У Вільні адбудзецца прэзентацыя англійскага перакладу кітаба з калекцыі Івана Луцкевіча

Сёння, 8 снежня, у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх адбудзецца прэзентацыя перакладу на англійскую мову кітаба XVIII стагоддзя, які паходзіць з калекцыі Івана Луцкевіча. Выданне суправаджаецца навуковым каментаром.

Пераклад быў зроблены ў рамках праграмы мерапрыемстваў па святкаванні Года гісторыі і культуры літоўскіх татараў, якія пакінулі яркі след у гісторыі Літвы.

Татары на тэрыторыю ВКЛ былі запрошаны на ваенную службу напрыканцы XIV стагоддзя па ініцыятыве князя Вітаўта. Іх нашчадкі і цяпер пражываюць у сучасных Літве, Беларусі і Польшчы.

Кітабы – гэта ў асноўным славянамоўныя тэксты, напісаныя арабскай вяззю. На рукапісы, напісаныя на арабскай, турэцкай, беларускай і польскай мовах, але арабскімі літарамі, спецыялісты звярнулі ўвагу яшчэ ў XIX стагоддзі, аднак грунтоўнае іх вывучэнне пачалося толькі ў ХХ.

Кітабы з’яўляюцца каштоўнай крыніцай для вывучэння гісторыі беларускай мовы. Прыкладна з XVI стагоддзя татары сталі гаварыць па-беларуску, але захавалі сваю веру і самабытную культуру. Ствараючы кітабы, татары імкнуліся перадаць беларускія словы з найбольшай дакладнасцю, і таму па гэтых тэкстах можна вывучаць спецыфічныя асаблівасці фанетыкі беларускай мовы XVI стагоддзя, таму што мова кітабаў адрозніваецца ад мовы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў і максімальна набліжаная да формы народнага маўлення.

Кітаб з музея Івана Луцкевіча (першая палова XVIII ст.) напісаны на трох, а часам і чатырох мовах, уяўляе сабой свайго роду мусульманскі катэхізіс, у якім змяшчаецца інфармацыя аб самых важных мусульманскіх святах, пасце у Рамадане, малітвах і г. д.

Выданне ўжо можна набыць у кнігарні Інстытута літоўскай мовы.

Мерапрыемства адбудзецца ў 17.00 у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (Žygimantu g. 1).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!