«У выдавецтве hochroth Minsk – навінка, кніга Касі Іофе «Шыба без шкла». Тыдзень таму ў Касі нарадзілася Моніка. Няхай кніга будзе падарункам Касі на нараджэнне дачкі і добрым сімвалам для новага жыцця!» — напісаў выдавец Дзмітрый Строцаў у сацсетках.
«Шыба без шкла» – тое, што засмучвае і здзіўляе, — паведамляе анатацыя. — Прымушае спыніць рух і думкі, дакрануцца да балючага вобраза, які спаткае на вокладцы ў выглядзе назвы і суправаджае падчас падарожжа па старонках. Для Касі Іофе, беларускай паэткі, перакладчыцы, псіхатэрапеўткі, кніга стала месцам аўтарэфлексіі і судакранання з чытачом.
Зварот да яго ажыццяўляецца па-за межамі, з якіх першая ― моўная. У кнізе змешчаны вершы на беларускай, рускай, польскай, некаторыя творы згадваюць пра ўкраінскую, ідыш.
Але «па-за межамі» не толькі праз мову і нават геаграфію. Справа ў адлегласці ментальнай, якая таксама пераадольваецца: стваралася кніга ва ўмовах рэлакацыі, з улікам досведу 2020 года, гранічна трагічнага, але не руйнуючага. Аб гэтым сведчаць і вобразная сістэма, дзе гіпернатуралістычныя метафары, нібы вывернутыя суставы, лякуюцца прыроднай стыхіяй, сумяшчаючы прыроднае і сацыяльнае, і фанетыка радкоў, пабудаваных на збіцці гукаў, паўторах, і аўтарскія неалагізмы з кавалкамі сэнсаў. А па-за ўсім гэтым ― постаць лірычнай гераіні, якая прынцыпова не адасаблівае сябе ад мастацкага сусвету з ягонай крохкай надзеяй, што можа існаваць толькі побач з «белым, чырвоным, белым болем, чаканнем, болем».
Выдавецтва hochroth Minsk заснаванае ў Берліне Дзмітрыем Строцавым. За кароткі час у ім выдадзены паэтычныя зборнікі Крысціны Бандурынай, Вольгі Злотнікавай, Артура Камароўскага, Ганны Комар, Насты Кудасавай і Ганны Севярынец. Цяпер выйшлі вершы і Касі Іофе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram