Акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук ЗША пацвердзіла, што, нягледзячы на пажары ў Лос-Анджэлесе, цяперашняя цырымонія ўручэння ўзнагарод прэміі «Оскар» адбудзецца паводле графіка ў ноч з 2 на 3 сакавіка.
Выканаўчы дырэктар Акадэміі Біл Крамер у лісце да членаў арганізацыі паведаміў, што цырымонія адзначыць працу, якая аб’ядноўвае сусветную кінасупольнасць, і ўшануе тых, хто змагаецца са стыхіяй.
Пра гэта піша выданне The Guardian.
«Мы будзем шанаваць Лос-Анджэлес як горад мары, дэманструючы яго прыгажосць і стойкасць, а таксама яго ролю маяка для кінематаграфістаў і творчых візіянераў на працягу больш за стагоддзе. Мы разгледзім апошнія падзеі, падкрэсліўшы сілу, крэатыўнасць і аптымізм, якія вызначаюць Лос-Анджэлес і нашу галіну», — гаворыцца ў паведамленні.
Акадэмія таксама абвясціла, што адмовіцца ад жывых выступаў падчас трансляцыі на карысць ушанавання аўтараў песень. Як правіла, шоу, якое доўжыцца больш за тры гадзіны, уключае ў сябе жывое выкананне кожнай намінаванай песні, нават калі выканаўцы не заўсёды з’яўляюцца аўтарамі песень, пералічанымі ў намінацыі. Больш увагі будзе нададзена гісторыям стваральнікаў, якія раскажуць, што натхніла іх на стварэнне музыкі. Менавіта так кінаакадэмія хоча раскрыць гісторыі і крыніцы натхнення, якія стаяць за намінантамі гэтага года.
Наминацыі на Оскар-2025 можна паглядзець тут.
Вядомы амерыканскі пісьменнік Стывен Кінг заклікаў адмяніць 97-ю цырымонію ўручэння кінапрэміі «Оскар», пакуль Лос-Анджэлес у агні. Гэтая ідэя выклікала спрэчкі сярод яго прыхільнікаў, аднак пісьменнік застаўся непахісным у сваёй пазіцыі.
Пажары ў Лос-Анджэлесе былі выкліканыя рэкорднай засухай і моцным ветрам. У агні загінулі не менш за 28 чалавек, знішчана больш за 14 тысяч будынкаў. Больш за 300 тысяч чалавек былі вымушаныя эвакуявацца.
Пажары значна парушылі працу бізнесу ў Галівудзе і сезон узнагарод. Напрыклад, цырымонія ўручэння прэміі «Выбар крытыкаў» была перанесена з 12 студзеня на 7 лютага. Арганізатары «Грэмі» таксама разглядалі магчымасць пераносу шоу, але вырашылі правесці эфір 2 лютага.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.