У Вільні ў прасторы Сreateculture.space пачала працаваць галерэя вядомай беларускай дызайн-студыі HutkaSmachnaa. Пра афіцыйную прэзентацыю галерэі, якая працуе па прынцыпе «аднаго акна» — то-бок вітрыны, паведаміў у сацсетках сузнавальнік мастацкага брэнду, стрыт-мастак, дызайнер Андрэй Бусел.
«4 мая в 19.00 приглашаю всех заглянуть [по адресу Karmelitu g., 5], буду рассказывать о беларусских художниках, с которыми мне посчастливилось поработать, — запрашае на імпрэзу творца. — И наверное, ещё будет одна лекция, тема есть — это реализация проектов не в то время и не в том месте. Но если вы хотите о чем-то расспросить — пишите, с удовольствием поделюсь опытом», — адкрыты да дыялогу Андрэй Бусел.
HutkaSmachnaa слынныя дасціпнымі і густоўнымі арт-аб’ектамі «ўтылітарнага кшталту» — гэта рэчы, якія ўтрымліваюць як беларускія, так і сусветныя сучасныя культурныя коды і вайб. Добра вядомыя ў народзе разнастайныя цягнікі-«светачы», домікі Асмолаўкі ад HutkaSmachnaa; майкі з надпісам «Starost», «Miensk»; прышпільныя піны-«пагоні» ў стылі Джэфа Кунса.
Як адзначае Андрэй Бусел, пры набыцці ў галерэі некаторых арт-аб’ектаў — у прыватнасці, слынных «цягнікоў», якія сёння разыходзяцца па ўсіх краінах, дзе жывуць беларусы, — пакупнікі тым самым здолеюць падтрымаць творчасць іншых беларускіх мастакоў. Заяўляюцца нават імянныя «цягнікі» ў падтрымку творчасці Doctor OY, Руфіны Базловай, Ramuk Janotau ды іншых творцаў. Падрабязней пра гэту акцыю салідарнасці Андрэй Бусел абяцаў распавесці неўзабаве.
Час і месца прэзентацыі: 4 мая, HutkaSmachnaa Window Gallery — прастора Сreateculture (Karmelitų g., 5), 19.00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram