Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык запрашае беларусаў прыняць удзел у агульнай дыктоўцы да Дня роднай мовы, які святкуецца 21 лютага.
Сёлета Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета прапануе для дыктоўкі тэкст, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, якому належаць гэтыя простыя і мудрыя словы: «Я ‒ беларус, мая родная мова ‒ беларуская».
Прыняць удзел у дыктоўцы – ці нават арганізаваць яе – можа кожны. Дыктоўку можна правесці ў школе, ва ўніверсітэце, у любой публічнай прасторы, на працы ці з сябрамі.
Тэкст дыктоўкі дашлюць усім арганізатарам, якія звернуцца праз пошту revivalbelarus@gmail.com.
«Далучайцеся ўсёй Беларуссю, дзе б вы ні былі! Не сумняюся, словы нашага класіка, лідара Адраджэння пранікнуць у сэрцы ўдзельнікаў дыктоўкі і падтрымаюць нацыянальны гонар і любоў да роднай мовы», — заклікае Аліна Коўшык.
Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Сутнасць яго ў заахвочванні моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама ў спрыянні ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Дзень святкавання — 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram