, як рабілася «Свабода» і што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і ім самім, аўтар піша ў сваёй кнізе «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода. Нататкі дырэктара (1998–2023)».

«Я лічу, што ў Беларусі вельмі мала кніг пра гісторыю журналістыкі, няма ўспамінаў рэдактараў галоўных газет, радыёстанцый, — сказаў аўтар на прэзентацыі кнігі ў Варшаве. — Паглядзіце, якая ў нас гісторыя партал TUT.BY і Зісер, БелаПАН і Алесь Ліпай, газета “Свабода” і Ігар Гермянчук. Яны ўсе заслугоўваюць кнігі. Журналісты, галоўныя рэдактары, дырэктары мусяць пісаць. Трэба гэту прафесію асэнсоўваць і паказваць яе для іншых. У гэтым сэнсе, скончваючы працу на “Свабодзе”, я хацеў бы зафіксаваць свой досвед».

Назва кнігі «Там, дзе няма цемнаты» — гэта цытата з песні гурта ULIS.

Выдавецтва Vesna.

Набыць можна тут.

Літаратура для дзяцей і падлеткаў

Альгерд Бахарэвіч «Капітан Лятучая Рыба»

Прыгодніцкі раман на 375 старонак тэксту прызначаны для чытачоў усіх узростаў, пачынаючы ад 14 гадоў.

«Капітан Лятучая Рыба» — кніжка пра вялікае беларускае падарожжа, — тлумачыць аўтар. Пашпарты і гатэлі, цягнікі і самалёты, караблі і межы — вось дэкарацыі для гэтага рамана. Прыгоды гераіні пачынаюцца ў еўрапейскім партовым горадзе, а завяршаюцца ў… А паміж гэтымі пунктамі — «краіны, якія ёсьць і якіх няма. Краіны, якіх лепш не было б — і краіны, якія маглі б шчасьлівейшымі. Краіны, якія прысьніліся і краіны, якія мы не выбіраем».

«Нібы падлеткавы прыгодніцкі раман з двайным дном і падводнымі камянямі. З бліскучай завязкай, дынамічным сюжэтам, цалкам сабе рэалістычнай фантастыкай (хто з нас апошнім часам не сябраваў з валізкай і палітонам, а некаторыя — нават з файкай). І «загнаная ў падтэкст» амаль тэрапэўтычная праца з нашымі самымі балючымі траўмамі, бо калі ў цябе забіраюць радзіму, табе можа нечакана адкрыцца ўвесь сьвет», — піша пра кнігу Андрэй Хадановіч.

Ілюстрацыі зрабіў Лявон Вольскі.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць тут.

Саша Гук. «Соня, стой!»

Гэта графічная кніга пра дзяўчыну-падлетка, у жыцці якой утварыўся вір з таленту, хваробы, кахання і навакольных падзей.

«Дзеянне аповесці адбываецца ў абсалютна актуальны час — 2010-я ў Мінску аж да часоў пандэміі і заканчваецца пратэстамі 2020-га,піша крытык Ціхан Чарнякевіч. Строгая храналогія акурат разбіваецца скачкамі ў нядаўняе мінулае, што для падлетка-гераіні з’яўляецца самым што ні на ёсць натуральным дзяцінствам, але сюжэт рухаецца досыць страката менавіта за кошт сучасных метадаў.

Камунікацыя праз мэсэнджары, апісанні лайкаў, гіфак, эмоджы і самога чакання паведамлення часам ствараюць сюжэт досыць вялікай часткі тэксту. Перамяшаныя з «традыцыйным» аповедам, яны даюць эфект пастаяннай прысутнасці каля той самай Соні, якую, між іншым, рэдка хто называе па імені… У тэксце шмат болю — безумоўна, ён і мусіць быць, калі апавядальніца змагаецца з хваробай альбо з той хваляй навакольнага гвалту, які ахапіў яе ў жніўні 2020 года. Разам з тым ёсць і сумнаватая іронія, і гумар, і лёгкі сцёб, і смех праз слёзы, што, канечне, дадае даверу, калі чытаеш кніжку ад пачатку да канца».

Выдавецтва Gutenberg Publisher.

Набыць можна тут.

Серыя «Легенды і паданні зямлі беларускай»

Супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі разам з выдавецтвам «Беларусь» падрыхтавалі тры першыя кнігі з серыі «Легенды і паданні зямлі беларускай».

Гэта займальныя і ў той жа час павучальныя аповеды адаптаваны для шырокага кола чытачоў, багата ілюстраваныя, і – што вельмі важна – гэтаксама дзецьмі, навучэнцамі гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Маленькі чытач (кнігі для сярэдняга і старшага школьнага ўзростаў) атрымае магчымасць пазнаёміцца з паданнямі пра ўзнікненне назваў шэрагу гарадоў і вёсак Беларусі, а таксама з этыялагічнымі легендамі пра ўзнікненне жывёл і птушак.

Выдавецтва «Беларусь».

Беларускія прыказкі і прымаўкі «Лёгка сказаць»

У ілюстраванай кнізе, укладзенай Палінай Грынчанкай, сабраныя беларускія народныя прыказкі і прымаўкі на тэмы прыроды, сям’і, працы, навучання, сяброўства ды інш. Зборнік будзе цікавы дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, бацькам, выхавальнікам ды настаўнікам.

Кніга будзе карыснай для дзетак, якія вучацца чытаць. Выдаўцы старанна падбіралі зручны шрыфт і памер літар, а кароткія сказы і яскравыя малюнкі не дадуць ім стаміцца і засумаваць. А таксама для выхавацеляў дзіцячых садкоў і настаўнікаў малодшых класаў. Выдаўцы размеркавалі прыказкі па тэмах, каб кнігай было зручна карыстацца ў навучанні.

Выдавецтва «Тэхналогія».

Набыць можна тут.

Эльга Папова. «Мора ў горадзе»

Цэлае мора, з усімі сваімі рыбамі, медузамі і акуламі залезла ў звычайнае вядро і паехала ў адпачынак. Уявіце сабе, што яно пасялілася ў ванне ў адной з кватэр вялікага горада, а пакінутыя морам піраты выправіліся на яго пошукі.

Кніга адметная сваімі ілюстрацыямі, якія выканала сама аўтарка тэксту.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць можна  тут.

Наталля Бучынская. Казачныя гісторыі «Смоўжыкі, Гурман і насатая каманда»

У кнігу дзіцячай пісьменніцы Наталлі Бучынскай увайшлі тры займальныя і пазнавальныя казачныя гісторыі, якія дазволяць далучыцца да незвычайных падзей у дзівосным свеце кузурак і смаўжоў: паслухаць канцэрт Смоўжыка і жамяры, раскрыць здарэнне з прапажай хаткі цётачкі Смаўжыхі, спрабаваць разам з Гурманам злавіць вёрткага Смаўжа. Таксама ў чытача будзе магчымасць даведацца і пра незвычайных смаўжоў, якія жывуць у свеце. А самы настойлівы зможа палічыць смоўжыкаў, што падарожнічаюць па старонках і дзеляцца сваімі сакрэцікамі.

Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне».

Набыць можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.