«У першы дзень будзе рок-канцэрт, а ў другі дзень мы будзем граць электронную музыку ці хіп-хоп, каб гледачы мелі ўяўленне пра разнастайны фармат працы клуба. Па выходных у новым «Рэактары» будзем ладзіць вечарыны да раніцы — як у старыя добрыя часы», — анансавала працу адноўленага «Рэактара» новая ўладальніца памяшкання па вядомым адрасе — Веры Харужай, 29 — Святлана Рамонка. Напрыканцы ліпеня ў Мінску запрацуе новая версія слыннага клуба, які зведаў свае лепшыя часы ва ўжо далёкія «нулявыя».
Як высветліў Onliner.by, Святлана Рамонка ў нядаўнім мінулым працавала арганізатаркай рок-канцэртаў у менскіх клубах. Сярод гуртоў, якім яна дапамагала з менеджментам — «Пілот» і «Кукрыніксы». Таксама Святлана ў пачатку 2010-х арганізоўвала прэмію «У кедах», якая праходзіла ў не менш значным клубе «Цэнтр».
Святлана Рамонка падзялілася з медыя, як прыйшла ідэя аднаўлення культавай установы:
— Мы з напарнікам выпадкова даведаліся, што клуб Rich Cat, які доўгі час размяшчаўся на месцы былога «Рэактара», зачыніўся і памяшканне зноў здаецца ў арэнду. Легенду вырашылі аднавіць. У свой час «Рэактар» быў самым знакавым клубам у горадзе, і мы гэта памятаем. Я патэлефанавала стваральніку арыгінальнага «Рэактара», і ён афіцыйна ўхваліў ідэю і дазволіў мне выкарыстоўваць назву. Ён быў вельмі рады, што яго дзіця атрымае новае жыццё.
Святлана Рамонка хоча аб’яднаць пад дахам адноўленага «Рэактара» ўсе субкультуры — ад рока да рэйва.
— Мы плануем дапамагаць мясцовым беларускім музыкам, даўшы ім магчымасць выступаць на вялікай сцэне. Акрамя жывых канцэртаў, на пляцоўцы таксама будуць ладзіцца вечарыны з дыджэямі. Мы ўжо атрымліваем прапановы ад арганізатараў. Наша платформа бясплатная і гатовая да супрацоўніцтва! — з аптымізмам рэкламуе сваю пляцоўку культурніцкая менеджарка.
Пакуль у клубе ідзе рамонт, але адкрыццё заплавана на канец ліпеня.
Ужо вядома, што арт-дырэктарам установы стане містэр Болт, які раней быў арт-дырэктарам Beer&Wine.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram