Учора, 21 красавіка, па адрасе Кальварыйская, 17, адбыўся планавы з’езд Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў. На пасаду старшыні Саюза фатографаў быў абраны архітэктар і фатограф Уладзіслаў Рута.
Як паведамляюць крыніцы Reform.by, Уладзіслаў Рута быў абраны старшынёй некамерцыйнага прафесійнага аб’яднання фатографаў большасцю галасоў.
Уладзіслаў Рута — архітэктар, рэстаўратар і фатограф. У 1990-х працаваў на кіруючых пасадах у прадпрыемствах сферы графічнага і аб’ёмнага дызайну. Мае досвед працы галоўным рэдактарам часопіса рэкламнага агенцтва, галоўным архітэктарам раёна. Працаваў начальнікам аддзела навукова-праектных працаў і рэстаўрацыйнай вытворчасці ў Міністэрстве культуры ў 2010-х.
Плённа займаецца фотаздымкамі і відэаздымкамі з 2000-х. Сярод настаўнікаў вылучае У. Суцягіна і У. Карбоўскага, з якімі пазнаёміўся ў рэстаўрацыйных майстэрнях. З’яўляецца сузаснавальнікам Аб’яднання «Фотамастацтва», якое пазней было перайменавана ў Беларускае грамадскае аб’яднанне фатографаў. Удзельнік выстаў і фотафорумаў у Мінску і Гомелі. Сфера цікавасці — панарамная фатаграфія, ландшафтная фатаграфія, travel-фатаграфія. Персанальная выстава «Гарызонт падзей» Уладзіслава Руты адбылася ў 2019 годзе ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.
Раней аб’яднанне фатографаў узначальваў фатограф і сузаснавальнік Фоташколы ФШ1 Андрэй Дубінін.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram