У Варшаве ўручылі ўзнагароды за заслугі перад Беларуссю

Сёння ў Варшаве прайшла цырымонія ўручэння медалёў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Цырымонія сабрала беларускіх і польскіх палітычных дзеячаў, прадстаўнікоў медыя і грамадскасці.

«Мы, беларусы і палякі, маем супольную гісторыю барацьбы за свабоду і незалежнасць. Доўгую гісторыю пакутніцтва і супольных перамог. Але наша галоўная перамога наперадзе. Гэтай перамогай будзе дзень, калі Беларусь і Польшча стануць суседзямі па Еўрапейскім звязе. Сёння мы ўручаем узнагароды людзям, якія зрабілі вельмі шмат, каб наблізіць гэты дзень», — прамовіла Святлана Ціханоўская.

За ўнёсак у развіццё беларускай мовы і культуры медалём Францыска Скарыны былі ўзнагароджаны:

Альжбэта Смулкова — вядомая мовазнаўца, славістка, першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі.

Уладзімір Някляеў — беларускі паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч.

За развіццё выдавецкай справы, беларускай мовы і яе культуры медалём «За гонар і годнасць» быў узнагароджаны:

Андрэй Янушкевіч — беларускі гісторык, выдавец, дырэктар выдавецтва «Янушкевіч».

Хачу перад усім падзякаваць беларускіх чытачоў. Дзякуючы ім існуюць беларускія кнігі, — сказаў Янушкевіч у сваёй прамове.

Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» былі ўзнагароджаны:

Ян Маліцкі — прафесар, дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.

За час маяго знаёмства з сотнямі беларусаў гэта першая афіцыйная дзяржаўная ўзнагарода, — прамовіў прафесар.

Роберт Тышкевіч — польскі палітык, былы дэпутат Сейму, выдавец, грамадскі дзеяч.

Хачу сардэчна падзякаваць беларусам Падляшша за тое, што навучылі мяне любіць Беларусь, бо каб любіць Беларусь, трэба сустрэць беларусаў, — адзначыў Тышкевіч.

Мацей Радзівіл — грамадскі дзеяч, фінансіст, мецэнат.

Я адчуваю сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, і Беларусь — спадкаемца гэтай традыцыі. Зразумела, як і іншыя краіны, — дадаў Радзівіл.

Мацей Радзівіл
Андрэй Янушкевіч
Ян Маліцкі

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!