«Тузін лепшых песень з перарэзаным горлам», — такі падзагаловак прапануюць даць свайму новаму міні-альбому электра-пост-панк гурт з Гомелю Sož.
Рэліз музыкаў з’явіўся ў сеціве 23 снежня.
Святкаваць асабліва няма чаго, але гэта не значыць, што мы спынімся, — такая выснова вымалёўваецца пасля праслухoўвання альбома, якім музыкі падвялі вынікі 2020-2022 гадоў. «Дэпішаўскі» індастрыял, «маккартаўская» вусціш і беларуская трасца — у гэтым постапакаліпсісу толькі застаецца што танцаваць на пустым танцполе ў вугальным пылу. Хэдлайнер міні-альбома — гэта, безумоўна, кампазіцыя Apošnija Tancory, якая дала назву плытцы — так і бачыш гэты танец «у пустой галактыцы» пад мелодыю ўнутры сябе. «Унутры сябе мы не згубілі мора. Які наш колер?» — гучыць рэфрэн песні, якая імгненна ўразаецца ў памяць.
У рэлізе адгукаецца шмат чаго, — вобраз адсутнасці і прысутнасці адначасова. «Бэзавы і чорны», «палёты над горадам без рамянёў бяспекі», «трэці рэгіён», «калі п****ш кабель, то цяні трохжыльны». Спустошанасць, злосць, боль, і адначасова супраціў, сцяўшы зубы.
Sož не весяліць, — ён трымае ўдар. Ён стаіць на мосце, пад якім цячэ рэальны Сож, і б’е жалезным прутом аб парэнчы, каб пачулі тыя, хто тут яшчэ ёсць.
Пра гурт раней не чулі, але радыя пазнаёміцца.
Як адзначаюць музыкі, да канца 2022 у сеціве з’явіцца кліп на песню Stotis (рэжысёр – Варфаламей Курага). У 2023 Sož плануе выступіць у Варшаве 25 сакавіка.
Склад гурта асабліва не распаўсюджваецца. «Іх імёны небагата скажуць вам, калі вы не з Гомеля, а калі з Гомеля, то лёгка пазнаеце іх на фота», — рэзюмуюць музыкі.
Слухаць альбом можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: